Выбрать главу

– Яснавяльможны пан Міхал вырашыў абзавесціся пажам, – з’едліва заўважыла карміцелька.

Юнак спадылба зірнуў на яе і ўзяўся жаваць далей.

– А як пану Янэку спадабалася Вільня? – пацікавілася кабета.

– Янэк амаль не бачыў горад, мы ж прыехалі позна вечарам, – паспяшаўся з адказам Міхал.

– А ён што, нямко? – хітра прыжмурылася карміцелька.

– З чаго ты вырашыла?

– Ну, ты ўвесь час адказваеш замест яго, не даеш хлопчыку нічога сказаць.

– Хадзем, – сказаў Міхал Басі, рэзка ўстаўшы з-за стала.

Дзяўчынка журботна паглядзела на астылую кашу ў талерцы і ўзнялася следам за ім.

– Куды гэта ты сабраўся? – усклікнула карміцелька.

– Горад Янэку паказаць хачу! – з’едліва паведаміў юнак.

– Пачакай! Гаротнае дзіцянё зусім галоднае засталося! – спудзілася кабета. – Што ты трымаешся, нібы пан са слугой?

– Няма чаго сядзець, няхай прызвычайваецца да службы, – строга прамовіў Міхал і пацягнуў Басю за рукаў.

– Міхал, мабыць, нам пайсці з табой? – спыталі маладыя людзі.

– Не. Сёння можаце ісці па дамах, – сказаў юнак і зноў пацягнуў за сабой Басю.

– Чакайце, – карміцелька схапіла са стала кавалак хлеба і працягнула яго дзяўчынцы. – Хаця хлеба з’ясі.

– Дзякуй, – сказала тая.

Карміцелька склала рукі на жываце і замілавана ўсміхнулася. А Бася паспяшалася за Міхалам, жуючы на хаду хлеб.

Калі яны выйшлі на двор, яна падазрона прынюхалася і з агідай заціснула нос рукой: у паветры стаяў моцны пах гною. Але ўжо праз некалькі хвілін Бася прызвычаілася да мясцовых асаблівасцяў і рахмана ішла ў нагу з Міхалам.

– Ты чаго мне рота адкрыць не даваў? – упікнула яна юнака.

– Калі б ты пачала размаўляць, у іх з’явілася яшчэ больш пытанняў.

Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яго.

– Ты дзіўна кажаш – нібы на нашай мове, а нібы і не, – паведаміў Міхал.

– Ой, ды годзе! Ты ж мяне разумееш.

– Ну, я ўжо прызвычаіўся!

Бася фыркнула, а потым спытала:

– А хто былі тыя людзі за снеданнем?

– Маладыя – сыны карміцелькі, а паджылы – стары сябра бацькі, ён таксама служыць князю і нярэдка заходзіць да мяне.

Міхал з Басяй рушылі далей па горадзе. Дзяўчынка з прагнасцю пазірала па баках, круцячы галавой то направа, то налева, каб нічога не прапусціць.

– Пакінь так на ўсё вытарашчвацца, – раз-пораз бухцеў юнак. – Ты прыцягваеш да нас увагу.

– Дык мне ж цікава! – абурана ўсклікнула Бася. – Я ніколі не бачыла такога. Ты што, думаеш у маім часе ўсё тое ж самае? Зусім не!

Міхал толькі паціснуў плячыма.

– Слухай, Бася, давай збочым на гандлёвую вуліцу, купім табе вопратку. Ці мала, на колькі ты тут застанешся? – прапанаваў ён.

Яны пакрочылі міма гандляроў, якія расхвальвалі тавар на розныя лады і заклікалі прахожых да сябе ў краму. Міхал і Бася зайшлі ў адну з іх. Пакуль дзяўчынка разглядала розныя жаночыя ўпрыгожанні для валасоў, юнак спешна прыкладаў ёй да спіны кашулі і каптаны. Калі ўся вопратка была абраная, дзяўчынка падцягнула Міхала да прылаўка, на якім былі раскладзены розныя пусцяковіны, і ціхенька сказала яму:

– Паглядзі, якія стужкі прыгожыя. А грабянькі ўвогуле цуд, праўда?

– Ну і што? – не зразумеў яе намёкаў юнак.

– Мабыць, ты б купіў мне нешта? – Бася зрабіла ўмольныя вочы.

– Не! Якія стужкі, якія грабянькі? Ты ж хлопчык, – нагадаў ёй юнак.

– Ну, Міхалачак, калі ласка! Мне так хочацца! – заныла дзяўчынка.

– Я ж сказаў – не. Як я буду купляць табе – хлопчыку – грабянькі ўсялякія?

– Ды што ты ўсё пра адно і тое ж: хлопчык-хлопчык. Насамрэч я дзяўчынка! – гучным шэптам прамовіла Бася.

– Ну-ну, галоўнае – крычы пра гэта гучней! – асек яе Міхал. Бася пакрыўджана насупілася.

– Ну Міхал! – пачала прасіцца яна.

– Не.

– Чаму?

– Я табе ўжо ўсё патлумачыў. Хадзі пастой на свежым паветры, а я пакуль расплачуся.

Бася выпнула ніжнюю губу і пацягнулася да выйсця.

– «Пастой на свежым паветры, пастой на свежым паветры», – бурчэла яна, дражнячы Міхала. – Зусім яно не свежае – гноем смярдзіць!

Праз хвіліну юнак далучыўся да яе, і яны пацягнуліся далей па гандлёвай вуліцы.

– Чаго ты на мяне злуешся? – спытаў Міхал. Бася толькі фыркнула.

– Ну кінь! – прымірэнча сказаў юнак. – Як бы я купляў табе ўсю гэтую лухту? Тым больш што валасы ў цябе зараз кароткія.

Зноў прыгадаўшы сваю самую вялікую страту ў жыцці, дзяўчынка хацела ўжо пачаць грозную тыраду ў адрас Міхала, але, праходзячы міма чарговага прылаўка, яна заўважыла дзіўнага дзядка, у абліччы якога нешта здалося ёй вельмі знаёмым. Бася неўразумела ссунула бровы і зноў пакрочыла следам за юнаком, але над вухам яна пачула: