Выбрать главу

Рыгор Барадулін

АБСЯГ

Лірыка

Падрыхтаванае на падставе: Барадулін, P. Абсяг. Лірыка. - Мн.: «Маст. літ.», 1978. - 256 с.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

1. ГАНЧАРНЫ КРУГ ПЛАНЕТЫ

З гары

Цяпер — Ці ў радасці згары, Ці счахні ад адчаю, Адчуй адно: Ідзеш з гары. Твой смутак залачае... Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай!
І сам сваім гадам Гадзі, Яны — як тыя госці. А вёскі ўсё часцей, Глядзі: Пагосцішча, Пагосце.
Яшчэ тваю сасну Піла Не кроіць на цалёўкі. Узмах вясла, Узмах крыла. Чакае ўзмах рыдлёўкі... Зняверцу-роспач пратуры: Азёрна, Борна, Гойна!
Далёка бачыў на гары — Ідзі з гары спакойна.

* * *

Нам перадаць імкнецца час Усе свае прыкметы, Пакуль пад сонцам Круціць нас Ганчарны круг планеты.

Светла

Памяць грукне ў шыбу ззяблай вішнінай, Добры сон паўторыць Той начлег: Светла прачынацца ў хаце сцішанай, Вестку чуць ад мамы: — Выпаў снег...

Існасць

У чым жа існасць існавання, Суседства з існасцю — быцця, Быцця свядомага — жыцця?
Здагадак чаўнакі снавалі, Саткалі капу забыцця, Каб захінуць ёй Шлюбны ложак, Вясельны і хаўтурны стол. Сагрэлі ўзор давер валошак І снег, што ўснежыў вечны дол.
Ці ўзважылі зямлі патайнасць Рыдлёўкі даланя, Лямеш? Пакуль жывеш, Датуль пытайся.
Пытаннем сутнасці жывеш...

* * *

Утаймаваўшы агонь, Разняволіўшы атам, Перамогшы звера ў сабе, Ад нябесных пазбавіўшыся апек, Да чалавецтва ідзе чалавек Ад самога сябе дэлегатам...
Быць заступнікам перад атамам Просіць свой век.

Арганаўты

Плылі спрадвеку пехатою. Пагляды лашчыла руно Жаданае і залатое — Рунела рунь...
Сахі стырно Трымалі моцна. Заплывалі За вечаровы небазвон. Люлялі. арганаўтаў Хвалі Перастаялых баразён.
Карэц каравай даланёю Трымалі Працы каралі. Рабілі з небам іх раднёю Крутыя крылы араллі.
У полі Сеялася заўтра. Кляліся небу перуном Ушацкіх гоняў арганаўты. Зямля рунела ім Руном.

Сівая балада

I
Няма хвілінкі, Каб навальніцца. Знойдзецца праца І ў навальніцу:
Даюць батрачцы Анучы лапіць. Што гром злуецца — Шукае лапаць?
II
Ад страху золка, Ад жаху хмарыць: Можа ў іголку Пярун ударыць!
Згубіць бы йголку У пуні, ў сене. Пярун гразіцца — Трасуцца сені.
III
Бяды хапіла. Быў свет пямілы. Яна з іголкі Сям'ю карміла.
IV
Ці бліскавіца Жагае ў хатку?
V
Ці мама ўдзявае Нітку ў шаршатку?!

Хлапчуку з ляшчынінаю ў руцэ

З маладой ляшчыніны Будзе вудаўё. Свет табе расчынены — Забірай сваё!
Будзе кладка рыпкаю, Будзе лёд і жвір. Залатою рыбкаю Выхітрыцца вір.
Будуць юшкай хмарыста Трызніць саганкі. Будзе ўдача скнарыста Абрываць кручкі.