Дзьмуў вецер. Спачатку бераг быў роўны і пусты, пасля натрапіла на рэшткі агароджы з калючым дротам, яшчэ далей — на паўразбураны ўмацаваны дот, яго ўжо заносіла пяском.
Рухнула камуністычная сістэма, і яе закінутыя матэрыяльны часткі выглядалі рэшткамі цывілізацыі, якая знікае.
Пачатак чэрвеня 1997 года, ня так і шмат часу мінула ад адхілення ад улады (у лістападзе 1989-га) і арышту (у 1990-м) Тодара Жыўкава, але цяпер ужо толькі заставалася ўяўляць, як выглядала і як было абаронена ягонае лецішча, месца адпачынку і моцы пры былых валадарах.
Мора.
Бухта.
Белага колеру дом.
Тэраса з аркамі.
Трава праз пліткі.
Леташняе лісце на прыступках.
Зачыненыя дзверы.
Моцныя сцены, мала вокнаў.
Лёгка ператварыць будынак у цалкам закрыты куб.
Абарончае збудаванне.
Шурпатая тынкоўка.
Неба яскрава сіняе, ультрамарын.
Вечназялёныя туі ля рэзідэнцыі.
Празрыстая вада перасыпае дробныя каляровыя каменьчыкі.
Села на камень ля бухты, апусціла ногі ў ваду.
Марская змяя праслізнула па пальцах, напалохала, прымусіла хутка прыбраць ногі з вады — пазбавіла супакою.
На адваротным шляху вырашыла пазагараць, расклала рушнік, лягла, слухала вецер і хвалі.
Але і тут не было супакою, падышоў чалавек і ўлёгся зусім побач. Балгарын, гаварыў па-расейску. Сказаў, што прыехаў з Сафіі адпачываць разам з сям’ёй, пасля неяк дзіўна ўтаропіўся і вымавіў:
— Так не трэба насіць?
— Што?
Ён паказаў на вуха — там было адразу дзве завушніцы — срэбнае кола і залаты матыль.
— Чаму?
— Не трэба так два металы розныя.
— А што здарыцца?
—Нешта кепска.
—А што? Усё, што заўгодна. А дзе ты жывеш?
— У гатэлі «Тишина». А Вы ў госці да мяне сабраліся?
У адказ пахітаў галавою, і не зразумела — «так» ці «не» азначала тое хітанне.
Увечары чытала кнігу і пачула ўнізе нейкія спрэчкі і валтузню.
Глянула з балкона — чалавек з Сафіі рваўся ў гатэль, ахова не пускала, ён нешта тумачыў, але марна.
Неўзабаве з жанчынамі з Мінску паехалі ў Стамбул. Палова групы. Гандлярка абуткам пакінула сына на суседак і ехала, каб закупіцца абуткам.
Ехалі з расейскімі турысткамі з Пецярбургу. У чатыры раніцы ўвайшлі ў перапоўнены аўтобус, сонныя расейскія турысткі варушыліся ў цемры і абураліся:
— Адкуль столькі людзей? А аўтобусе і так месцаў няма! І ўсе ў Турцыю едуць!
— І едзем мы туды на ПМЖ, а — рэзка адказала гандлярка абуткам.
У Стамбуле турысткі з Пецярбургу канчаткова прачнуліся і пачалі спачувальна распытваць:
— Ці праўда, што ў Беларусі на мітынгах людзей збіваюць?
Стамбул уразіў стракатасцю, гоманам, шматлюднасцю.
Усіх павезлі ў Цыстэрну Базіліку — старажытнае вадасховішча Канстанцінопаля, падземны палац з вадой, збудаваны грэкамі. У сутарэннях пад горадам захоўвалася вада на выпадак засухі ці вайны.
Па каменных прыступках група спусцілася з тлумнага гораду ў волкае і гулкае сутарэнне.
Вільгаць, нязвыклыя гукі, рэха.
Адчуванне вялікага гораду над галавой.
Іншасвет.
Ііншачас.
Кроплі зрываюцца са скляпенняў.
Кроплі разбіваюцца аб ваду, зліваюцца з паверхняй вады.
Кроплі — на галаву турыстам.
Драўляныя масткі — пад масткамі вада.
Калоны падсвечаныя пражэктарамі.
Скляпенні Цыстэрны Базілікі падтрымліваюцца 336-цю калонамі — 12 шэрагаў па 28 калон 8-метровай вышыні.
Пад масткамі прасвечваюцца пліткі падлогі, залітыя вадой, а ў вадзе рыбы з чырвонымі вачыма.
Медуза Гаргона — валадарка Цыстэрны. На дзвюх калонах перавернутыя выявы Медузы — галава ў адной павернутая на бок, у другой уніз.
Дакранулася да твару перавернутай галавы Медузы, загадала жаданне — «Каб усе былі жывыя».
Вярнуліся ў Прыморску. Даведаліся, што пяцігадовы сын гандляркі абуткам кожны дзень сам смажыў сабе рыбу на электрычнай плітцы.
Сонца грэла, вада ў моры пацяплела.
У гатэль «Тишина» заехалі біёлагі з розных краінаў — удзельнікі міжнароднага сімпозіўма. І ў «Тишине» зрабілася людна.
З Мінска прыехаў аўтобус з новымі турыстамі. Кіроўцы паплавалі ў пацяплелым моры і забралі групу дамоў.
Дарогай у аўтобусе гучала песня грыпу Фрыстайл: «В шумном зале ресторана, Средь веселья и обмана — пристань загулявшего поэта. Возле столика напротив ты сидишь вполоборота. Вся в луче ночного света».
Гандлярка абуткам хадзіла па праходзе з бутэлькай канька «Пліска» , налівала ўсім ахвотным і крычала «Кайф!». Хадзіла, пакуль не звалілася, сын пачаў яе церабіць і цягуць на заднія сядушкі — спаць.