Выбрать главу

Вячэрнія прыцемкі непрыкметна атуляюць закуткі. Толькі ля грубкі ляжыць на падлозе светлая, мітуслівая пляма. Хочацца яшчэ бліжэй падсунуцца да агню, каб быць далей ад змроку, што выклікае непрыемнае адчуванне адзіноты. Так бывае ўначы, калі ты сядзіш ля кастра, а навокал цябе чорная, непрыветлівая цемра. Здаецца тады, што, як толькі адыдзешся ад агню, цябе адразу праглыне страшная пачвара, і ты тулішся да кастра, баішся азірнуцца і з надзеяй глядзіш на агонь: можа ён захаваецца да світання.

Людзі заўсёды любяць святло і вельмі баяцца цемры. Не ўсе, вядома…

У сенцах хтосьці грукае, абівае снег з ботаў. Чалавек кашляе, і я адразу пазнаю яго. Гэта Загурскі. Ён напускае поўную хату холаду. Белае воблака пары коціцца па падлозе, абдае марозам ногі.

— Здароў, брыгадзір,— вітаецца Загурскі, падаючы мне руку, як роўнаму.

Мне і няёмка і прыемна. Цяпер я не проста Іван Сітоў, а брыгадзір. Пасада надае чалавеку сталасць, павагу і нешта яшчэ такое, што не паддаецца разуменню.

— Які я брыгадзір…— сарамліва адказваю, бо сарамлівасць, на маю думку, сведчыць аб сціпласці.

— Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Ну, як твае справы?

— Жыць, як кажуць, можна.

— Гэта праўда. Ў хаце цёпла. Мухі на зіму падохлі. Любата. А пра інвентар, што пад снегам ляжыць, пачнем думаць тады, як трэба будзе на поле ехаць.

Я маўчу. У грубцы дагараюць дровы, і яркі водсвет агню паступова цямнее. Ціха датлявае пакрытае белаватым попелам вуголле. Змрок смялей вылазіць з закуткаў, апранаючы ўсё навокал у чорную, нязграбную апранаху. Я зачыняю грубку, прынюхваюся, ці не чадзіць, і запальваю лямпу.

3 печы саскоквае кот. Ён выгінае спіну, трэцца аб мае ногі і ленавата мяўкае: «няў-няў». Загурскі моўчкі наглядае за катом, ідзе да дзвярэй. Кот бяжыць за ім трушком, весела задраўшы пушысты чорны хвост. Загурскі адчыняе дзверы, і з сенцаў у хату зноў паўзе белае воблачка халоднага паветра.

— Маразы, хай на іх…— кажа Загурскі.— Баюся, каб сад не вымерз… А як у вас тут з кампасціраваннем? Многа гною вывезлі? Мы, брат, абмеркавалі гэтую праблему. 3 вясны пераводзім у Зарэчча ферму. Не дзела вазіць гной за пяць кіламетраў. Ды і людзям выгадней будзе: калі ёсць пастаянная работа, дык і дысцыпліна лепшая.

Ён ходзіць па хаце, засунуўшы рукі ў кішэні кароткай футравай тужуркі. Я адчуваю, што Загурскага штосьці непакоіць. Але ж не ў маіх звычках лезці да людзей з пытаннямі. Я саджуся за стол, каб кончыць табель, а Загурскі ўсё ходзіць і ходзіць па хаце. Нарэшце яму надакучае гэтае падарожжа. Ён садзіцца на лаўку, сашчэплівае пальцы і моўчкі глядзіць на бацькаў партрэт у багетавай рамцы. Бацька на партрэце зусім не падобны на сябе. Я памятаю яго іншым.

Гэта было тады, калі ён будаваў вось гэтую, дзе мы сядзім, хату. Бацька абчэсваў бервяно, стоячы на хісткім рыштаванні. Я бегаў унізе, збіраў трэскі. Бацькаў голас напалохаў мяне да смерці:

— Уцяка-а-ай!

Я задраў галаву ўверх. Бацька трымаў з усіх сіл бервяно. У яго быў барвовы твар і вялізныя вырачаныя вочы. Адна бацькава нага вісела ў паветры, другая ледзьве трымалася на вугле. Рыштавання не было.

— Уцяка-а-ай!

Перапалоханы крыкам, я кінуўся бегчы. Ззаду нешта загрукатала, гулка ўдарылася аб зямлю. Я азірнуўся — бацькі на сцяне не было. Ён ляжаў пад хатай на трэсках, а бервяно ўсё яшчэ кацілася па зямлі.

Я запомніў гэта на ўсё жыццё. Перад вачыма зноў паўстаў схуднелы бацькаў твар. Ад успамінаў мяне адарваў голас Загурскага.

— Хачу з табой, Ваня, пагутарыць… Як мужчына з мужчынам.

Да гэтай размовы я рыхтаваўся даўно, але яна ўсё роўна заспела мяне неспадзявана. Я толькі ніжэй апусціў галаву. Было няёмка бачыць сарамлівыя, пакутлівыя вочы Загурскага.

— Ты, Ваня, не маленькі. Улетку ў інстытут пойдзеш. А не паступіш, яшчэ праз зіму ў армію прызавуць. Маці адна застанецца. А ёй яшчэ і сарака няма. Маладая і ўжо шмат гадоў як удава. I мяне лёс шчасцем абмінуў. Жыву, як той бабыль… Вось і пагаварылі мы з ёю…

Тупатня ў сенцах абарвала Загурскага. Ён змоўк. Пазіраў на дзверы з надзеяй і радасцю. Мне тады здалося, што яны знарок згаварыліся і маці сышла з хаты, ды, відаць, паспяшалася прыйсці.

Дзверы адчыніліся, і на парозе ў воблаку белай пары паявілася маці. Хустка, бровы, пасмачка валасоў, што выбілася на лоб, каўнер кажушка — усё было пад інеем. Як ніколі, у той вечар, я ўбачыў, што маці вельмі прыгожая і зусім яшчэ маладая. Мне зрабілася сумна.