Выбрать главу
Калі ж глухое сэрца будзе, Аглухнуць і аслепнуць людзі, — Не завядзі душу ў адчай.
14
Не завядзі душу ў адчай, Я слову роднаму малюся. І з ім — мяне не разлучай: Да роднасці даўно хілюся.
Не, не старэе наша мова, А ўзбагачае край і нас. Хай сілу набірае слова, А вартасць вывярае час.
Мо ў згодзе не заўжды з сабою, — Пайду адчайна за Табою, Як незалежная жанчына.
Не маю большай асалоды, Як шчырай быць з усім народам, Не папракай мяне, Айчына.
15
Не папракай мяне, Айчына, Ты мачыхаю мне не стань. Гадоў нямала за плячыма, Агулам ты ўсяго не гань.
Ты ж абаронца і апора — Сумленнем нашым светлым будзь. Не стань пакутай, смуткам, горам, Ты мовы продкаў не забудзь.
Нам Слова дадзена ад Бога. Хай будзе светлаю дарога — Хады маёй не асуджай.
Душа пяе на роднай мове, Моц Бацькаўшчыны ў родным слове, — Не завядзі душу ў адчай.

Споведзь

О, Беларусь, свет белы пройдзеш —

Другіх такіх мясцін не знойдзеш.

* * *
Спавядаюся роднаму краю, Тым, каго і люблю, і кахаю. Спавядаюся дням шчаслівым, Спавядаюся людзям зычлівым. Гэта, можа, не толькі споведзь, Гэта — з любай Айчынай повязь.
* * *
Папрашу я ў неба зорак, Каб свяціліся ўначы. Папрашу я ў поля кветак, Каб прыгожым быў зачын. Папрашу я вольных песень У свавольнікаў-вятроў, А ў цябе, мая матуля, Папрашу я родных слоў.
* * *
Для радасці, на ўсё жыццё Дала нам Бацькаўшчына мову, Каб ёй вярталі адкрыццё, І моц — радку, і сілу — слову.
Вяртанне
Дзяцінства маё і смяецца, і плача, Вакол мяне дожджыкам цёплым скача. Чатыры бярозкі махаюць з пагорка. І соладка сэрцу, чамусьці, і горка. Дык вось ты які, мой адзіны выток, — Салодка-гаркавы маўклівы папрок.
* * *
Зноў вандрую па роднаму краю, Падарунак ля сэрца хаваю. Дзякуй, дзякуй табе, мой Божа, За святое маё падарожжа. За жаданыя тыя сустрэчы, За сяброў, іх пагляд чалавечы, За разумныя тыя размовы, За глыточак матчынай мовы.
* * *
Плыве наш Нёман... Крыху стаў шырэйшы, Кудысьці зніклі злосныя віры. І кожны чалавек тутэйшы Раскажа, толькі з ім загавары. Раскажа ён, як велічна, прыгожа Ўзнялася старажытная Каложа, Як адбіваецца ўрачыста Мінуўшчына у водах чыстых... Ах, Спадчына, што больш яшчэ Праз душы нашыя цячэ!..
* * *
Здалёку бачыцца ярчэй Мая зямля, мая Айчына, І Нёман мой не так цячэ, І гай не той перад вачыма.
Бягу, збіваючы расу, П'ю родных даляў асалоду: Ўбіраю веліч і красу, Каб потым аддаваць народу.
* * *
Дзедаўскі край, дзедаўскі кут, Як жа мне соладка мроіцца тут! Мары, надзеі рэчкай плывуць, Чыстай вады не баламуць!.. Ў рэчцы купаецца сонца прамень... Дзедаўскі кут — спадчыны цень. Спадчыны цуд — долі ўскалых, Дзедаўскі кут — зрок наш і слых.
* * *
Не адарвацца мне ад краю — Ўсё кветку-папараць шукаю. Бярэ мяне часамі стома, — А ці знайду? Мне невядома. Магчыма, больш яна не госціць, Занадта многа ў свеце злосці.
* * *
Імкнёмся далёкае шчасце спазнаці: Не часта гасцюем у матчынай хаце. На гэта ўсё часу чамусь не стае, Мінаем мы тое, што сілу дае.
* * *
Айчына, гонар не губляй, Шануй гаючы водар слова, Ім сваю годнасць праслаўляй, — Жыць матчына павінна мова. Павінен сын яе вучыць, Хоць на замежнае ўзяў моду. Бо, калі слова замаўчыць, Не стане і твайго народу.