Выбрать главу

Даніла ўночы пасе коней. Днём ён бывае на калгаснай пасецы, якую сам развёў. Але і там ён знаходзіць пабочны занятак: круціць з лёну гужы і лейцы. А калі бывае дома, дык ладзіць хамуты, сядзёлкі, аброці. Каб не Даніла, дык у нашай вёсцы даўно не было б чым запрэгчы каня.

Мабыць Даніла цяпер у хаце, таму Шура не хоча, каб я заходзіў. Я ведаю, што Даніла не будзе бурчаць, выгаворваць нам за бяздзелле. Ён паглядзіць з-пад ілба і гнеўна крактане. Але ад гэтага толькі яшчэ больш адчуваеш няёмкасць і сорам.

Я мінаю Данілаў двор, зварочваю ў раўчук, адтуль іду ў бярозавы гаёк за вёскай. У гайку стаіць нямоўчны гармідар галак. Яны абляпілі сукі і крычаць на ўсю сілу, аж рэжа ў вушшу: на мяне яны не звяртаюць асаблівай увагі. Я выбіраю найлепшую мясціну, кладуся на мяккую траву.

Пад бярозамі ляжыць на траве блакітны цень. Глядзіш, і здаецца — разаслаў нехта абрус. Сядай да яго, калі ласка. Гукні толькі, і паявіцца на абрусе ўсё, што пажадае душа. А яна жадае шмат чаго.

Добра было б заляцець куды-небудзь вельмі далёка на бязлюдны востраў. Не аднаму, а з Шурай. Мы селі б на пясчаным беразе і пазіралі, як коціць зялёныя хвалі акіян.

Не, лепей бы паляцець на Марс ці на Венеру. Касманаўт Сітоў. А што, гучыць! «Дазвольце сесці на Марс». «Дазваляем!» I карабель імкліва ляціць насустрач невядомаму свету. Лёгка дакранаецца да Марса. Я адкрываю люк, азіраюся. Марсіянскае неба шэрае, а на ім побач з зоркамі плыве сонца, намнога меншае, але сляпучае, яркае.

«Слухайце, слухайце, гаворыць касманаўт Сітоў з Марса». Гучыць!

Добра было б пайсці ў тайгу. Наперадзе я, за мной Шура, Стась. А каго яшчэ ўзяць? Галю Янчык хіба? Пайсці на ўсё лета. Туды, дзе ўпаў тунгускі метэарыт. Кажуць, што гэта быў карабель з нейкага іншага свету. Напэўна ж, ёсць недзе яшчэ людзі. Што яны робяць зараз? Можа вось такі самы хлопец, як я, сядзіць пад дрэвам і таксама чакае дзяўчыну…

— А вось і я. Зачакаўся?..

Шура ўсміхаецца. Я заўважаю, што ўсмешка ў яе нейкая асаблівая, вельмі прыветлівая, ласкавая і шчырая. У Шуры пад пахай пасцілка, а ў ёй загорнута кніга. Шура любіць чытаць, я гэта ведаю. Можа таму мне цікава гаварыць з ёю, хоць пры сустрэчах мы больш маўчым.

— Загурскі сёння сына прывёз. У нас жыць будуць, пакуль хату паставіць.

Маці казала, што Загурскі паехаў па сына, але што ён вярнуўся так хутка, я не ведаў. Мне хочацца запытаць, як выглядае Платонаў сын, але зноў чамусьці робіцца няёмка. I я спрабую ўявіць гэтага сына. Мроіцца нешта спешчанае, круглатварае, малое, але ўжо нахабнае.

— Ён, ведаеш, ва ўніверсітэце вучыцца. Так што будзеце сустракацца. Толькі ён на фізічным аддзяленні.

Гэта мяне крыху здзіўляе. Сцяпан Макуха гаварыў, што Загурскі прыязджаў у Русакі халасцяком. Шура тлумачьіць:

— А сын яму не родны. Загурскі ажаніўся на жонцы свайго камандзіра, калі той загінуў у Берліне,

Я не падтрымліваю размовы, хоць Шуры, як відаць, хочацца яшчэ нешта расказаць пра Загурскіх. Настае надакучлівае, няёмкае маўчанне. Яно цягнецца аж пакуль я не адмыкаю лодку.

— Чыя гэта лодка?

— Спірыдонава, здаецца.

— Лепей бы ты яшчэ чыю-небудзь адамкнуў. Клопатаў не абярэшся, калі Спірыдон дазнаецца, што яго лодку бралі.

— Сядай вось, усё роўна ўжо.

На гэты раз Шура садзіцца на карму, тварам да мяне. Сонца слепіць Шурыны вочы. Яна заплюшчвае іх, моршчыць маленькі носік, потым прыкрывае вочы далонню-брыльком.

Пад задраным носам лодкі хлюпае, лапоча вада. Звонкі капеж падае з вёслаў. Рыпяць уключыны. Хвалісты бурунчык бяжыць з-пад кармы. Шура апускае руку ў возера, зачэрпвае вады і пырскае. Над яе галавой паяўляецца яркая вясёлка і знікае.

— Павярні ўправа,— просіць Шура. Мабыць я, заглядзеўшыся на яе, мінаю востраў.— Цяпер самы раз…

Міма нас праплываюць кучаравыя бярозы і разгалісты, рагозлівы алешнік. Мы едзем па ім, перавернутым у вадзе. Глыбей неба. Сіняе. А на ім белыя воблачкі. Здаецца, што я не вяслую, а махаю крыламі, лячу ў небе, над густым таямнічым лесам.

Лодка нячутна прыстае да берагу. Пакуль я прывязваю яе да алешыны, Шура рассцілае пасцілку, кладзецца на яе і пачынае чытаць «Каралеву Марго». Я кладуся побач на траве, разгортваю падручнік нямецкай мовы.

Перфект.

Плюсквамперфект.

Парціцып цвай.

На ліха мне ўсе гэтыя перфекты і плюсквамперфекты? Няўжо толькі дзеля таго, каб паступіць ва ўніверсітэт? Дык хіба я збіраюся стаць дыпламатам? Хіба давядзецца калі падарожнічаць? Дзе я прымяню гэтыя перфекты? Колькі таго народу на свеце, што гавораць па-нямецку? А ў Германію я ехаць не збіраюся. У Францыю таксама. Што я там не бачыў? Калі ўжо ехаць, дык у Афрыку, у Новую Гвінею, у джунглі, да дзікуноў. Туды, дзе не ступала нага чалавека. А хіба там спатрэбіцца нямецкая, французская або англійская мовы? Ведаць бы ўсе мовы, што ёсць на свеце. Надзеў бы на галаву гэткі шлем, што на хаду перакладае табе і падказвае, як гаварыць на самай невядомай мове. Тады паехаў бы на Амазонку, у горы, дзе жыве племя, у якім не быў яшчэ ніводзін белы чалавек…