Выбрать главу
Вобмелі, заглыбіны Нераст абвядзе. Будзе след ад рыбіны Ў маладой вадзе.
Не глядзі зняверыста, Пазірай задзірыста. Будзе рыбе нерасту I надзеі – вырасту!

* * *

Пах вечаровага жытла На цішыні настоен. Схіл паўтарае Хіб вала. Спакойны вол настрою.
Ён абагнаў загоны дня І зараз на папасе. Жаданы выган — цішыня Прымае ўсіх па часе.
І двор, і кол — Пасецца вол, Спакою вол рахманы. І свет, здаецца, ўвесь — Наўкол. І вышыня — ля хмары.
І саганок, і таганок Змрок свойтае паволі. І толькі Стомы ціхі крок Яшчэ пыліць у полі...

Прыцягненне Віцебскай зямлі

Мы дамоў вяртаемся, Генадзь, Дзе б сцяжыны нашы ні кружылі. Лепей на зямлі бацькоў Канаць, Чым раскашавацца на чужыне.
Смутак раптам гляне з-пад рукі — Засклыгочуць нервы І рысоры, Смутак — Быццам вёска Петрачкі Па дарозе на твае Расоны.
Доўга слаць яшчэ нам Лён турбот, Бачыць праз бяроз адліжных Строі З верацёнамі ялін Завод, Што прапах вятрамі I кастрою.
Нашыя правіны Замалі, Край бацькоў, Світальнаю зарою. Прыцягненне Віцебскай зямлі Мы адчуем Пад зямлёй сырою.

* * *

Бацькаўшчына, Дзедзіна, Вырай смутку — спадчына, Доляю адведзена, Злом пералапачана.
Дзён сівое прадзіва Ніткаю суроваю На сцяжыну прадзеда Памяць выкіроўвае.
Пойдзеш той сцяжынаю, Як рачулкай плытнаю,— Родны край з чужынаю Ані пераблытаеш!

* * *

На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны, На сцэне полька канае ў гуле, На сцэне ўборы маёй матулі І песня яе — Каларыт фальклорны. І ў век нейлонавы, Век маторны Хачу, каб песню маёй матулі І ўнукі ўнукаў маіх пачулі Нe толькі са сцэны, А ў хаце — блізкую — Над ціхай калыскаю, Над поўнай міскаю.

* * *

Позірк вымгліу туман стамлёны, Скроні выбеліла асака. Задрамаць не даюць страмёны Хмарагрывага рысака.
Як завецца ён — Лёсам, Таланам Ці адчаем маім? Але Толькі мчаць бы на ім, Раззлаваным, Дзень вітаць у крутым сядле.
Апантана жыццю адданы, Мушу ўсё я прачуць спаўна, Каб Яго Няўмольнасць Загнаны Час Адчула мая спіна...

* * *

Запыталка-дражнілка Былая, Малая... Пытаць навучыла Бабуля Малання: — Варона-старажона, Ці была ты імасць? — Была-была!.. Адказ немудроны. Спытаць магчымасць Была — Сплыла... Да бульбы варонай Закраса — брусніцы. Сарокай, Варонай Маленства прысніцца. Маленства прысніцца, Туга праясніцца. За прасніцай мама — Баліць паясніца. Мне соладка спіцца, Мяцеляцца спіцы. Гудзе калаўрот — Юных год Калясніца... Каб зноў тых На год Сто нагод Падражніцца: — Варона-старажона, Ці была ты імасць?.. Лёд зялёны, сцюдзёны, Кладку памяці вымасць З нябіткага шкла. Была...

Перад халадамі

Каб лісток — Галýтай Восень перастоіць. Сек імжакай лютай Сівер, як трастою.
Роспачлівы выбух Белага застолля У азёрных шыбах Стоена застогне.
Маладая скруха Перагаладае. Вусцішна і глуха Перад халадамі...