Выбрать главу
Мы гналі цень аварый Над змоўкласцю абвалу. Была абложнай хмарай — Хмурынкай жалю стала.
Грамаадвод закляты, Лаўлю грымоты стала. Была, Ды не сплыла ты, Ты стала — Не растала...

* * *

Як цемру выкрасці ў начы, Пазычыць радасці журбе? Як мне сябе перамагчы, Перамагчы цябе — ў сабе?
Ці так да скону й валачы Мне ланцугі тугі ў жальбе? Як мне цябе перамагчы, Перамагчы сябе — ў табе?
Крычы хоць крыччу, хоць маўчы, Ласкавы парастак скрабе, І ныюць рэўнасці карчы. І рунь, і ляда ў варажбе.

* * *

Я стаў без цябе не магчы Ні здалеку, ані побач. Воўк шалу майго ўначы І ўпоўдзень ідзе на здобыч.
І позірку мала мне, І дотыку стала мала. Ты, рэўнасць мая, Па вясне Яловых дроў наламала.
А думаў жа — ўсё міне, Зноў буду нічый ці чыйсьці. Ды так Ты ўвайшла ў мяне, Што мне ўжо з цябе не выйсці!

* * *

Яно нада мной Узышло ў лістападзе, Сузор'е трывогі, Сузор'е Рысі. Прыхмарана днела У насмешным паглядзе І ў кожнай тваёй Прытаілася рысе.
Зямля чарнела, Зямля бялела. Мне зорны свет На зямлі адкрыўся. Кастры жаўталісця Датлелі ўлюцела. Малю: паўтарыся, Сузор'е Рысі!..

* * *

Цяпер казаць мне «Вы» Табе? Закасваць рукавы Сяўбе, Што чорны смутак сее, Калі былі на «ты» Раты, Засмяглыя ад нематы, І рукі без надзеі Абараняліся? Круты Быў пал на «ты», І веі Былі на «ты» Ад дабраты Злагоджанай завеі. Граматыкі віна, Мана? Вы — Множны лік, А ты — адна. Не разумею...

* * *

Снегапад напаў на сад. Віднее на дварэ. Хто сівізну маю назад З вясною забярэ?
Святлею, як зімовы сад. Вясновым быць не мне. Іду, ўзімелы, наўпапад Пa белай цаліне.
А сад не ўзварухне галін, Я сум не ўзварушу. Хоць ласкай апячы ўспамін, Як некалі душу!
Сняжок засведчыць, Малады, Што светла ўсё было.
Не май бяды — Мае сляды Завеяй замяло...

* * *

Распалавіню я шар зямны На дзве трывожныя шалі: Ці не разважаць спрэчку яны, Што доўга мы вырашалі?
Павернецца пал крыўдлівай спіной, Час непадкупна заўважыць, З тваёю шаля, З маёй віной, Каторая пераважыць.

* * *

Будзь з натураю крутой, Спрэч абразу, кпіну. Ды ў жанчыне — Дабратой! — Абудзі жанчыну.
Як вясновы гром раллю — Абудзі! — да руні. Ласку дай, Як ліст галлю. Крыўда не даруе!
Не сініца, Што ў руцэ,— Журавель нагоды. Бліскавіцаю ўрачэ Ноч нервовай згоды. Шчырасці адчай прытой, Не апудзь хвіліну. У жанчыне дабратой — Абудзі! — жанчыну...

* * *

У дрэў таксама свой талан, Вядома, сукаваты. Няўмольны магістральны план Няўмольны экскаватар.
Былі двары, Былі дамы, І ў іх была патрэба. Дымы Ад ранішняй думьы Галініліся ў неба.
Вятры, Хоць злыя дзевяры, Шчадзілі весні звычай. Ды сталі ціхія двары Пляцоўкай будаўнічай.
Чакаюць на зямлі Ледзь-ледзь Надкрытыя пупышкі. Пажарам цвету не шалець, Вам тлець, Адчаю ўспышкі.