Выбрать главу

* * *

Журавіны не ўзышлі...

Ка мне хлопцы не прыйшлі...

З народнай песні
Тут чые правіны? Глохнуць баравіны. Моўкнуць жаўранкі. Сохнуць імшарыны.
Іх калі Такі ўраклі Досвіткі Ці выцемкі? Хлопцы ў горад уцяклі. Ручаіны выцеклі.
За якім раўчуком, За равінкаю Хто прытуліць плечуком, Журавінкаю, Заравінкаю Назаве На зялёнай, На шалёнай Маладой траве?
Плуг, пакінуты ў раве, Журыцца па ворыве. Крыўда нема зараве Пa далёкім жораве: — Янка сее кавуны, А я — журавіны... Быццам нічыёй віны, Нічыёй правіны...

Крык крыг

Раку-шчыруху Разумею: Ёй рупіць Скруху Зімавею Скруціць хутчэй У вір круты. І — прэч з вачэй Праз чараты, Кусты, Карчы Да дня цячы — Ад глухаты начы Уцячы. Няхай сабе Адчай сапе. Страх У ярах Даволі Дрых.
На волю Просіцца крык крыг.

* * *

Хлеб з соллю еш,— А праўду рэж! — Наказ, Які не мякка сцеле. Зразаецца й круты лямеш, Спрадаецца й хлусні кудзеля.
У вочы праўду рэж, Калі Глядзець баішся праўдзе ў вочы, Другіх папрокамі калі, Трымай язык, Як хвост сарочы.
Зручней пятлёю петляваць, Чым рэзаць праўду Прайдзісветам, На пыцель плёткі пытляваць, Дастаць суседа рыкашэтам...
На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны, Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Хлеб з соллю еш! — І ў гэтым соль. А ўдосыць хлеба наясіся — Не прагні, Збыўшы боль i золь, Зірнуць, А што ў ласейшай місе.
О, дудак прагнасці ігра, Што чэраву на вуха пела: Каб соллю — Чорная ікра, А хлеб — Як хатні лебедзь белы!
З бяссмерцем на адной назе Ля смаляное лавы славы Лысеюць дабракі ў чарзе І праўдалюбаў любяць нават.
Каб профіль дабракоў Не знік Зусім — На ім На той падставе, Што i на мякаці мяснік, Знак мяккасці Iм варта ставіць. О, дабракі. Як кумпякі. Ля лысін — Кудзерак апенькі. А праўдалюбец — ён такі, Як ідэал юначы, Ценькі.
Нішто загадаў дынаміт! Як ні круці, А праўдалюбцы Не падыходзяць над ліміт І ў розніцу не прадаюцца!

* * *

Суровы, увогуле, час — Фотааматар вясёлы: Акрас Не шкадуе, Якраз Не бачыць у тым крамолы.
Спачатку румянец, Сурма. Ад колераў сэрца запела. На многа не галься дарма, Чакае ўжо твой чорна-белы Адбітак будзённы жыцця, Надзённаю працай суровы.
Час верне цябе з забыцця, Чало пераснежыць i бровы — Пакіне Жыцця негатыў, Што фарбаў не ведаў Як быццам.
Каб мог Жыццядайнасцю ты ў Нашчадку наноў паўтарыцца.

* * *

Пакінь календары: Дні — стахлаю саломай. Бяры калень дары, Галіны рук заломвай!
Адчаю халахуп Змяёй на юных сцёгнах. Пал спалымнелых губ Хай захлынецца ў стогнах!
Хай небасхіл калін Світае над табою.
Ног жураўліны клін, Вяслуй па лістабою!..

Папрасіліся ліўні ў верш

Сонца спее жоўтай лотаццю, ад нецярпення пупышкі лопнулі.
Порстка раскручваюць дубкі над кручамі, у лагчынах ляшчынкі першыя лісцінкі.