І, як стаеннік злым капытом,
Мклівісты хуткаход наш
Б'е, нецярплівсц,
Упартым вінтом —
Палубе дужа дрыготна ж!
Дзе тая рэдкая птушка,
Дняпро?
Нешта ты ўз'юшана трос нас.
Экскурс дасць потым
Экскурсбюро.
Мчыць нас «Ракета» ў космас?
Дняпро,
Ты дзівосны i ў гэты раз —
Ашчодрыў вясновай ранечай.
Спыніся, Час,
Нас вітае Тарас
З захмар'я
Гары Чарнечай...
Даліна кампазітара
Даліны ўтрапёныя ў хмарах кудлатых.
Шчырэе сцяжынка-паломніца.
Рака вінавата ўцякае па скатах —
Ніяк ад жуды не апомніцца.
Навіслыя скалы —
Залобкіпалацаў,
Узведзеных гор гаспадыняю.
Прастор перунам і вятрам разгуляцца,
Спаліць небасхілаву лінію!
Усё для яго тут жыло і спявала.
Спакой атуляў, як у Вішневе.
Грымелі адчаем харалы абвалаў
Каханню яго і Ўсявышняму.
Журба калыханкі і жніўная скруха
Самотлівым сэрцам валодалі,
Ныў клёкат арліны...
Ды ён не даслухаў
Апошняй мелодыі...
Аглушаны камень,
Нібы бліскавіцай,
Балюча сашрамлены датамі.
Наклікаць абвал вадаспад не баіцца.
Прыцішыўся час непадатлівы.
Зара неспакою гарыць не згарае.
Трывогаю хмары гартаюцца.
Маленства вятры
З Беларускага краю,
Як хвалі, ўспамінна вяртаюцца...
Піяла
Дух вандравання,
Ненажэрца,
Не можа звыкнуць
Да жытла.
Ці выкругліў туман
Азерца?
Дыміцца чаем
Піяла!
Хто шчодрай жмені
Рух забудзе?
Яму ўздалі
Вякі хвалу.
Тугі гранат,
Каханай грудзі —
Трымаюць так
І —
Піялу!
Зялёны сум
Апаў глыбока,
Імгла
Далёкага сяла.
Журбой
Напоўненае вока,
Тугой па доме —
Піяла...
* * *
Ты ў маленькім сваім кулачку
Не ўтрымала — пусціла на волю
Разламаны гранат Баку,
Той начы не забуду ніколі —
У якім я ні буду баку —
Разламаны гранат Баку:
Зоры ў небе,
І зоры — доле!
Дзень добры, Туркменія!
Закрачаны я праменнямі.
Грэх цёмны святлом дараваны мне,
У сэрцы смутку паменела —
Радасць звініць караванамі.
Паклон мой прымі,
Туркменія,—
Сонцам каранаваная!
Вечарэе...
Здаецца, ўсю спёку сагнала
На спаленыя бальшакі!
Дакладнага часу сігналы —
Варушаць пяскі
Ішакі.
Ці гэта ў сто корб,
Сто асвераў
Засмага глыток дастае?
Дакладнасць
З гадзіннікам зверыў —
Паверыў
З хвіліны з тае.
Гаркавы дымок саксаула.
Баран
Смерць прыняў з-за гасцей.
І смыленню цягне з аула,
І прысмерк,
Як плоў, загусцеў.
Душу ўсю,
Як студню туркмена,
Высмальвае сонца да дна.
Гуляе на жылах
Сухменна
Качэўнай крыві
Жаўцізна...
Зямлячка
Абсяг вятрыскамі аббраханы.
Хіба што толькі міраж замглее.
Вякі прыглухлі,
Маўчаць барханы,
Нібы запыненыя імгненні...
Лічыў барханы,
Ды аблічыўся.
Здалося раптам —
Ступаю поймай.
Зямлячка выплыла аблачынкай
Узмах брывей —
Замах на спакой мой!
У кожным позірку —
Пa азярку.
Часіна позняя,
Дай мне руку!
Зялёным лёдам
Б'юць вачаняты.
— Адкуль ты родам,
Дачка чыя ты?!.
Далёка Вухвішча,
Далёка Зябкі.
Сініцу слухаю,
А голас зябкі:
— Дзе сцежкамі сінімі
Ступаюць калядачкі,
Ёсць вёска па імені
Мокрыя Кладачкі...