А сцежка з перавала
Збягала праз сады,
Сляды канспіравала...
Ды расцвілі сляды!
* * *
Рэха ў іржэўі параніцца,
Росам свой боль раздае.
Доўга на стрэхах раніцы
Белы мароз растае.
Сустрэча з Аленай у Наўгародскай Сафіі
А ні змагла ўрачы, сцяна,
Цябе імгла сляпая.
Як боль,
Як радасць,
Чысціня
Няўмольна праступае.
І праз
Напластаванні зла,
Праз бруд,
Праз гнеў астылы
Краса ўзышла,
Сваё ўзяла,
Вякі пераступіла.
Вышэй ухвал,
Вышэй абраз
Світае твар нятленна —
Аблічча
Ці святы абраз? —
Славяніцца:
Алена.
Імя — як спеў.
Ішлі вякі.
І кленчылі Алене.
Тлен — боскі гнеў.
Тлен — грэх цяжкі.
Красою — наталенне.
Дым сорак чацвёртага
Патыхаюць порахам аблокі.
Стала немагчымае магчымым:
Хоць замервай цішу на валокі,
Комін папярхнуўся першым дымам.
Зазімак у Юрмале
Першаснегам, Юрмала!
Снежань на зыходзе.
Мора хвалі штýрнула:
— Шальмавалі годзе!
Дні для вас кароткія.
Сталі, як курортнікі,
Лахаць языкам!.
Ножкам толькі б шорцікі,
А паглядам — чорцікі!
Досыць!
Замыкаю.
Мроіць змрок прыбаўкаю.
Золак ледзьве ўдніцца —
Звоніць над Прыбалтыкай
Ледзяніца.
З-пад Ушач
Прыпеўка сёння
Цісне скроні Юрмале:
«Каму тое, каму еёе,
А мне — юр наўме!»
Aні чоўна.
Галадае
Сіняя праталіна.
І прыпеўка маладая
Хвалямі
Ухвалена...
* * *
Раса у канваліях нараспіу.
Схмялела світанне жмурыцца.
І жаўранак чару нябесся разбіў
На дробныя цурачкі.
* * *
Калі з табой маглі б
Вярнуць той міг наноў,
Ласкавай хвалі ўсхліп
У сетках туманоў.
З бурштыннай глыбіні
Бурштынінкай святла
На мокрай далані
Ты ў Балтыкі была.
Змяніла мора гнеў
На літасць з-за цябе.
Мой смутны смутак днеў
У вечнай варажбе.
З ласкавае віны —
Луска ласкавых слоў.
Густыя туманы,
Капрызны ваш улоў.
Хто сеткі навядзе?
Хмурыняцца шматкі.
І чайкі на вадзе —
Адчаю паплаўкі...
Пытанне праз гады
Зірнула — зусім нявінна...
А сталі мае ўспаміны
Тут жа ранамі
Незагойнымі,
Гонямі,
Тугою ўзаранымі,
Ускапычанымі джайранамі
Тваіх вачэй.
І з гадамі
Згадаю:
Балючэй — не лягчэй!
Пах спякотнай пустыні,
Нібы пасаг.
Дый цяпер запытаць хачу,
На якіх вольных выпасах
Асмялелі зарана
Джайраны,
Што скачуць дасюль уваччу?!
Дзяўчатам філфака
Ад абцасікаў да макаўкі
Вы ў сюжэтах, параўнаннях,
Мройнавокія філфакаўкі,
Рыфма глухне перад вамі.
Цяжка выбіцца прыметніку
У эпітэт адпаведны.
Палыном у зыркім кветніку
Вяне аднакурснік бледны.
Як метафары няўлоўныя,
Сніцеся, філалагіні.
Хлопцы ломкімі алоўкамі
Перад вамі —
Гонар гіне!
Вы світаеце, як макаўкі
Летуценнага сабора.
Усміхнецеся, філфакаўкі,—
У душы ўзыходзяць зоры.
Асмялеў прызнацца вершамі,
Бо ўначэў мой
Неба полаг,—
Трызню вамі з курса першага,
Як закончаны філолаг!
* * *
Цi ў людзей
Неспатолены смутак,
Ці ў снягоў
Светлы сум узялі,
Вы з'інелі, бярозы,
Чаму так,
Пасівелыя скроні зямлі.