Выбрать главу

і тут убачылі ў гушчары

мігценьне россыпу жоўтых агнёў –

гэта яна, папараць-кветка!

Не, гэта былі Навінкі

якія ў цемры выглядалі зусім як наш інтэрнат

тады сябры мне патлумачылі,

што гэта славуты дурдом

пабрацім Шарантона й Радэза

дзе жывуць менскія вар’яты

наркаманы й філёзафы ў вялікай зьяднанай сям’і

быць прынятым у якую мне тут жа захацелася болей

чым хатняга малака

і пакуль хлапцы навобмацак рвалі папараць-кветку

я стаяў і ціха зайздросьціў

жыхарам Навінак

…Малако варылася доўга

гадзіны тры ці чатыры

на электраплітцы ў маім блёку

і ягоны смурод трывожыў мірныя сны цэлага паверху

Урэшце вадкасьць набыла патрэбны колер

так званы колер хакі – ці харкаціны

і пазбылася малочнага смаку

на карысьць смаку конскай жвякі

Піць гэта можна было толькі паводле ленінскага прынцыпу

два глыткі наперад – адзін назад

але нягледзячы на ўсе нашыя намогі

ні храна тое малако не натхняла

Адно спалілі мой адзіны рондаль

Філяматаў з нас ня выйшла

А яшчэ праз два гады адзін з нас

пры падобных абставінах

усё-ткі патрапіў у тыя казачныя Навінкі

апавёў нам пра электрашокі

і болей мне туды не карцела

Гэтак памерла адна з маіх першых

юначых ілюзій

9. Дачка апазыцыянэра

На мітынгу каля Тэлецэнтру

ў лютым дзевяноста шостага года

дзе гулялі з амонам у сьнежкі

і крычалі «Кефір Пазьняку!»

(злыя амонаўцы забралі ў мяне й зламалі

тронак казённай інтэрнацкай швабры

сарвалі зь яе б-ч-б сьцяг, які належаў майму суседу

і ледзь не затапталі мяне пры спробе выцягнуць яго з-пад іхных падэшваў –

суседавага гневу я баяўся ня менш дыктатуры)

я пазнаёміўся з маладзенькай дзяўчынай

якая ў нейкі момант узяла мяне за руку

і сказала «ня бойся»

за што я быў ёй вельмі ўдзячны

і цяпер ужо цалкам спакойна

баяўся сабе далей

гэты кранальны момант

нават зафіксавала апазыцыйная прэса

на калектыўным здымку

як толькі скончылася тая сьнежная заваруха

(тады яшчэ нікога не затрымалі)

мы разгаварыліся

дзяўчына мне спадабалася

мала таго, што яна была дачка апазыцыянэра

дык яшчэ й крыху нагадвала Віктара Цоя

як можна было ў яе не закахацца?

Неўзабаве пасьля таго, як мы пачалі сустракацца

зь дзяўчынай узьніклі праблемы

па-першае, яна чамусьці перайшла зь беларускай на расейскую

па-другое, аказалася непаўналетняй школьніцай

праз што ўсе мае залёты вымушана абмяжоўваліся

пацалункамі й памацункамі

ну і па-трэцяе й ГАЛОЎНАЕ:

ёй не падабаўся ані Цой

ані Грабеншчыкоў

ані мой стыль

яна ўвесь час раіла мне пастрыгчыся

выняць з вуха завушніцу

заняцца спортам

паверыць у Бога

перастаць мацюкацца а мой значак «фак офф» кінула пад колы самазвалу

з набліжэньнем летняй сэсіі я пачаў разумець

што вялікага каханьня нам не наканавана

і тут мая «Васьміклясьніца» запрасіла мяне ў госьці!

Нягледзячы на тое, што яна жыла ажно ў Сьляпянцы (Сьцяпянцы?)

я паехаў

бо хацеў паглядзець, як жыве сям’я апазыцыянэра

і наўдачу маніўся скарыстацца апошнім шансам

стаць яе часткай

сям’я жыла ў звычайнай сялянскай хаце

а самога апазыцыянэра на шчасьце не было дома

ён быў ці то на працы, ці то на нарадзе апазыцыянэраў

Пачаставаўшы мяне гарбатай

ягоная дачка ўцёрла сьлязу

і афіцыйна паведаміла мне, што ў яе ёсьць іншы хлопец

якога яна кахае зь мінулага лета

у адрозьненьне ад мяне ён – бляндын, стрыжаны і нармальны

вучыцца ў ПТВ, верыць у Бога, займаецца спортам

і такому як я можа заўсёды начысьціць пысу –

у якасьці доказу яна паказала мне ягоны фатаздымак

мне адразу ўсё зрабілася ясна

апроч таго нашто

трэба было запрашаць мяне ў госьці

ажно ў Сьцяпянку (Сьляпянку?)

каб пра гэта паведаміць

можна ж было і па тэлефоне

карацей, ува мне ўзыграў гонар нефармала й інтэлектуала

я сказаў, што таксама даўно яе не кахаю

узяў пад паху свайго Картасара («62. Мадэль для зборкі»)

і рушыў назад на тралейбус

а можа й трамвай

ці аўтобус

па дарозе я ішоў і сьмяяўся

вецер кудлаціў мае валасы

у маёй завушніцы

і на памятым коламі самазвала значку «фак офф»

зіхцелі прамені сонца

я і праўда тады ледзь не паверыў у Бога

цяпер я быў яшчэ больш удзячны

дачцэ апазыцыянэра:

такім шчасьлівым мяне яшчэ не рабіла