Выбрать главу
Кожную вясну Маіх Вёсен меней, меней — Не бяру ў бярэма ix, Захінаю жменяй...
* *
Узгоркам на прыслон Свярбіцца — Тачыцца пачала трава. Сарока — Снежкай на вярбінцы. І жаўрукоў — Як з рукава!
Настрой падрос, І ранак вырас. Аберуч зоры латашы. У рэках — глыбасць, Небе — шырасць, І толькі шчырасць — У душы!
З пашанай хочацца схіліцца Над зыбкай шыбінай стаўка Перад рунявасцю ігліцы, Перад раптоўнасцю лістка...
* *
Даўні Гаспадарчы клопат: Толькі б выйсці на вясну — У густую сінізну, Смелы высвіст, Цёплы лопат.
На вясну я зноўку выйшаў, Шчыры шчэбет Лашчыць слых, Стала больш Сяброў былых, Больш Прыгорбленых узвышшаў.
Болей Дамавін цяжкіх, Што мае прыгнулі плечы. Зор паменела маіх У табе, спрадвечны Млечны. Менш падкоў, Віхрастых грыў
Рысакоў Майго адчаю. Быццам за абрыў Забрыў — Я са смуткам прыкмячаю. Зоркі роспачы Гашу, Сашчапіў далоні дошчак — І шпакоўні, І душу Перапоўні, весні пошчак!

Сябрам

Пазнаў спаўна ўсяго ў жыцці Павагу і знявагу, Да славы сватаўся ў зяці І траціў раўнавагу.
Каго любіў — Таго любіў, А ненавідзеў — шчыра; Хлусні не кленчыў, Лоб не біў, Не прымяраў мундзіраў.
Ад жалю зойдуцца бары, Труной запахнуць дрэвы, Скажу: — Я жыў для вас, Сябры. Жывіце за мяне вы!

* * *

Недзе пасля маіх сарака І трыццаці гадоў паваенных Я стаў забываць Халадок курка, Дзень у здранцвенні І ноч у енках. Дабро і зло Канкрэтным было, І ласка таксама Была канкрэтнай: Дахам — жытло, Папялішчам — тло, Лес перасохлым Давіўся крэктам.
Тады першабытны Аслеплы страх На белы свет выпаўзаў, Паганец. Сваю ненажэрнасць Насыціць праг, Перабіраў пажараў ружанец.
І так асмялеў у густой паўсці, Здаецца, на волю Вырваўся ўчора, Не хоча, нячысцік, Назад паўзці: Першабытна самога Жахае пячора.
Дагэтуль Пасля маіх сарака I трыццаці заклапочаных, Мірных — Гатова Пагляд засланіць рука, Ступае нага па куп'і, Як па мінах...

* * *

Штогод уцякае хутчэй Прыгорблены твой небасхіл, А лёс і ўсяго што пакінуў —
Вясёлае ранне вачэй, Паўдзён нерастрачаных сіл І прыцемак прыпамінаў...

* * *

Жытло маёй душы Заселена табою, Святло маёй тугі Зацеплена табой. Святла не патушы, Бо ўцёмначы абое Абралі шлях даўгі З адвечнай варажбой.
Настрою б не ўрачы Твайго, нібы прыбою,— Каб згода не сплыла, Як па вадзе кругі. Світае мне ўначы, Я высветлен табою. Не пакідай жытла, Святло маёй тугі...

Табе

Журбе не скажаш: «Згінь!» Яна адчаю рада. Ты — зніклівая плынь, Жаданая, як здрада.
Май літасць, Напамін,— Гады не перагортвай.
Ты — плынь, А я — палын, Ад смутку перагорклы.
Як раніцы,— Глыну. Надзея не пакіне: Сівому палыну На міг Адбіцца ў плыні...

* * *

Лятуць не да мяне Тваіх брывей стрыжы. У смелай гамане Я смешны і чужы. Не прыручыць стрыжоў, Як іх ні сцеражы. Пазней за ўсіх прыйшоў, Пайду раней — чужы...