2. ІМГНЕННІ
Пад вечнымі соснамі
Мана вясновай гаманы
Не ашукае болей.
Спыніўся твой адлік зямны,
Перажагнаны болем.
Мой цень —
Працяг тваёй вярсты.
Не вечны ён таксама.
Цяпер мяне чакаеш ты,
А я старэю,
мама...
* * *
Тут я заначую —
Журбы не пачую...»
Мерклася застолле,
Як туга, густое.
А журба — начніцай,
Неба — абажурынай.
Журыцца крыніца,
Бор сыры зажураны.
Голас падупалы —
Скруха жаўрукова.
Ты абначавала,
Мама,
За ракою...
Ды не да спакою
І за той ракою.
Хвоя над табою —
Сынавай журбою...
* * *
Перунамі жагнаныя абразы
Перастылі азёры прадонна
Выспу смутку майго
Ледзяняць маразы:
Маме ў зямлі сцюдзёна...
* * *
Пераходзяць цяляты асфальт пацямне.
Паваротак на Ўшачу!
Шчаслівая хвіля.
І да статка бычка,
І да хаты мяне
Падганяе бадлівае слова:
«Аксыля!»
* * *
Хто сказаў,
Што праца — адпачынак?
Ён, відаць, не ведаў мазаля.
У барознах —
У тугіх ляйчынах
Цягне воз турбот сваіх
Зямля.
Потам
Праступае рунь
Зялёным:
Ураджай ліхвярна
Прагне сіл.
Праца ўпотай
Цягнецца за плёнам,
Недасяжным,
Быццам небасхіл.
* * *
Здзіўляйся свету!
Салавей адно ж
Залётку славіць з маладой дзялянкі.
Пярун ідзе па хмарах басанож —
І пырскаюць з-пад пят яго маланкі.
У падводы
Былі нам няўзнакі
Капрызы пагоды,
Як з прыказкі зайцу
Ламы і грамы.
Мы, ўшацкія мальцы,
Хадзілі ў падводы —
Да весніц
Равесніц
Падводзілі мы.
Ах, колькі ix,
Летніх, зімовых,
Ці лічана,
З якога пачатку,
З якога канца,
Было кіламетраў
Да Строктаў,
Цялічана,
Бяроз —
Да шляхетнага Ліпаўца?!
Мы ў кірзавых ботах
Так здорава гоцкалі,
Што снілася зноў
Местачкоўцам вайна.
Не спалі магчымыя цешчы
Стракоцкія,
Ваўчэнскія:
«З кім там дачушка адна?»
Да трэціх пеўняў
Дзяўчат падводзілі
(І самі, як пеўнікі ў кашалі),
А потым нас,
Жанішкоў малодзенькіх,
Падводзілі —
З іншымі ў ЗАГС ішлі.
Нібы астраўкі,
Што падпалі пад воды,
У восень пайшлі
Веснавыя гады.
Дый зараз ідуць
Успаміны ў падводы.
Дагэтуль гараць
І падэшвы й сляды!..
* * *
Статыстыку, як мурашу,
Танаж цягнуць зацята.
А я даведку папрашу,
Не колькі мяса на душу,
А чым душа багата.
Альгімсттасу Балтакісу
Паэзія — дзяўчына маладая,
Як перапёлка кліча:
«Жаць-палоць!»
Хай скруха костку поначы глытае,
Дарэмна час не блоць —
Канае плоць.
Паэзія — фартовая красуня,
Партовая,
Чакае караблі,
Праз вушка голкі верблюда прасуне.
Шчасліўчык, помні: й да цябе былі!
Каханка мройная,
Мажная дама —
Яе на ўсе эпітэты стае.
Вядзе свой род ад Евы і Адама,
І чытачы —
Таксама ад яе!
* * *
Хоць век твой — краец веташка,
Шлях людзям знач ты, жыцьмеш покі,
Каб не разбіцца, як машка,
Аб ветравое шкло эпохі!
Начныя астравы