Выбрать главу

і толькі я адзін ува ўсім аддзяленьні быў супраць саюзнай дзяржавы

і заўзеў на злосьць астатнім за братнюю Чэхію

урэшце за дзесяць хвілін да канца трэцяга пэрыяду

абаронца Пэтр Свобада з характэрным антырасейскім прозьвішчам

размахнуўся клюшкай і так ёбнуў ад душы па шайбе

што тая ўляцела проста ў браму расейскага галкіпера Шталянкова

а я ўскочыў з крэсла і пачаў радавацца за Чэхію

і зусім забыўся што за сьпінай у мяне

стаяць курсанты міліцэйскай акадэміі

якія між сабою тут жа шматзначна пераглянуліся

і адзін зь іх сказаў другому

добра чутным у той трагічнай цішыні шэптам:

«Калі чэхі выйграюць – адпізьдзім валасатага»

пасьля гэтай фразы нашыя ролі памяняліся

курсанты паклалі хуй на братнюю Расею й сталі заўзець за Чэхію

ў прадчуваньні лепшай за ўсякі хакей забавы

а я прыліп да драўлянага шпітальнага крэсла

і думаў, як мне цяпер выкруціцца

ці то пачаць адкрыта заўзець за Расею то бок за саюзную дзяржаву

ці то паказаць сябе мужыком забыць пра іхную фразу

й заўзець надалей за Чэхію

здаецца я прыйшоў да нейкага кампрамісу

і заўзеў надалей за Чэхію але ўжо меней дэманстратыўна

вось толькі гэта не паляпшала маёй сытуацыі

хвіліны сыходзілі зборная Расеі адыгрывацца не сьпяшалася

Дамінік Гашак нібы змовіўся супраць мяне з курсантамі

і вырабляў у браме такія цуды, што рабілася страшна

воплескі маіх потных далоняў былі ўсё менш гучнымі

за хвіліну да канца матчу я пачаў рыхтавацца да непазьбежнага

але тут як заўжды ў апошні момант зьявіўся Дэўс экс махіна

ў выглядзе старой, праціўнай і грубай мэдсястры

што гукнула: «Хто тут Шчур? Да вас наведнікі! На ўваходзе!

Астатнія – марш на абед, бо схалодае!»

і выключыла тэлевізар

што тут пачалося

хуліганы бамжы вэтэраны й курсанты адзінагалосна залямантавалі

маўляў які абед вы што ахуелі дайце нам даглядзець фінал!

усчалося нешта падобнае да «Палёту над гняздом зязюлі»

а я пакуль тое хуценька пабег уніз сустракаць наведнікаў

ня маючы найменшага паняцьця хто яны могуць быць

аказалася гэта былі мае аднагрупнікі й аднагрупніцы

што прадбачліва прыехалі наведаць мяне на Акрэсьціна

пасьля ранішніх параў

акурат у час заканчэньня матчу Расея-Чэхія

і калі я з крыкам «Мы выйгралі!» прынёс ім вестку пра перамогу Чэхіі

ў якой я не сумняваўся

яны не да канца зразумелі, што я маю на ўвазе

і чаму раптоўна ім рады

больш чым імі прынесеным цыгарэтам

18. Сямейныя прычыны

У нас інтэрнацкіх

не было вялікіх праблем з трахадромам

праблемы былі ў мясцовых

тых што жылі з бацькамі

асабліва старымі

я меў такія ж у Берасьці

й па шчырасьці ім не зайздросьціў

але й да нас у інтэрнат

не заўжды і ня ўсім можна было трапіць парадным уваходам

некаторыя лазілі па зьвязаных прасьцінах цераз балконы

ламалі ногі

але ўпарта ішлі на нераст

з маёй мясцовай каханай

мы доўга шукалі месца дзе б застацца

ўдваіх у маім інтэрнацкім пакоі вечна хтосьці тусаваўся

то суседзі зь дзеўкамі то ў адсутнасьць суседзяў

мой знаёмы прыблудны гей

для якога я быў на шчасьце нецікавым як малалетка

а каханая была дома пад пільным бацькоўскім каравулам

урэшце яна папрасіла ў сяброўкі ключ ад кватэры

дзесьці ў раёне бульвара Шаўчэнкі

сама сяброўка пайшла начаваць да бабулі

а мы засталіся начаваць у кватэры

ці можа кватэра належала бабулі

й тая пайшла начаваць да сяброўкі

дакладна ўжо не згадаю

апісваць той вечар і ноч няма асаблівага сэнсу

усе думаю перажывалі штосьці падобнае

я напрыклад упершыню перажыў сапраўдны аргазм

з далёка ня першай спробы

аказалася што каханьне мае ня толькі духоўнае вымярэньне

пад раніцу мы былі ўжо стомленыя

але ўсё адно не хацелі разьвітвацца

каханая была вольнай але мне трэба было на заняткі

і я натуральна сказаў што дзеля каханьня на іх забіваю

яна занепакоілася маўляў а што ты скажаш ува ўнівэры?

я паціснуў плячыма

што-небудзь прыдумаю

скажу што мусіў тэрмінова зьехаць у Берасьце

па важных сямейных прычынах

такія заўсёды знойдуцца

скажам вясельле ці пахаваньне

мы пасьмяяліся

й далей займаліся тым чым займаліся

толькі гадзіне аб адзінаццатай раніцы

я сказаў што больш не магу мне патрэбна выспацца

аднаму

бо надвячоркам у мяне была заплянаваная рэпэтыцыя