Выбрать главу

За тысячы гадоў вельмі змяніліся не толькі прылады працы, але і чалавечыя сялібы. Яны, як і даўней, стаялі на рачных берагах, ды ўжо былі абкружаныя ровам і валам. Па вале ішоў высокі частакол з бярвення. Гэтак продкі бараніліся ад нападу ворагаў.

Такое паселішча называлася гарадзішчам.

На гарадзішчы стаялі драўляныя будыніны, падобныя на цяперашнія старыя вясковыя хаты. Тут жылі некалькі вялікіх сем’яў — род.

Суседнія роды аб’ядноўваліся ў племя.

Славяне і балты

У жалезным веку жыхарамі Беларусі былі плямёны балтаў. Гэта продкі нашых сучасных суседзяў — латышоў і летувісаў (літоўцаў). Пятнаццаць стагоддзяў таму сюды прыйшлі плямёны славянаў. Яны пасяліліся побач з балтамі, паступова перамяшаліся з імі і зліліся ў адзін народ. Значыцца, латышы і летувісы даводзяцца нам, беларусам, блізкімі родзічамі. Але мы — славяне.

Славяне мелі лепшыя, чым у балтаў, прылады працы. Яны аралі зямлю драўлянымі раламі з жалезнымі наканечнікамі. Ураджай жалі шырокімі вострымі сярпамі. Зерне на муку малолі на каменных жорнах, прыкладна такіх, якія нехта з вас мог яшчэ ўбачыць у бабулі ў вёсцы.

У старажытных беларусаў існаваў такі звычай. Калі хлопчык вырастаў, яго чакала нялёгкае выпрабаванне. Каб мець права называцца мужчынам, ён павінен быў пераплысці хуткую ды глыбокую раку, здабыць на паляванні тура, мядзведзя або зубра, распаліць пад дажджом вогнішча. А яшчэ сапраўдны мужчына мусіў абавязкова ведаць, кім былі ягоныя дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Таго, хто не ведаў, часам нават выганялі з сялібы, бо лічылася, што такі бяспамятны чалавек лёгка можа зрабіцца здраднікам.

Старажытныя багі

Людзі ў тым далёкім часе верылі, што побач з імі — на зямлі, у небе і пад зямлёю — жывуць розныя багі. У іх прасілі дапамогі на полі, на рыбнай лоўлі і на паляванні. З багамі трэба было жыць у добрай згодзе. Яны маглі паспрыяць чалавеку, а маглі ўгнявіцца і паслаць неўраджай, хваробу або, напрыклад, засеяць поле каменнем.

Галоўны бог меў некалькі імёнаў, але найчасцей яго называлі Род. Ён гаспадарыў на зямлі і ў небе, кіраваў вятрамі і рухам сонца і зорак. З імем гэтага старажытнага бога ў нашай мове звязана шмат вельмі важных слоў: радзіма, народ, родзіч, продак, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне...

Грозным нябесным богам быў Пярун. Яго ўяўлялі волатам з сівымі або вогненна-рудымі валасамі і барадой. У руках ён трымаў лук і стрэлы-маланкі. Гэты бог пасылаў на зямлю навальніцы і дапамагаў воінам перамагчы ворагаў. Ягонае імя таксама засталося ў беларускай мове. Цяпер яно азначае аглушальны ўдар грому.

Продкі верылі ў многіх багоў. Багіню ўраджаю яны ласкава звалі Цёцяй. Бог Вялес клапаціўся пра свойскую жывёлу. Тур наглядаў за дзікімі звярамі і мог дапамагчы паляўнічым. Зюзя марозіў марозам. Майстры кавальскай справы сябравалі з богам агню Жыжалем.

Кавалёў называлі чараўнікамі. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як яны ператваралі просты кавалак жалеза ў сякеру, меч ці касу. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закаваць у кайданы нячыстую сілу, прыкуць за язык самога Змея Гарыныча.

У тыя далёкія гады бабулі ўжо расказвалі ўнукам казкі пра Гарыныча і пра Кашчэя. Кашчэй толькі прыкідваўся неўміручым. На дне мора ці на востраве пасярод хваляў ляжала скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, а ў яйку — Кашчэева смерць. Змагаючыся з пачвараю, смелы ды спрытны хлапец абавязкова трапляў у госці да Бабы Ягі.

Гэта значыць, што многім беларускім казкам, якія вы, напэўна, добра ведаеце, болей за тысячу гадоў.

Жыхары нашай зямлі верылі, што ў лесе гаспадарыць лясун, у доме — дамавік. Калі ўвечары над зямлёю плыў туман, казалі, што гэта вадзянік расклаў на дне ракі сваё халоднае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым.

Продкі былі перакананыя, што на жытнёвым полі хаваецца Жыцень — маленькі дзядок з даўгой барадою. Жыцень любіў пераносіць каласкі ад лайдакаватых гаспадароў да працавітых. У беларусаў працавітасць цанілася з самых даўніх часоў.

Святы нашых продкаў

Прадзеды ўмелі працаваць, умелі і весяліцца ў святочны дзень. Найвесялейшым святам былі Каляды. Тады па дварах і хатах з песнямі хадзілі калядоўшчыкі.

Яны вадзілі з сабою Бусла, Мядзведзя і Казу. Вядома, гэта былі не сапраўдныя

звяры, а пераапранутыя хлопцы і дзяўчаты. Верхаводзіла сярод іх Каза. Калядоўшчыкі спявалі:

Дзе каза рогам, Там жыта стогам, Дзе каза хвастом, Там жыта кустом...