Выбрать главу

– Не жадаю я з карміцелькай заставацца! – прамовіла дзяўчынка, утыкаючыся ў плячо Міхалу.

Ён абняў Басю і пахлопаў яе па спіне.

– Не хвалюйся так, Баська!

– Ага, не хвалюйся! А калі люстра сапраўды адчыніцца і мне прыйдзецца пайсці? А я так тут нічога і не пабачыла! Я нават на коніку не пакаталася!

– Не журыся! Я ўсё роўна яшчэ некалькі дзён буду тут. Ужо што, а на коніку ты абавязкова пакатаешся! Вось мы дамоў вернемся і адразу пойдзем у стайню! У мяне там ёсць некалькі коней. Ты абярэш таго, які табе спадабаецца. Хочаш, заўтра паедзем за горад, пакатаемся? Згода?

– Угу, – прамычала Бася.

Пакуль яны вярталіся, дзяўчынка распавядала Міхалу, які яна выдатны яздок і як ліха спраўляецца з кожным канём у сябе ў ХХІ стагоддзі.

Яны прыйшлі дадому і, як абяцаў Міхал, адразу ж накіраваліся да стайні. Калі Бася ўбачыла коней, у яе загарэліся вочы: тыя чучкі, на якіх яна каталася, ні ў якое параўнанне не ішлі з гэтымі прыгожымі, цудоўнымі істотамі!

– Хто табе падабаецца больш за ўсіх? – спытаў Міхал.

– Вось гэты, – адказала Бася, паказваючы пальцам на велізарнага варанога каня.

– Але, Баська, гэта мой конь, – сказаў юнак. Бася насупілася.

– Ну добра, давай ты паспрабуеш пакатацца на ім, – згадзіўся Міхал.

Басін твар асвяціла шчаслівая ўсмешка.

– А як яго імя? – спытала яна.

– Сарацын.

Міхал асядлаў каня і вывеў са стайні. Сарацын з падазронасцю скасавурыўся на Басю.

– Ты здолееш сама на яго залезці? – спытаў Міхал.

– Не-е-е, – працягнула Бася і пагладзіла Сарацына па грыве.

Міхал падсадзіў Басю на каня. Яна паёрзала ў сядле і ганарліва азірнула двор. Сарацын кінуў на Міхала дакорлівы позірк. «Здраднік!» – можна было прачытаць у яго вачах.

– Н-н-но! – звонка крыкнула Бася і злёгку прышпорыла каня. Той не зрушыў з месца.

– Но-о-о! – паўтарыла Бася менш упэўнена. Конь пагардліва фыркнуў. Бася зусім разгубілася.

– Но, – прамямліла яна трэці раз. Сарацын застаўся нерухомы.

– Міхал, што з тваім канём? – спытала Бася. – Чаму ён не жадае ехаць?

– Не ведаю. З ім гэта ўпершыню, – адказаў юнак.

Ён падышоў да каня і пляснуў яго па крыжы. Той знянацку схапіўся з месца ды пусціўся па двары. Басіны ногі павыскоквалі са страмёнаў. Яна з вар’яцкім крыкам выпусціла з рук лейцы і, наваліўшыся ўсім целам на луку, схапілася за шыю Сарацына. Міхал прыкрыў вочы рукой, каб не бачыць Басінай ганьбы. Конь раптам спыніўся і незадаволена азірнуўся на дзяўчынку. Міхал, ледзь стрымліваючы ўсмешку, падышоў да перапалоханай Басі.

– Страмёны трэ будзе падцягнуць. І конь табе патрэбны іншы. Сарацын надта вялікі – табе нязручна на ім сядзець. У мяне ёсць кабылка, якраз для цябе. Давай я дапамагу злезці.

Міхал з горам папалам сцягнуў Басю і павёў каня ў стайню. «Які ж Міхал выхаваны, – думала Бася. – Я так аганьбавалася, а ён нават не засмяяўся!» Але тут са стайні пачуліся прыглушаныя ўсхліпы і рохканне, якія абвергнулі Басіны меркаванні. Праз некалькі хвілін юнак, з наўмысна сур’ёзным тварам, вывеў невялікую беласнежную кабылку.

– Гэта Знічка. Здаецца, яна нібы знарок для цябе, – сказаў Міхал.

Бася сама залезла на каня. Яна ўзялася за лейцы і пусціла Знічку ступою. Потым перайшла на рысь. Зараз абышлося без прыгод. Бася добра трымалася ў сядле і ўмела кіравала Знічкай.

– Я ніколі не бачыў, каб паненка так спрытна ўпраўлялася з канём, – пахваліў Басю Міхал.

Ад нечаканага камплімента Бася зачырванелася. Знічка пацягнулася пысай да Басінай кішэні. Дзяўчынка ўспомніла, што за снеданнем сцягнула са стала некалькі яблыкаў. Яна дастала адзін з кішэні і працягнула Знічцы. Тая ўзяла яблык і захрустала ім.

– Што ты мне кабылку песціш? – сярдзіта сказаў Міхал. – Яна ж потым нічога, акрамя яблыкаў, есці не будзе!

Бася прапусціла дакор міма вушэй і працягнула падкормліваць Знічку.

– Яна такая прыгожая! – сказала дзяўчынка. Міхал усміхнуўся:

– Вось бачыш, зараз у цябе з’явіўся яшчэ адзін сябра, – сказаў ён. – Пакуль я буду ў Кракаве, табе будзе не так маркотна.

Тут з дома выскачыў слуга і паведаміў гаспадару:

– Пане Міхалу, вас госць чакае.

– Добра, зараз прыйду.

Калі слуга вярнуўся ў дом, Бася пацікавілася ў юнака:

– А хто да цябе прыйшоў?

– Не ведаю, – адказаў Міхал. – Табе лепш падняцца ў свой пакой.

Бася пакрыўджана натапырылася, заклала за спіну рукі, строячы з сябе зняволенага, і пайшла ў пакой. Хутка да яе паднялася карміцелька і прынесла вячэру.

– Пані Катажына, а хто прыйшоў да Міхала? – спытала дзяўчынка.

– Ды гэта па службе, – растлумачыла кабета і пайшла.

Басі стала маркотна, і яна, падкурчыўшы на ложку ногі, прынялася разважаць, чым стане займацца, пакуль яе сябар будзе ў ад’ездзе.