Выбрать главу

ніводная дзяўчына

10. За дружбу народаў

Дом дружбы народаў на Захарава

(якую мы часам называлі «Макарава»

паводле нашага тагачаснага рэктара

што калісьці прадстаўляў Савецкі Саюз у ЮНЭСКА ў Парыжы

і бухаў там з Эльзай Трыяле й Люі Арагонам)

дык вось

Дом дружбы народаў на Захарава

акурат насупраць нашага ўнівэру

ува ўсім быў поўнай яго супрацьлегласьцю

па-першае, у архітэктурным сэнсе

бо Дом дружбы народаў – гэта віла

а наш унівэр – гэта вілы

гнюсная бэтонная скрынка

па-другое таму, што ўва ўнівэр мы хадзілі

калі ня кожны дзень, то даволі часта

хоць нам туды й зусім не хацелася

а ў Доме дружбы народаў насуперак страшнаму карценьню

не былі ніколі

й нават ня бачылі, каб туды заходзіў хто-небудзь іншы

хаця кожны дзень сумленна курылі перад заняткамі

і ўваходам у наш унівэр і цікавалі

ці ўвойдзе ўрэшце ў Дом дружбы народаў

прынамсі хтосьці

пажадана прадстаўнік якога-небудзь народу

зь якім мы ня супраць былі падружыцца

каб урэшце патрапіць у Дом дружбы народаў

ува ўсім гэтым было штосьці шпіёнскае

мы нэрвова курылі й сачылі за Домам дружбы народаў

а Дом дружбы народаў сачыў за намі

і не падаваў аніякіх прыкметаў жыцьця

прыкідваўся мёртвым

тады як наш унівэр быў жывейшы за Леніна

урэшце мы прыдумалі

як трапіць у Дом дружбы народаў

нам дапамаглі анархісты

што зладзілі там сьвяткаваньне ўгодкаў Чэ Гэвары

пры ўдзеле пасольства Рэспублікі Куба

і вэтэранаў савецка-кубінскай дружбы

пераважна так званых ваенных саветчыкаў

У рамках сьвяткаваньня

вэтэраны згадвалі пра свае ваенныя саветы

а мы з анархістамі чаго толькі не рабілі

пілі матэ

чыталі па-француску Лятрэамона

сьпявалі ірляндзкія песьні

і песьні легендарнага гурта «Лёс Чыканос»

што выступіў там адзін зь першых разоў у гісторыі

я сам адпусьціў быў ленінскую бародку

і нёс з браневічка нейкую хуету ў масы

адным словам весяліліся па поўнай

(«ёрнічалі», як выказаўся адзін з вэтэранаў)

раз ужо трапілі ў Дом дружбы народаў

што ў той вечар ператварыўся ў кабарэ «Вальтэр»

а саветчыкі пазіралі на ўсё гэта з агідай

і не разумелі куды й дзеля чаго ўласна

іх то бок нас запрасілі

пасьля гэтага ўсё йшло як маслам намазаў

і мяне зноў запрасілі ў Дом дружбы народаў

гэтым разам з нашым унівэрсытэцкім хорам

выступіць на сьвяткаваньні каталіцкіх Калядаў

што ладзіла здаецца галяндзкая амбасада

мы павінны былі сьпяваць для нешматлікай замежнай публікі

беларускія калядкі й клясычныя крысмас кэралз

першае аддзяленьне мы адбабахалі ўдарна

ня горш за легендарны гурт «Лёс Чыканос»

у перапынку на стол паставілі выварку

з традыцыйным калядным глінтвэйнам

мне было цікава, што гэта такое

я ніколі ў жыцьці шчэ ня піў глінтвэйну

як і нічога ў той дзень ня хаваў

глінтвэйн аказаўся надзвычай смачны

ў ім плавалі шматкі лімонаў і апэльсінаў

піць яго можна было бясконца

найлепш проста з вываркі ці з апалоніку

а ня з плястыкавых кілішкаў

якімі астатнія наіўна скарысталіся ўсяго па разу

не разумеючы, што піць глінтвэйн трэба хутка

пакуль ён зусім не схалодаў

але тут на жаль настала другое аддзяленьне

вось тады ўва мне ўрэшце прачнуўся

Лючано Павароцьці

саліст першага пляну

я гучаў асабняком ад цэлага хору

і сьпяваў па памяці ня гледзячы ў ноты

бо ўсё адно іх ужо ня бачыў

як і разьюшаных поглядаў дырыжоркі

тут самы выхаваны з нашых сапраўдных салістаў Слава

які празь мяне сам ня чуў, што сьпявае

ня вытрымаў і штурхнуў мяне локцем у бок

і тады мне зрабілася неяк блага

рэшту другога аддзяленьня я праслухаў

у прыбіральні Дому дружбы народаў

дзе бляваў пад гукі крысмас кэралз глінтвэйнам

спадзяюся што замежная публіка мяне ня чула

я зусім не хацеў псаваць ім Каляды

і зноў ператавараць іх у сьвяткаваньне ўгодкаў

у чымсьці ўсё-ткі хрыстападобнага Чэ Гэвары

але так ужо выйшла

і больш у Дом дружбы народаў

ні мяне, ні наш хор не запрашалі

вось такая з гэтымі замежнымі народамі дружба

да першай крыві

колеру глінтвэйну

11. Сінэстэзія

Перад заключным іспытам па псыхалёгіі

мы павінны былі прайсьці пэдагагічную практыку

й напісаць пра яе ледзь не навуковую працу

безь якой на іспыт не былі б дапушчаныя