Выбрать главу

Суботні дзень дагарае за Чыжоўкай. Сонца цяпер заходзіць пазней, праходзячы па небе значна большую дарогу. Можа таму яно выдае як бы стомленым. 3 русаковіцкага канца вёскі ў краму да Цопы ідзе Хведар. Ён спыняецца на дарозе, чытае аб’яву і аж заходзіцца ад смеху.

— Вось дзівак…— кажа ён, нарагатаўшыся ўволю.— Такі малюнак варта было б павесіць на Пелагеінай хаце. Ад мужчын адбою не было б… Кінь ты гэтую лухту, пайшлі да Цопы, расціснем бутэлечку і — у Халябы. Я цябе там з адной штучкай пазнаёмлю. Прыгожая, шэльма!.. Хрысціне тваёй да яе, як Халімону Лепятуху да Мікалая Угодніка.

— Ты Хрысціну не чапай,— кажу я.— Не дужа мне прыемна твае паклёпы слухаць.

— Ну і дурань ты, Ваня,— нязлосна кажа Хведар,— Усе дзеўкі на адзін капыл… Дык не пойдзеш да Цопы?

— У мяне грошай няма, каб хадзіць у краму.

— Сумленныя багатымі не бываюць.

— Табе падабаецца, відаць, быць несумленным?

— Так, як табе бедным,— адказвае Хведар і, насвістваючы «Чыжыка», ідзе ў краму.

У хаце прыцемкі. Зараз зусім сцямнее, тады я пайду да Хрысціны.

Кажуць, што сёння ў Астроўне дзяўчаты ладзяць вечарынку. Можна будзе забрацца ў закутак і, абняўшыся з Хрысцінай, прасядзець увесь вечар.

Я пачынаю пераапранацца, цешачыся з думкі, як нам будзе добра з Хрысцінай. У хату ўваходзіць маці.

— Да Макухі сваты паехалі. Кажуць, па-старому сватаць будуць.

Маці апранае кажушок з чорных дубленых аўчынак, завязвае белую шарсцяную хустку і выбягае з хаты, сказаўшы напаследак:

— Даўно у нас вяселляў па-старому не гулялі. Хоць маладыя гады ўспомнім…

Пакуль маці збіралася, я, сцяўшыся ад болю, маўчаў. Было боязна гаварыць, бо сваім хваляваннем я выдаў бы сябе. Цяпер, як ніколі, я баяўся матчыных кпінаў. Потым, калі маці пайшла, я падбег да акна, углядаўся ў пахмуры вечар, што апускаўся на вёску. Мне хацелася ўбачыць у гэтых рэдзенькіх прыцемках штосьці страшнае, такое, што само па сабе сведчыла аб канцы жыцця на зямлі. На маё здзіўленне, нічога не змянілася.

Хведарышыны дзяўчаты везлі на саначках з крыніцы ваду ў чорнай абледзянелай бочцы. Над Карусёвай хатай слаўся дым. 3 таго часу, як Карусіха нарадзіла двойню, увечары над хатай заўсёды ўецца дымок. У шэрым, непрыветлівым небе ляцела ў лес чарада варон… Усё было, як і заўсёды. Тады я падумаў, што сваты прыехалі не да Хрысціны, а да Дзям’янавай Марыны. Вядома, да яе. Маці ж ні слова не сказала пра Хрысціну. Але трывога не хацела развітацца са мной. Нешта такое было ў Хрысцініных паводзінах, што насцярожвала мяне ўсе гэтыя дні пасля той незвычайнай ночы.

Я не ведаў, што рабіць. У хаце мне не сядзелася, але паказацца на людзі, было боязна. Урэшце я не вытрымаў — пайшоў. Як я не пераконваў сябе, што сваты прыехалі да Марыны, але павярнуў ў той бок, дзе жыла Хрысціна.

Хмары закрывалі месяц, таму было цемнавата, але не так, як звычайна, калі цемра слепіць вочы: навокал як бы бруілі невыразныя, мяккія змрокі. Яшчэ здалёк я ўбачыў людзей, што тоўпіліся пад вокнамі Макухавай хаты. Мяне адразу абдало гарачай хваляй. Ну вось і ўсё… А казала, што любіць!.. Было так крыўдна, што снег, вечар, дарога, вёска, прысады — усё на свеце страціла сваё рэальнае існаванне. Навокал панавала панылая пустата. Цяпер мне было ўсё роўна, куды ісці. Я павярнуў назад. Але дарога дамоў аказалася закрытай. 3 гары з песнямі ішлі дзяўчаты. Сустракацца з імі мне не хацелася. Таму я пайшоў туды, дзе стаяў натоўп.

Ля Сцяпанавай хаты гаманілі людзі. Праз вокны на двор падалі яркія палосы святла. Людзі, што траплялі ў яркае святло лямпы, здаваліся дзіўнымі, нежывымі ценямі. Цені мітусіліся, ківаліся, быццам прывязаныя да нітачак марыянеткі.

Я паспрабаваў трымацца далей ад святла. Але мне вельмі хацелася пабачыць Хрысціну. Я чамусьці падумаў, што яе прымусілі прыняць сватоў. Можа яна чакае таго імгнення, калі паяўлюся я і выратую яе ад гэтай назолы-жаніха. Перада мной адразу ж узніклі прывабныя малюнкі смелага выратавання любімай, дзікай пагоні жаніха, крывавага бою на лясной заснежанай паляне, уцёкаў з Хрысцінай у далёкія краі.

Праціснуцца да акна было нялёгка. Але што не зробіш, калі вырашаецца не толькі твой асабісты лёс. Прыціснуты людскімі плячамі да аканіцы, сціснуты, як у клешчах, з усіх бакоў, я ўсё ж зазірнуў у акно.

Першае, што я ўбачыў, быў рог стала, на якім красавалася батарэя бутэлек. Потым, за імі, я разгледзеў Сцяпана. Ён нешта гаварыў, па прывычцы падскокваючы на крэсле. Затым убачыў цётку Марыну ў новым плацці і квяцістай кашміравай хустцы. Яна стаяла да нас спіной, засланяючы астатніх гасцей. Нарэшце адышлася, і тады перада мной паявіўся знаёмы, падобны на аўсяны блін, плоскі твар з маленькім носам. Гэта быў той самы чалавек, што стрэўся мне тады, як я ехаў на нараду ў калгасную канцылярыю. Побач з ім сядзела Хрысціна і ўсміхалася.