Выбрать главу

* * *

Зноў яна, І зноў вайна Крывавіць бінт экрана, Звяно злучае да звяна — Звініць ланцуг парваны.
З дратоў і кратаў Злы ланцуг — Ён мой спакой кайданіць. Гадоў маіх забытых цуг Уваскрашае здані.
Ані прагнаць, Ні замаліць — Няхай каму старая,— А мне баліць, А мне смыліць, А мне вайна страляе!

* * *

У ранішнюю цішыню Віцебскага музея Зайшоў я І ўпершыню У вочы зірнуў ім. Нямею На момант які, На міг, Яны на мяне звычайна З пажарышчаў год нямых Глядзяць нямымі вачамі. Звычайныя юнакі Як быццам... Ды ў злых паставах... Яшчэ не выюць ваўкі Над імі ва Ўшачах, Паставах... Па-летняму рукавы — Як вострыя кіркі, Локці. ...Між намі Жаху равы, Драты з'іржавелыя Злосці. Яны яшчэ ў той сяўбе, З якой курганеюць гоні. Яны старэй за сябе. За іх Я старэй сягоння... Ішлі— Засталіся тут, Яшчэ маладыя, Худыя. Глядзяць на сляды пакут... Вочы падзець куды ім?!

Пліты

І
Анатоль Анікейчык, Па дысцыпліне — двойка! Да дырэктара з бацькам прыйдзеш! Як не быць настаўніцы ў крыўдзе — Натварыў шкоды: Вырваў старонкі З журнала першага класа Ушацкай сярэдняй школы Сорак чацвёртага года.
Цяжка паварушыць старое. Не адарваць старонкі Ад умуражэлай аблогі — Апалі, Як нямыя аблокі... Па гулкіх старонках — Чыгунных плітах, Жалобаю апавітых,— Пераклічка. Праз трыцдаць гадоў. Незагойная памяць жывая З блакаднага забыцця вырывае Імёны бацькоў i братоў. Першакласнікаў колішніх — Імёны помснікаў Шаснаццаці партызанскіх брыгад. Зноў Дротам калючьш колешся, Здзічэлы агрэст прыгад?
II
Іржавець у балючай зямлі Адсырэлым набоям. Прозвішчы пачалі Ападаць глухім лістабоем: Аўдошка, Апёнак, Бурак, Грак, Дук, Дзярыба, Жаўранак, Жарнасек, Лукашонак, Кабяк, Карабань, Лабань, Люцько, Мамяка, Роўба, Смаргун, Цвяцінскі, Якута, Ярмош... Пакута, Сябе ў журбе Змож!
Ціша цяжкая У смутку журыцца. Рэха гукае Балоты, ляды... — Хто сёння дзяжурны? Час адказвае: — Усе пайшлі на прарыў блакады...
Болем цягне Ад кожнай імшарынкі. На прагаліны Галы лясы. Б'юцца ў неба Лясныя жаўранкі — Змоўклыя галасы...
III
Звугалеў алфавіт Ад жудасці анямелых пліт. Пліты, Нібыта плыты На крывавых тваіх вірах, Вайны апраметная... Зноў на мяне наганяе страх Арыфметыка!
Лічыць не бяруся, Во ў скрусе Баюся зблытаць Учарнелыя пліты Па ўсёй маёй Беларусі. Трымае памяць мая няшчадна Імёны ў мулкай ссабойцы. Пліты... Пліты...
Па іх вучыцца нашчадкам Азбуцы нянавісці да забойцаў!

Партызанскі ўрок

А, як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту...
Мне памяць І дагэтуль паліць Па-партызанеку кемны урок: — Адзінка — Бачыш гэты палец, Якім я цісну на курок...
З лагодным паўтараў дакорам — Навуку, шалапай, Ляйцай. «А» — Слуп з падпорай, На каторым Павешаны быў паліцай...