Выбрать главу

* * *

А цішыня, як сон. Давер спакою крок. Ані чуваць красён, Што ткуць ласкавы змрок.
Раптоўны самалёт Апудзіць цішыню. Снег — Дымна-белы кот Зацягвае курню.
Крамянай чысціні На ўвесь бы свет было. А ў вышыні — Зірні: Нервовых зор табло!
Задуманы, здзьмухні Цішынку з далані. Дарэмна не мані Сабе і цішыні.

* * *

Смяемся дасюль з першабытных людзей: Іх прагнасць не мае карысці — Пад старасць грызуцца за костку люцей, Бо косткі няма чым грызці!

Зімовы досвітак на ўзмор'і

На бераг ціснецца гарбалысы табун, У небе парваным Паўтарыўшыся прыцемна. Здаецца, ваколлю надзелі На галаву стаўбун. Хвалі злізваюць з белапесу Свае ж парыціны...

Першы прарок

Той зрок напяты, Паганскі крок Якой асвяціць баладай,— Прашчур кудлаты Кудлаты змрок Гнаў галавешкай кудлатай?!

Урок англійскай мовы

Боцікі гумовыя, Не зусім зімовыя. Вочы ў сэрца ломяцца., Як шалёны бэз. Шалік мамай звязаны, І звініць ін'язаўка, Зябкая, няўлоўная, Як сінічка: Yes!
Ад Шэкспіра, дбайная, Давядзе да Байрана. Покуль не запрэжаны, Будзеш чуць адно. Недзе ля Халопеніч Потым расшалопаеш, Воз сямейны цягнучы, Іншы выгук: No!

У зялёных затоках

Як з іншых Сусветаў завезены, Не выплывуць з цемры ляска Наіўныя рыбы — Бярэзіны. Світае ласкава луска...

* * *

Ані чакай парук, зарук, Каб быць у гаеву ў ласцы. Трымайся ў небе, як жаўрук, На песні ўласнай...

* * *

Aдчайнасцю атаў Запахлі ледзяшы. Я ўсё табе аддаў З патайнікоў душы. Як леташнік, адтаў Па цёплым тумане. Няўжо ўсяго аддаў І больш няма мяне?!

* * *

Не рві Балючае карэнне, Не абярні вясну зімой, Хоць пашкадуй адбітак мой, Маё зямное паўтарэнне.
Хапае ў скрухі верацён, Каб нітак для бяды напрасці. Зачаўся, Як зарок на шчасце, Маладзічок з забытых дзён.
Не дай мне стаць Аглухлым звонам, Якому вырвалі язык. Не дай, Каб захлынуўся сконам Мой у нябыт апошні крык!

* * *

Хай не відно — Прадонне мае дно. Пяшчота не бацькоўская ў айчыма. Жыццё І распачатае віно Распачынаць нанова немагчыма...

* * *

Нa досвітку абраць Сабе сцяжыну дня, Што падшукаць аброць Для быстрага каня.
Паплечніцу абраць Сабе да схілу дня, Што поле абараць, Дзе ў мінах цішыня.
Ладзь з любасці аброць, Спех не бяры ў сябры. Пяшчоты клін Не зблоць — З павагай абары!

* * *

Я заклаў свой спакой, душу, А табе гэта ўсё — не замнога. Адпусці мяне, я прашу, Хоць на міг да сябе самога!

* * *

Хваліце лёт мяча І лязгат клюшак, Больш дбайце аб вуллі —
Не аб валлі. Шануйце галасы Людзей i птушак — Без ix Маўкліва стане на зямлі.
Запамінайце іхнія імёны, Не пакідайце гэта на пасля. Бо галасамі Шар зямны — зялёны, Гаворыць імі З вечнасці зямля.