Выбрать главу
паўзе падмарожаная Свіслач
мы часта задаемся пытаннем ¿куды падзяецца наш горад? я ўспомніў адказ як быў я малым боўтаў пруточкам у Свіслачы [гэта было па-за горадам — з бацькам рыбаліць пайшлі] я разбіваў павуцінне за кустам трэба падчапіць вось там падалей цягнуся — бульк
крычу ¡тата! і не чую толькі звініць увушшу і тут я прыкмеціў як па дне супраць плыні валакуцца старыя будынкі драўляныя хаты камяніцы і цэрквы                                                       касцёлы і плошчы сядзібы а між іх шпацыруюць па рухомых вулках дзіўныя людзі я падумаў вялікі эскалатар ляжыць на дне Свіслачы і ўсё гэта падымае ўверх па цячэнні
напэўна я не патануў тады бо ўчапіўся за травяную чупрынку берага бо тата схапіў мяне за руку гэта здарылася калі яшчэ можна было патануць у ёй цяпер — толькі загразнуць
са Свіслачы нельга напіцца толькі адарваць кавалачак вылепіць з яго свісцёлку і падараваць дзіцяці
паўзе падмарожаная Свіслач
я ведаю : калісьці я пакажу табе тое месца

*

я недзе паміж надзеяй і безнадзейнасцю цяпер перыяд падрыхтоўкі і ваганняў сонца прымае форму неба
я хачу быць старым і з лірай каб то ціха зусім то гудзела

плесня [♪]

увага : пасля куплета сціраюцца ўсе намёкі знікаюць любыя сімвалы. акуратна там, не намокні як пераапрануты бандыт, на горад напаў дождж, і мяне распірае знутры, нібы праглынуў дрожджы ападкі нічога не змылі, усё сухое, быццам газета горла — скрутак паперы, карыстаюся вотэрклазэтам
увага : пасля куплета я гавару абноскамі пажаванымі сто разоў, заплеснелымі ноткамі у мяне новая назва, спакойна, дарэмна паніка я той, хто ідзе пасля першаадкрывальнікаў у мяне новае імя, спакойна, сонца я той, хто вынаходзіць пасля вынаходцаў
мяне пакрыла плесня, мяне пакрыла плесня толькі прамое значэнне мае гэтая песня

Vive Le Roi! Le Roi Est Mort

T. X.
ускідваў рукі ўверх спяваў іхныя гімны гучней за ўсіх равеў быў самы свой мабыць зручны выпадак адзіны усё будзе як мае быць бачыш гільятына
але ты знаў ад пачатку : выскачыць з акопа трэба эфектна табе кінулі пальчатку цяпер ты вода трымай эстафету ад конрада валенрода
так казаў стары чорна-белы рыцар : каралі знікаюць а застаюцца прынцы
каб не пэцкаць сцэну рассцелем цырату і паставім помнік а пасля рэфрэну будзем ладзіць святы пастамент і коннік а знізу — цытата :
так казаў стары чорна-белы рыцар каралі памерлі але застаўся прынцып

*

гэта і ёсць сапраўдная краіна оз ніякіх табе ўраганаў і віхраслупаў ніякіх табе спічастых капелюшоў ні знаку жоўтага бруку і іншых вымудраў сапраўдная краіна оз поле а пасярод — статак стварэнняў з вылупленымі вачамі як у Драздовіча — іменна як у Драздовіча як леў Алены Кіш і ёсць надзея што нічога не прымусіць іх крануцца з месца і ёсць надзея што нічога прымусіць іх крануцца з месца бо я хачу не хачу ўсіх гэтых дрывасекаў страшыдлаў ды акуляраў
досыць таго што я чую як перамаўляюцца між сабою смарагды