Выбрать главу

Партызанская маці

Не працэджан хмар сырадой. Ці не купіны закурэлі? Ступні сталі Карой цвярдой — Ад сырой зямлі закарэлі.
Пальцаў скручаныя карані Намясіліся гною, гліны; За сыноў (Божа іх барані!) Ногі матчыны Мацалі міны.
Не да сноў — Сны вяртаюць зноў Допыты, Катаванні, Расстрэлы. Паправодзіла ўсіх сыноў — Аніводнага Не сустрэла...
Не расце трава забыцця Над балючым карчом — Пад крэвам. Захавальніца дрэва жыцця Стала дрэвам...

* * *

Не мне чакаць лагод-выгод, Калі пачну, Як тыя знічкі, Перабіраць ружанец год. Не з мурагом падвялым брычкі, Што не адчулі шпал пагонь,— Мае гады — Як электрычкі: Скачу ў вагон, Нібы ў агонь. Мне не змяніць Свой нораў, Звычкі. Хоць крыжам ляж на палатно, Прамчацца свістам — Ім лацно!— Мае гады, Як электрычкі...

* * *

Я ім не ўгароджваў загонаў. Не цішыў разбег імклівы. І зоры мелі за гонар Дзядамі ўплесціся ў грывы.
Бакі не зазналі лейцаў, Падкоў асцярогі — ногі. За мной не хадзілі ўлегцы, Цягнулі цяжар знямогі.
Я іх не кілзаў ніколі, Сцярог ад абраз i тлуму. Як некалі з князем — Коней, Са мной пахаваюць Думы.

Адказ анкеце

Хаця і запісваць Анкета раіць Па выбару Родную мову... Хто бацька, хто маці? Умоўнасць старая! Нашто ЭВМ Звычкі нейкага краю? Ссумуе — і лічба гатова!
Нязломнай прайшла Праз катоўні, падвалы Канкрэтна Умоўная мова, Во прагу да праўды Трымала трывала, Сяброў шанавала, Сябе захавала, Каб гордае, крэўнае слова
Крылата магло — Без нападак і звадак! — Світаць На штандарах чырвоных, Каб ленінскай веры. Наказ без аглядак Нашчадку свайму Перадаць мог нашчадак На зорных братэрскіх загонах. ...Стамлёны ад спрэчак, Ласкавых прымусаў, Народнага досціпу хрэснік — «Как говорят у нас, белорусов.. Твардоўскі любіў падкрэсліць.

Вёска

Не расшчодрыцца, Не раздабухаецца — Вёска скупая, У ногі нікому не бухаецца, Піцуе з відна да відна, Вайна не вайна — Вёска не адступае, Адступаць няма куды. Прымакамі Урадлівыя дні з праснакамі, З прысмакамі. Спрадвеку драўляная, Як і дрэвы, ў зямлю ўрасла. Жыве яна З хлебадайнага рамяства. Не да прыхарошвання, Не да хараства! У вёскі такая Сялянская ўхватка: І пралля, і ткалля, Ратайка й салдатка. Град бобам, Пот — градам. Травеюць грады. Пакуль з горадам Грані сціраюцца, Прахопліваецца ўранні — Да цямна стараецца.

* * *

Нібы шыпячых зычных збег, Спакойны, сыпкі З самай раніцы Спадаў на сцежкі Ціхі снег, Баяўся аб ігліцу зраніцца...
Сачу — як прашчур — След бяды. Зайшлося сэрца ў ціхім верадзе Перада мной Ідуць сляды Сабачыя ўперадзе...

* * *

Ці прытулку шукае душа чыя? Чаго ўслухаецца цішыня? Захлыніся, Турбот гайня! Спакоем мяне сустракае Ушаччына.
А дзе мой прытулак? Зязюленька шэрая За вечным борам. З кім журбой павячэраю? Ці мне ў сабе, На сабе — як смаўжу — Насіць гэту хату З запалымі бёрнамі, Дарогу ў выбоінах — На Забораўна, І смачна прыжмураную імжу; Спакой, што на сітцах Прасейваюць конікі, І кветку-слёзку на падаконніку, І гэту трывогу, якой даражу?