Выбрать главу

– Люстры! – здагадалася Бася.

– Сапраўды, мадэмуазэль! Сапраўды так! – усклікнуў купец. – І ён не адзіны. Чаму ж здаецца, што Настрадамус, Леанарда да Вінчы, Роджар Бэкан – людзі не свайго часу? Усе яны ведалі таямніцу люстраў. Дарэчы, некаторыя нашыя землякі таксама маглі пераходзіць у паралельныя вымярэнні. Адзін з іх – Казімір Семяновіч. Ды наўрад ці вы ведаеце, хто гэта…

– Чаму не ведаю? – абурылася Бася. – Нават вельмі добра ведаю. Ён быў інжынерам і праектаваў касмічныя ракеты, хаця жыў у XVII стагоддзі.

– Насамрэч ён нарадзіўся не ў гэтым стагоддзі. Ён трапіў у яго выпадкова. З-за цікаўнасці, як і вы, – сказаў стары.

– А чаму вы вырашылі вярнуцца ў XX стагоддзе? – спытала Бася. – Тут жа ваш родны дом.

– Проста мне здалося, што там будзе камфортней і прасцей жыць, – адказаў дзядок.

У дзверы кабінета пагрукалі. Стары выйшаў, але праз хвіліну вярнуўся.

– Вы не паверыце, мадэмуазэль, але ўжо вечар! Даўгавата я вам усё распавядаў, праўда? Міхал прыйшоў за вамі. Ён чакае ўнізе.

– Вялікі дзякуй, што вы ўсё растлумачылі мне, – сказала Бася.

– Няма за што, – адказаў стары. – Ага, а самае галоўнае я вам якраз і не сказаў! Ні ў якім выпадку не намагайцеся штосьці змяняць. Гэта можа прывесці да жудасных вынікаў. Да таго ж вы не здолееце вярнуцца дадому! Запомніце гэта, мадэмуазэль, калі ласка! А зараз ідзіце.

– Да пабачэння, – развіталася Бася і выйшла з кабінета. Але раптам яна зноў з’явілася ў дзвярным прахоне:

– А вы ж казалі, што кожнае люстра здольнае ўпусціць у свае Успаміны?

– Не. Толькі вельмі старажытныя люстры здольныя зрабіць гэта. Новым жа і ўспамінаць няма чаго, – адказаў стары.

Бася кіўнула і знікла за дзвярыма.

Раздзел 6

Міхал і Бася ішлі па ціхенькіх вулачках вячэрняй Вільні.

– Ну што, гэты старызна ўсё табе распавёў? – спытаў юнак.

– Разумееш, хаця ён і растлумачыў, чаму я тут, я яшчэ больш заблыталася. Я ўсё-такі дарэшты не веру, што гэта сапраўды адбываецца, – уздыхнуўшы, адказала Бася. – Мушу сказаць адно: табе яшчэ доўга прыйдзецца мяне цярпець.

– Ну, наколькі доўга?

– Не ведаю. Мне здаецца, што я ўвогуле ніколі не вярнуся дадому! – на вочы дзяўчынкі навярнуліся слёзы.

Яна згорбілася і апусціла галаву.

– Бася, не журыся! Ты абавязкова вернешся дадому! – паспрабаваў падбадзёрыць яе Міхал. – Няхай гэты дзед толькі паспрабуе не адправіць цябе назад! Ён тады вельмі моцна пашкадуе, што распачаў усю гэтую гісторыю!

Дзяўчынка слаба ўсміхнулася. Раптам прыгадаўшы словы пана Альбрыхта, яна спытала:

– Міхал, а на тваім люстры ёсць лічбы на раме?

– Якія лічбы? – не зразумеў юнак.

– Ну, на раме год выразаны – тысяча пяцьсот пяцідзясяты, – удакладніла Бася.

– А, гэта. Ну, так. Я купіў люстра адразу пасля смерці бацькі. Мне было так журботна, я ўвесь час думаў пра яго. Я тады мімаволі ўсюды выдрапваў то яго імя, то дату смерці, – цяжка ўздыхнуўшы, распавёў Міхал.

Басі зрабілася страшна сорамна з-за сваёй няпамятлівасці: юнак жа зусім нядаўна казаў, што бацька памёр усяго толькі паўгода таму.

– Міхалачак, прабач мяне, калі ласка! – сказала яна, зазіраючы яму ў твар.

Міхал абняў яе за плечы, і яны моўчкі пацягнуліся далей.

* * *

– Міхал, а як мне можна пачысціць зубы? – спытала дзяўчынка.

– Ну як? Бярэш парашок і чысціш, – адказаў юнак.

– А шчотка?

– Якая шчотка? Пальцам усе чысцяць!

– Як пальцам? – здзівілася Бася. – Нават аніякай палачкі няма?

Міхал адмоўна пакруціў галавой і даў дзяўчынцы скрыначку з зубным парашком. Бася хмыкнула і пайшла ў свой пакой. Яна падышла да начнога століка, на якім стаялі таз і збан з вадой. Дзяўчынка памачыла палец і абмакнула яго ў парашок. Яна паклала палец у рот, скрывілася і пачала адчайна плявацца.

– Фу! Дрэнь якая! – з агідай крыкнула Бася.

«Божа! Ну чаму ж мне так не шанцуе ў жыцці? Ну чаму ж я такая дурніца? Навошта ўвогуле палезла сюды?! Дома паста, шчотачка. А я яшчэ раней ленавалася зубы на ноч чысціць. Матуля мела рацыю:

«Басенька, пачысці зубы, пачысці зубы, іх берагчы трэба!» А я… Вось вярнуся дадому, буду тры разы ў дзень чысціць! Буду матулю ды тату заўжды слухацца!» – думала дзяўчынка, пакуль праз сілу дачышчала зубы, душачыся ванітавымі позывамі. Яна прапаласкала рот і пачала ўмывацца. Аддзіраючы з твару рэшткі парашку, Бася зусім засмуцілася і расплакалася. «Я такая няшчасная! Такая няшчасная! Як жа я тут далей жыць буду? А калі зусім не вярнуся дадому? Ды я адным гэтым мярзотным парашком атручуся! А заўтра яшчэ памыцца неяк трэ будзе… Бедныя мае валасы. Мала таго, што абцялі, дык яшчэ не зразумела, як і чым іх мыць. Я зараз, напэўна, зусім непрыгожая… І Міхал дурны! Не разумее, што я дзяўчына. Трымае сябе так, нібы я яго малодшы брат! Аніякай радасці няма…» Бася, не распранаючыся, кінулася на ложак і, думаючы пра свой гаротны лёс, заснула.