Выбрать главу

На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было — ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца — кепска было дачушцы. Як на тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа…

Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў — маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць да берага, што ім рабіць? І брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лес — елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ён не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. І не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» — «Даведка? А дзе яе ўзяць?» — не зразумеў Хведар. «На, трымай, — сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. — Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе».