Выбрать главу

* * *

Мы — ад агню, як ні кажы, Сагрэў ён свет упершыню, Агонь крыві, агонь душы, І тлену прысак — ад агню.

* * *

Мяне жагнала галадуха У імя айца, святога духа У дні вайны, Пасля вайны. Зіма ад холаду дубела, Перасявала пыцель белы, І кпіла казка пра бліны. Жыццём духоўным жыў бадай, Адно што не прасіў: «Падай...»
Я зрэдку дыхаў хлебным духам, А болей духам жыў святым. І галава хадзіла кругам Ад голаду. Ды сэнс не ў тым.
З асноўных ісцін Саматугам Адну спасціг: «Не падаць духам!» І, чорны, Родны небу, Дораг Надзённы хлеб У кмене зорак.

* * *

Лес над пажарышчам не плача, Атожылле ідзе ў пагонь. Зялёным — праз агонь гарачы Лістом паўторыцца агонь.

* * *

З задумным вераснем іду Па маладой прасецы. Адна асіна на бяду Збянтэжана трасецца.
Ці дождж пайшоў У пяць цапоў Па верасах старацца?
Высакавольтных правадоў Напружаная праца Не ціхне — Стогнуць правады, Запрэжаныя часам.
Лес малады Сляды бяды Загоіць самапасам.
Гарыць па нервах часу Ток Патрэбай спажыўною. Не стыне ток — Жыцця выток, Прапахлы збажыною.
Глушэе лес. Глушэе хмыз. Душа глушэй да болю. Дыханнем цёплым З цёплых пыс Змрок астывае доле.

* * *

Дарога на Ушачу праз поле, праз бор, Крывая, прастуецца прама. Святлее ў касатай бярозы прабор... Святкоў было мала ў мамы...

Кляновымі прысадамі

Забудзь на тлум, На звады — Ад свежаку хмялей! Кляновыя прысады За Млечны Шлях святлей. Яшчэ лістоў замнога, Іх сівер строс не спрэс. З клянамі ў падкіднога Гуляй на інтарэс. Рэж з-за пляча з запалам, Ды не зусім лісці! Ступай па шорсткім, палым, Па колішнім лісці. Для дум, Для ног размінка. Бяруць у гхрымакі І вёска Журавінка, І вёска Кулікі. Хай хмары смутак возяць — Апрыклы свой аброк. Як восець, Пахне восень Снапамі да аблок. Жыцця дары бажэюць, Святлеюць, далібог,— Ад ранніх Рубяжэвіч Да змерклых Налібок. Хада не захістала, Пакульз табой, Хадок, ГІрасветленая сталасць, Развагі халадок. I кожны шолах Дораг. I лёгка забрысці Па неатухлых зорах У неба ў забыцці...

* * *

Жыццё пражыўшы на зямлі, сусед, Багацце нажывеш ці мазалі, Не думай, што бярэш у стылы свет Падумай, што пакінеш на зямлі.

Паўдзён

Пераразае прыстань Разуха ў два лязы. Трымціць паўдзён празрысты, Што крылы страказы.
Глушэе брызгаліны Зялёны астравок. Між пальцаў у яліны Цячэ пяску струмок.
I восень не маніла, Было вясне вады — Хоць сёння ў неманіны Закідвай невады.
Па Нёмне над ляскамі Плывуць аблок вазы. Аціх настрой ласкавы На крылах страказы...

* * *

Як сонца на ускоце, мара Чакае з праясненым воблікам Калі гэта чорная хмара Абернецца белым воблакам?

Дзе расцвілі твае сляды

Раку трымала льдамі, Тры мала — Пяць завал. Дзяўчына маладая. Вачэй вясновы пал.
Рака ламала далі: У пекла або ў рай! Дзяўчына маладая — Хоць вішні абірай!