Выбрать главу

Ля грушыны не было нікога, мусіць, ад жывёлы яе аберагала блізкая азіміна, статак мінаў яе зводдаль ці глыбей у лесе. Хведар хутка назбіраў у кішэні світкі некалькі прыгаршчаў гнілабокіх грушак, смак якіх ён памятаў з дзяцінства, і тут жа з прагнасцю пачаў іх жаваць. Аднак, мусіць, трэба было чаго пашукаць да грушак, аднымі грушамі сыты не будзеш, гэта ён ужо ведаў. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Але тут было жытное, зелянела рунь, бульбу, мабыць, саджалі ў полі за лесам, калі толькі яшчэ не выбралі. Але не павінны выбраць, думаў Хведар. Да кастрычніка наўрад ці выберуць, а верасня яшчэ заставалася з тыдзень, не меней.

Тым часам у лесе ўжо добра развіднела, дужа шумелі елкі і плылі-ляцелі ўгары кудластыя хмары, але дажджу не было. Не было і расы на траве, трохі сохлі-грэліся на хадзе яго ногі ў растаптаных, раскарузлых пасталах. Гэтыя пасталы ўвогуле няблага яму служылі — якая б абутка вытрымала тую дарогу, што яму выпала. А пасталы хоць бы што. На мокрадзі змакрэюць, а не распаўзаюцца, у сухмень закарэюць, сціснуцца, стануць нібы жалезныя. Нязносныя пасталы! Дзякуй таму чыгуначніку, што трапіўся яму з касой ля пуцявой казармы. Спыніў, паглядзеў, адно: «Здалёку ідзеш?» — «Здалёку», — сказаў Хведар. І той буркнуў: «Чакай», а сам вярнуўся ў казарму і хутка вынес кавалак чэрствага хлеба з агурком і гэтыя во пасталы. «Абувайся, спрытней будзе». Хведар быў босы, крывяніў збіты палец на левай назе, і ён тут жа звыкла абуўся ў пасталы і няновыя, праўда, анучы, падзякаваў чалавеку. І праўда, стала куды спрытней, чым босаму, ён адтопаў у іх вёрст, можа, з дзвесце.

Навастрыўшы слых, увесь насцярожаны, Хведар памалу ішоў цераз знаёмы да кожнага дрэўца лес, і ціхае адчуванне шчасця лілося ў ягоную душу. То быў яго родны лес, тут ён пасвіў жывёлу, збіраў грыбы, пасля пілаваў дрэвы, калі вывозілі ў Данбас на рудстойку. Здаецца, нават ён пазнаваў колішні яго пошум. Там жа, на поўначы, лес быў інакшы і шумеў іначай: магутна, дзіка, пагрозліва. Гэты ж не, не дзіка, — мілагучна і таемна трапяталі парудзелыя бярозкі, угары ў задуменным пошуме марудна плылі кудысь вершаліны елак. Падлесак, аднак, парадзеў за той час, як Хведар не бачыў яго, ці, можа, драбналессе павырастала ў ладныя дрэўцы бярэзніку, ляшчыны, асінніку. І была ўжо восень — жоўтае і зрудзелае лісце пачало асыпацца долу, слалася па траве і шархацела пад ягонымі пасталамі. І ён усё апасаўся, каб яго тут хто не ўчуў. Аднак ён удала мінуў пагорачак з елкамі, лагчынкай выйшаў на даўнейшыя расцяробы — самы, можа, глухі куток іхняга лесу: былыя дзялянкі, на якіх густа браўся хмыз, алешнік, малады ельнік, ядловец. Тут жа пачынаўся доўгі роў з ручаём унізе, прайшоўшы па-над якім Хведар апынуўся на ўзлеску. Далей было поле.

Як ён і здагадаўся, поле было занята бульбяным палеткам, які пачынаўся ад самага ўзлеску. Бульбу на ім, аднак, ужо выбралі, разараныя барозны чарнелі раскіданым чэзлым бульбоўнікам, зямля была ператаптана людскімі і конскімі нагамі. Пастаяўшы на ўзлеску, Хведар спрабаваў разгарнуць канец баразёнкі і адразу знайшоў бульбіну, затым яшчэ дзве. «Э, дрэнь выбіраюць, — падумаў ён з раптам узноўленай гаспадарлівасцю. — Хіба як будуць пераворваць…» Але калі добра выбіраць, дык і пераворваць можна для прыліку, а тут, падобна, і выбіралі дзеля прыліку. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішэні паддзёўкі. Хутка набраў дзве кішэні, класці ўжо не было куды, і ён са шкадаваннем выпрастаўся: такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару з дрэў. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая.

З цяжкімі кішэнямі ён падаўся назад, у лес. Трэ было выбраць мясціну, раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае — цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк, убачыць ля яго чалавека. Мабыць, лепш за ўсё атабарыцца ў расцяробе, за ровам, туды, ведаў, у ранейшыя часы не надта патыкаліся. Хіба што бабы — па ягады, грыбы там не раслі. І яшчэ, людзі ведалі, некалі там пладзіліся ваўкі, бывала, у піліпаўку вылі на ўсе галасы. Малыя туды баяліся паткнуцца. Самы раз было туды зашыцца яму. Поруч з ваўчыцаю. Ведама ж, не з людзьмі, нявесела падумаў Хведар.

Ён доўга ішоў лесам, пакуль выбіўся на той узровак, улез у надта зарослы алешнікам ды ляшчынаю роў, трохі абмыў у ручаі свае заскарузлыя рукі. Вада была сцюдзёная і чысцюткая, бы сляза, і ён на запас напіўся з прыгаршчаў. Па слізкіх, зялёных ад водарасці камянях перайшоў на другі бок рова. Ускараскаўся не адразу, два разы адпачываючы, і падумаў, што аслабеў, аднак жа, завельмі. Як тою вясной на тарфянішчы, калі ўжо не мог сам вылезці з тарфяной ямы, а рыдлёўка здавалася цяжкаю, бы бервяно. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходцах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з кусянкоўскімі мальцамі і падняў Іванаву жаробку. Слаўная была жаробачка, з лысінкай на мордзе. Пасля на ёй ездзіў міліцыянер Заўялаў… А цяпер ледзьве выбраўся з рова, які падлеткам перабягаў за адзін раз, без перадыху. Вот што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. Каб тое веданне, хіба так бы яго скіраваў? Але і як было яго скіраваць іначай? Ці ён ім кіраваў?