Калі скончылася вайна, я вырашыў адшукаць тое люстра. Я адразу ж накіраваўся на Сціклю. Я ўзрадваўся, калі ўбачыў, што наш дом застаўся цэлы. Унутры нікога не было. У доме ўжо даўно ніхто не жыў. Я ўзняўся наверх, але знайшоў там толькі два люстры. Я пазнаў іх. Адно вяло ў XVII стагоддзе, а другое якраз было тым самым, скрозь якое я прайшоў у XX стагоддзе. Зразумела ж, адразу яно не адчынілася. Я чакаў усю ноч, але ўрэшце заснуў, так і не дачакаўшыся. Затое ў наступную ноч я прайшоў у родны дом. Выявілася, што бацька ўжо некалькі гадоў як памёр. Тады я вырашыў забраць усе мапы, схемы і табліцы, у якіх былі апісаны ўласцівасці люстраў, і вярнуцца ў ХХ стагоддзе. У бацькі гэтаксама былі немалыя грошы. З іхняй дапамогай я аднавіў наш дом і хутка стаў дастаткова заможным чалавекам. Потым я пачаў набываць люстры, але хутка выявіў, што многія з іх не захаваліся. Таму мне прыходзілася часам вяртацца сюды, каб адзначыць тыя, якія я не знайшоў.
І вось, зусім нядаўна мне прывезлі яшчэ адно люстра. Аднак яно ніяк не жадала мне адчыняцца. Тады я выставіў яго ў вітрыну, але не для таго, каб прадаць. Я чакаў чалавека, якому яно было прызначанае. Мушу шчыра вам прызнацца, мадэмуазэль, убачыўшы вас, я быў надта здзіўлены: не думаў, што люстра абярэ дзіцянё.
– Між іншым, мне ўжо шаснаццаты год, – пакрыўджана прабурчала Бася.
– Прабачце старому – мякка ўсміхнуўся пан Альбрыхт і працягнуў: – Тым не менш мне не заставалася нічога іншага, як прыняць выбар люстра. Я пачаў за вамі назіраць і, калі вы прыйшлі ў чарговы раз, вырашыў даведацца, дзе вы жывяце. Мне трэ было пераканацца ў тым, што люстра здолее адчыніцца, калі яго прывезці да вашага дома, вы ж зараз ведаеце, як важна супадзенне месца. Калі вы прыйшлі ў маю краму з матуляй, я быў гатовы на любыя ўступкі дзеля таго, каб праверыць гэта. Выбачайце, мадэмуазэль. Гэта, вядома ж, мая памылка. Я не мусіў уцягваць вас у гэтую авантуру. Адзіным апраўданнем мне можа служыць толькі тое, што, раней чым аддаць люстра, я пераканаўся ў тым, што тут вам нічога не пагражае.
– Але як жа вы даведаліся, што я патраплю якраз у гэты час? – нецярпліва перапыніла яго дзяўчынка.
Стары неўразумела паглядзеў на яе, а потым, прыўзняўшы брыво, спытаў:
– Дык вы не знайшлі лічбы?
– Якія лічбы? – не зразумела Бася.
– На раме павыразаныя лічбы – адзінка, дзве пяцёркі і нуль. Няўжо вы не бачылі?
– Не. Ну, і што гэта мусіла значыць?
– Тысяча пяцьсот пяцідзясяты.
– Дык гэта ж год! – ахнула Бася і з захапленнем дадала: – І вы адразу здагадаліся?
– Дзякую, мадэмуазэль, за прызнанне маіх сціплых разумовых здольнасцяў, – стары цырымонна пакланіўся дзяўчынцы. – Не буду стамляць вас падрабязным апавяданнем пра тое, як я трапіў у дом да вашага юнага сябра. Галоўнае – я пераканаўся, што ён мае акурат такое ж люстра, і месцазнаходжанне вашых дамоў супадае. Павінен прызнацца вам, я некалькі збянтэжыўся, убачыўшы вас у адзенні хлопчыка. Я зусім не чакаў гэтага! – усклікнуў стары. – Але, з другога боку, я рад, што ваша знаёмства з юным Саколічам склалася паспяхова. Ён робіць уражанне добрага і высакароднага чалавека. Спадзяюся, што ваша знаходжанне ў яго доме да таго часу, пакуль не адчынецца люстра, будзе бяспечным.
Бася кіўнула.
– Але чаму ж усё-такі трэба так доўга чакаць? – спытала яна. Пан Альбрыхт цяжка ўздыхнуў і цярпліва сказаў:
– Ах, мадэмуазэль, вы не вельмі ўважліва слухалі мяне. Я пералічыў вам умовы адчынення люстра. Каб супадалі ўсе з іх, патрэбны час. Калі вы памятаеце, учора я сказаў, што, паводле папярэдніх разлікаў, вам прыйдзецца чакаць шэсць-восем месяцаў. Зразумела, я зраблю больш дакладныя вылічэнні, але сказаць канкрэтную дату адчынення перахода немагчыма. Вам застаецца толькі чакаць.
– Зразумела, – працягнула дзяўчынка. – А вось глядзіце, на другі дзень пасля таго, як я ўпершыню трапіла сюды, люстра не адчынілася. Чаму так?
– Люстра адчыняецца пры ўмове, што ў абодвух вымярэннях аднолькавая фаза Месяца. Звычайна яна трымаецца каля трох дзён. Але акрамя гэтага патрэбны і сам Месяц. А зараз адкажыце мне, якое надвор’е было?
– Дождж, – адказала Бася. – Значыцца, для таго, каб люстра адчынілася, Месяц мусіць свяціць абавязкова?
Стары кіўнуў.
– Толькі падумаць! Гэта ўсё так цікава і неверагодна! – усклікнула дзяўчынка. – А хтосьці яшчэ ведае ці ведаў таямніцу люстраў?
– Вы чулі пра графа Каліёстра – вядомага шарлатана?
– Зразумела!
– Ён сцвярджаў, што жыве некалькі стагоддзяў і, калі вы памятаеце, прадказаў, што Марыю-Антуанету катуюць на гільяціне. Як вы думаеце, мадэмуазэль, адкуль ён здолеў даведацца пра гэта? – спытаў стары.