Выбрать главу

Уладзімір Арлоў

АДКУЛЬ НАШ РОД

Апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Арлоў, Адкуль наш род: Апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў — Вільня: Наша Будучыня, 2003. — 127 с.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2007 

Да юнага сябра

Адкуль наш род? Ён з даўніны, з вячніны, Ад крывічоў пачатак свой вядзе. Нашчадкі Каліноўскага, Скарыны Са сцежкі веры не сышлі нідзе.
Легенды пушчаў, Бліскавіц навелы Пра подзвіг прашчураў Узносяць спеў. I сцяг наш крэўны Бел-чырвона-белы Нас ад прыблудаў асланіць паспеў.
Мы — беларусы заўтра і сягоння, Мы — беларусы праз вякі вякоў. Нястрымная Літоўская Пагоня Нас кліча бараніць зямлю бацькоў.
Вярыгамі й вясёлкамі спавіты, Наш род кранае зоры галавой. Спытай, адкуль ён — Дужы, панавіты — I неба дасць адказ высокі свой!

Рыгор Барадулін,

народны паэт Беларусі

Адкуль наш род

Сёння мы пачнём з вамі гутарыць пра гісторыю нашай краіны.

Гісторыя — гэта тое, што было раней. Яна пачынаецца тады,

калі з’яўляецца чалавек.

Першыя жыхары Беларускай зямлі

Першыя жыхары Беларускай зямлі

Першыя людзі прыйшлі на зямлю, якая цяпер называецца Беларуссю, так даўно, што нават цяжка ўявіць,— 100 тысяч гадоў назад.

На тым месцы, дзе жыў чалавек, заўсёды застаюцца нейкія сляды — вугаль ад вогнішча, чарапкі, зброя, косткі ўпаляваных звяроў... Старажытныя паселішчы даследуюць вучоныя-археолагі. На Беларусі яны раскапалі дзве стаянкі людзей, якія жылі за 25 тысяч гадоў да нас.

Тады на нашай зямлі было значна халадней, чым сёння. На поўначы ўзімку і ўлетку ляжаў лёд, а астатні абшар займала тундра. Гэта была бяскрайняя бязлесная раўніна. У тундры вадзіліся мядзведзі, ваўкі, лісы і зайцы, дзікія коні, алені і зубры. Пасвіліся вялікія статкі звяроў, якіх ужо даўно няма, — мамантаў і парослых такой сама густой поўсцю насарогаў.

Нашыя далёкія продкі здабывалі сабе ежу паляваннем. Найлепшай здабычаю лічыўся мамант. Ён даваў шмат мяса і патрэбнай у гаспадарцы косці.

Каменны век

Старажытныя людзі сяліліся на берагах рэк. Яны жылі ў буданах з жэрдак і з мамантавых костак, абцягнутых зверху скурамі. Пасярэдзіне будана ўвесь час гарэў агонь. На ім смажылі мяса, каля яго грэліся і ў доўгія вечары рабілі прылады працы. Вырабляць жалеза людзі яшчэ не ўмелі. Нажы, сякеры, наканечнікі дзідаў былі з каменю. Таму вучоныя назвалі той час каменным векам.

Паступова на зямлі нашых продкаў зрабілася цяплей. Ледавік растаў, і на месцы тундры выраслі густыя лясы. Маманты зніклі, аднак у лясных нетрах хапала іншай зверыны.

Чалавечыя паселішчы трапляліся сярод лясоў рэдка, але з часам людзей стала болей, і яны засялілі ўвесь абшар сённяшняй Беларусі. Людзі навучыліся рабіць лукі, лавіць рыбу гарпунамі, восцямі і касцянымі кручкамі.

Рыбы ў рэках і ў азёрах тады было вельмі багата. Трапляліся такія вялікія самы і шчупакі, што маглі перакуліць човен і самі злавіць няўдалага рыбака.

Нашыя прашчуры ўжо ўмелі ткаць і шыць сабе адзенне не са скураў, а з тканіны. З’явіліся майстры, якія ляпілі з гліны гаршкі, талеркі ды іншы посуд. Людзі прыручылі коней, авечак, козаў і пачалі займацца жывёлагадоўляй. Каменны век скончыўся.

Жалезны век

Цяпер людзі рабілі зброю і прылады працы з металу: спачатку з медзі, потым з больш моцнага сплаву медзі з волавам, які называўся бронзай. А тры тысячы гадоў таму жыхары Беларусі навучыліся здабываць з балотнай руды жалеза. Яно хутка замяніла і камень, і бронзу. Зразумела, чаму тыя часы назвалі жалезным векам.

Жалезнымі прыладамі было зручней працаваць на зямлі, і земляробства зрабілася галоўным заняткам чалавека. Каб падрыхтаваць дзялянку да сяўбы, высякалі кавалак лесу, чакалі, пакуль дрэвы высахнуць, а потым іх спальвалі. Попел быў добрым угнаеннем. Некалькі гадоў такая дзялянка давала неблагі ўраджай.

Тагачасныя людзі сеялі жыта, пшаніцу, ячмень, лён, гарох, боб. А вось смаку бульбы не ведалі. Нам здаецца, што бульба, з якой беларусы ўмеюць гатаваць столькі смачных страваў, расла ў нас заўсёды. Але ў сапраўднасці яе прывезлі з Амерыкі толькі пяць стагоддзяў назад, а ў Беларусі яна з’явілася яшчэ пазней.