Выбрать главу
На бровы часу адчаю дах Насоўваецца няўхільна. Глушэюць вёскі, А ў гарадах Перанаселеныя магільнікі.
Ірвецца трос, Што ад зор да рос. Смех непадкуты Даволі коўзаўся. Папрок былы: «Ці ты ў лесе рос?» — Будзе гучаць як: «Залётаўся ў космасе...»

* * *

Травейце, гароды, Салют, гарады. Гароды, Вам оды Складзём праз гады.
На кроквы вясёлку Лірычна сагнём, Укленчым пяколку З рахманым агнём.
Уславім прысады На ціхай вярсце. Для смутку расада У гародах расце.
Чалесніку шэрыць Куродым Чало. І верыць Не одам — Гародам Сяло!

Пад восеньскім небам

Востры локаць выраю — Востры боль. Лес яшчэ задзіраю — Хвост трубой.
З восенню адносіны Так сабе. Хмар перапалосіны Шпак саб'е.
Небасхіл, плячыма хоць Шавялі. Сталі немагчымыя Шчамялі.
Ходзіць ненажэраю Ветравей. Неба, бросняй шэраю Не травей!
Чым цябе, высокае, Ацаліш? А вавёрка цокае: «Цот ці ліш?..»

Таму, хто верасні дарыў..

Як, неепакойны, спакоем заручышся? Мяшчане моляцца На гаражы і на страўнікі. Па смяротнасці — Не па неўміручасці! — Пасля касманаўтаў ідуць настаўнікі.
Ім па гадзінах аплата сціплая, На экзаменах — букецікі ў складчыну. ...Лучынка курылася, Газоўка хліпала. У людзі выходзіла Мова матчына...
З торбачкамі, З партфелямі, З ранцамі, Вачапоры, Баламуты, Накольнікі Спяшаліся да Фадзея Францавіча, Каб ранішнім словам назвацца — Школьнікі.
Няўвагі. баяліся, праглі пільнасці. Вы цеплілі нашыя вочы надзеямі. Як, мы, падшывальцы, са скуры лупіліся, Каб быць Любімчыкамі Фадзеевымі!
Беларуская мова, Маўчання хвілінаю Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў: Як і ты, меў навагу, Няспыннаплынная, Да канкрэтных назоўнікаў — Не да займеннікаў.
Блакіт абмерваюць крылы бусловыя. Жыццю клапотна, Буркотна рачулачцы. Кажу Вам сыноўняй удзякі словы я Тады, Калі Вы іх ужо не расчуеце.
Хай будуць пашаны шатамі ўшачаны Над Вашым спакоем Нябёсы вернасці. Хай будзе пухам Зямля Ушаччыны, Дзе Вам паўтарацца Школьнымі вераснямі...

Юначых сноў сталіца

Райцэнтр мой партызанскі, Пакуль што — Рай птушыны. След клалі ўпарты санкі, Чытай арнамент шынны!
Не дужа верыш бегу, Хлеб кроіш спорнай лустай. Снег пахне на адлегу Бензінам і капустай.
Калісьці ад эмоцый Канаў шляхоцкі сеймік: Хапала хэнці й моцы! Цяпер хапае семак.
Твой голас не сталіцца — На сіверах грубее, Юначых сноў сталіца, Спазнаў сябе ў табе я.
Крыху падмураваўся, Зглух ад грымот і цішаў. Ад вёскі адарваўся І ў гарады не выйшаў...

Роднаму слову

Было спрадвеку, слова, ты Крыніцай цудадзейнай сілы, Што вызваляла з нематы, Айчыны ніву каласіла.
Ты наталяла смяглы рот І выкрасала ўдар грамовы, Каб сам сабою стаў народ, Пачуўшы гукі крэўнай мовы!

* * *

Некалі свет з прысветкам Імкнуўся аб'ехаць, А мама — дома, так быць павінна, А мама, здавалася, вечнаю будзе.