Выбрать главу

Цётцы

Ты не шукала Ціхі спрат — Хай голас чуюць зоры! Радзілі гнеў — Крывавы град Крывавыя разоры.
Не дзядзькам добрым Быў твой век, Не цёткай згаднай — Доля. Прайшла пад кпіны пратарэк, Як крыўда, Маладою.
Не бабін век, Што сорак год,— На цэлае стагоддзе Табой прадоўжыўся народ З нягодамі ў нязгодзе.
З такіх нязломістых народ Трымаюць неба Кручы. Так Кожным Мусіць жыць Народ, Тады ён — неўміручы!

* * *

Гады прывыклі Да сваёй хады. Няўцям гадам Крыху прыстаць у скрусе. Звыкаю Да ўсвядомленай жуды, Што могільнікам памяці Раблюся.
Усё часцей кажу: Тады, Калі ...імгненню затрымацца загадалі... ...нагбом да рання і каўшом пілі не толькі мёд... Спяшаю за гадамі.
Мне не сагнацца — І тае бяды. ...Яшчэ паспее запрасіць сырая... Гады прывыклі Да сваёй хады. Я толькі ўслед Удзячна пазіраю...

Журба вясла

Песня маці чыёй балючэйшая, Ці тваёй, ці маёй, пакутніцы? Адкажы мне, Галіна Бальчэўская. Смутак мой ад мяне не адкупіцца.
Чыя каса Бядой Была? Чыя краса З вадой Сплыла?
Ты — галінка абныла-крохкая Дрэва наскага, Дрэва песеннага. Са жніва талака йшла — З палёгкаю, З ласкаю Маладзік павесіла.
Табе знаёма Журба Вясла, Дзе пакрыёма Вярба Расла.
Гора чула ты, ліха бачыла. Каб зласліўцы твае адбрахаліся, Сум спагодзіла песні матчынай Галая на святло прагалінка.

* * *

Як у госці здарышся Да крутой кумы, Той, якую старасцю Клічам мы,—
Вочы паказеліўшы, Плечы не сутуль, Памяці вузельчыкі, Дзён хатуль
Развяжы не ўтаіста, Выкладзь не ў хвальбе, З чым жа ты вяртаешся Да сябе!
Хто з няўтольнай смагаю Малады заціх, Раскажы з пава гаю І за тых.
Раз цябе уважылі, Сам не лезь на кут, Над тваёй паклажаю Тут прысуд.
Пнуцца вузкаплечыя Да шырокіх лаў. Часам месца нечае Не заняў?

* * *

Жыву, як еду ў таксі. Таксометр скроняў, Уключаны ён, Даўно — прасі не прасі — Адлічвае шлях Пад адхон, На згон...
На поўдзень хацеў — Хоць раз Спачну, замяню аблыселы скат, Прылёг — Прасейвае час Секунды На сіце густым цыкад.
Я на суравеях крэп, Таміўся Да лютых зор уваччу. Таксометр свой Выключы, стэп,— Я веку За два канцы заплачу!

* * *

Кім стану я пасля, Ці палыном, ці клёнам? Каб што! Мяне зямля Зямным шчадрыла плёнам:
Дарогай аржаной, Хмурынкай ільняною, Сцяжынаю кружной Да наспы пад сасною.
Не жыць, як набяжыць, Каб дзень за дзень — i годзе. Міг верай знабажыць. Мой дзень — мае стагоддзе.
Кім стану я пасля? Каб што! Якое слова З нябытнага былля Мяне ўрачо нанова?
Што скажуць пра мяне? А ці ўснамін сурова Увагай праміне? За ім Святое слова!

* * *

Гатова ад веснавой красы Сэрца жаўранкава разарвацца. Безабаронна знікаюць лясы — Даверу зялёнага рэзервацыі.