Выбрать главу
А на шарэнніку хлусня І мусіць быць салодкай. Каб выплысці на бераг дня, Хоць пасылай за лодкай.
Вясло развагі Спаласні. Але душа абные І зноў падасца да хлусні На астравы начныя!

* * *

Шчаслівай зоркі самародак Цвяліўся з вечнай нематы. Ашчадна жыў далёкі продак I ліха важыў на фунты.

* * *

Хай хваля паспіць пад чаўнамі. Блакіт, туманом палавей! Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей.
Упрочкі ціша начная Збіраецца. Бор, не ўдавей! Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей.
У песні аб сінім Дунаі Усцешна, душа, ласкавей: Ластаўка дзень пачынае, Канчае дзень салавей...

* * *

Ранак — рынак. Ну, а дзень — кірмаш. Разгавей на досвітку душу: Даль адмервай і надзеі важ, Засветла вяртайся з кірмашу!

* * *

Не трэба З жанчыны рабіць святую. Яна зямная, як сенажаць. Няхай бунтуе, Адчай бінтуе. Ёй гора жаць і дзяцей раджаць.
Начэе смуткам, Днее слязою. Займаюцца на сенажаці ў цішы Зняверу дзядоўе І красак сузор'е — Каб знічкамі. падаць У студню душы...

* * *

Дабраўшы праўды груз, лухты луску Тугу дапіўшы з зорнага каўша, Дзіцём застанься здзіўленым, душа Нібы адбітак ножкі на пяску.

Чалавек

Не хлеба кус І сала шмат, А сэнс ядра зямнога Разгрызці трэба акурат. Спраў шмат, Турбот замнога:
Чарэпаць золата i гразь, За д'ябла i за бога, За ўсіх адказным быць, Іграць Яшчэ сябе самога.
Нябыт пільнуе кожны міг, І шчэрыцца знямога. Усё ён ведае i ўсіх, Апроч сябе самога!

* * *

Бачаннем не зловіш жураўля. Дый лавіць яго ці ёсць патрэба. Без сініцы смуціцца зямля, Без жураўкі сірацее неба.

Чорна-белы адвячорак

Згалелы цень сукоў Прарэзаў снег пухнаты. І прывід матылькоў Счэз, ветрыкам пагнаты.
Стаў дням губляцца лік. Хоць зоркам дай агню ты! За ўзгоркам знік цалік, Узмежкамі пагнуты.
Забылі балаты На свой настрой паганы, І рэха з белаты Хрыпіць, як бом пагбаны...

* * *

Цяжка стыхіі стрымацца ў сваіх берагах, Сляпая любоў адчаю — капрызная. Калі мора ўскалыша На хвалях сваіх ураган, Разумець пачынаеш Ветразя гордую рызыку.

* * *

Баюся, Не пераплыву У пасляваенным гарадку На вольным быстраку Раку, Каб вольнай мець Адну руку, Не акунуўшы галаву...
Маленства плыткая рака Глыбокая для хлапчука. А берагі! Да неба — той, Другі — З трывожнай нематой.
На рэках сталасці віры Скруціць мяне хацелі ў крук. Быў на жары І на вары, Часамі не хапала рук. І захлынала з галавой Бядой, Як палыны, сівой.
А ўсё здаецца, Я плыву, Не акунуўшы галаву...

* * *

Свой сэнс мае звычай няўмольны, калі Ён тлен чалавечы паліць І попелу жменьку вяртае зямлі... Каб узыходзіла памяць.

* * *

Салёны пот здаўна, Але Спазнацьмеш на сваім чале.
Цябе мазоль твой знойдзе, Ды Адчуй, як ён свярбіць, цвярды.