Выбрать главу

– Ой, Міхал, прабач – зусім забылася. Ты ведаеш, што Годыеўскі тут?

– Дзе? – тузануўся ў сядле юнак.

– Княгіня Альжбэта дазволіла яму суправаджаць сябе да Кракава, – паведаміла Бася.

– Дык што, ён да гэтага часу быў у Вільні? Я думаў, ён даўно ў Польшчу вярнуўся.

– Не, я ўвогуле не ведаю, але чула, што ён тут нейкія загады каралевы Боны выконваў. Агідны тып, – ціха дадала Бася.

– Дзіця маё! – пачуўся голас княгіні.

– Не магу трываць, калі яна так мяне называе, – даверліва шапнула дзяўчынка Міхалу і пад’ехала да карэты.

Прытрымліваючы каня, Бася павольным крокам ехала ўпоравень з княгіняй, каб было зручна гутарыць. Міхал зацікавіўся і вырашыў паслухаць, пра што яны размаўляюць.

– Дзіця маё! Мы тут спрачаемся: нехта чуў, – княгіня выразна скасавурылася на адну з паннаў, – як нейкі пан прадказваў, што каранацыя можа і не адбыцца. Нібы каралева Бона не дазволіць такой «ганьбы для польскага трона». Ці правільна я кажу, пані Аліцыя? – маладая кабета павярнулася ў глыб карэты.

– Ну што вы, Ваша Мосць! Ён казаў зусім інакшымі словамі.

– Словы не змяняюць сутнасці, – нецярпліва скалынула плячыма княгіня і зноў павярнулася тварам да Басі: – А што ты думаеш пра гэта, дзіця маё?

Крыху памаўчаўшы, дзяўчынка, зладзеявата азірнулася на Міхала і ціха прамовіла, нахіліўшыся да княгіні Альжбэты:

– Не ведаю, што там думае каралева Бона і што намагаецца рабіць, але тое, што каранацыя адбудзецца, – у гэтым не можа быць аніякіх сумневаў, Ваша Мосць.

Княгіня ўзрадавана паціснула Басіну руку і сказала:

– А я не сумнявалася, я ведала. Ну едзь-едзь, весяліся! Бася з Міхалам ад’ехалі ад карэты, і юнак іранічна спытаў:

– Ці даўно ты гэтым займаешся?

– Чым? – здзівілася дзяўчынка.

– Варажу па руцэ, па картах, па зорнаму небу, прадказваю будучыню, здымаю насланнё і сурокі, – скорагаворкай сказаў Міхал.

Бася з незалежным выглядам адвярнулася.

– Ты мне так і не адказала. Даўно ты тут будучыню прадказваеш?

– Нічога я нікому не прадказваю. Проста княгіня часам раіцца са мною.

– А ты і рада старацца!

– Што думаю, тое і кажу!

– Думаеш ці ведаеш дакладна? – хітра прыжмурыўшыся, спытаў юнак.

– А якая ад гэтага шкода?

– Забылася, што стары казаў?

– А што стары казаў? Нічога благога я не раблю. Падумаеш, хочацца кабеце ведаць, што ўсё ў яе жыцці будзе добра. Чаму б і не сцвердзіць гэта?

– Ну, не ведаю, не ведаю, – працягнуў Міхал. – Глядзі, Баська: загаворышся, прабалбочашся, а касцярок не доўга скласці.

– Ды хопіць ужо! – пакрыўдзілася Бася.

– Ну як дзіцянё! – падзяліўся з канём юнак. – Ды годзе, Бася, не злуйся, распавядзі лепш, што ты тут рабіла, пакуль мяне не было.

Дзяўчынка азірнулася на сябра і, убачыўшы, што больш лаяць яе ён не намагаецца, узялася распавядаць, што з ёй адбылося за гэты месяц.

* * *

Працэсія рухалася надта павольна. Коні з цяжкасцю цягнулі агромністыя карэты па размоклым шляху. Колы гразлі ў брудзе ды хлюпоткім снезе.

Міхал і Бася праехалі наперад кавалькады. Дзяўчынцы было страшэнна нязручна сядзець у дамскім сядле, спіна здранцвела і пры кожным руху пачынала жахліва храбусцець. Але Бася была гатовая трываць гэтыя пакуты дзеля магчымасці пабыць з Міхалам сам-насам замест таго, каб трэсціся ў душнай карэце і слухаць бязглуздыя плёткі прыдворных паннаў.

Сябры весела размаўлялі, калі раптам паміж іх канямі ўклініўся Годыеўскі.

– Вось не магу зразумець, Саколіч, ці ты тады дзеўку пажам апранаў, ці ты зараз хлапчука дзяўчынай выстраіў, – здзекліва сказаў паляк.

Бася ад нечаканасці залілася пунсовай фарбай, а Міхал скрозь зубы спытаў:

– Слухай, Годыеўскі, ты што, сваркі са мной шукаеш? Якая табе справа да нас?

Паляк пасміхнуўся.

– Не забывайся, тут Яе Мосць пані княгіня Радзівіл – значным тонам прамовіў юнак.

– А што мне твая княгіня? У мяне адзіная ўладарка – каралева Бона! – адказаў Годыеўскі, а потым, памаўчаўшы, працягнуў: – Усё ж такі, Саколіч, давай разбяромся. Каго ж ты разам з сабой возіш? Не хацеў мне пажа саступіць, дык можа дзеўку саступіш?

Міхал пабарвавеў:

– Ды як ты смееш?!

– Міхалачак, не трэба! – спалохалася Бася.

Лях павярнуў галаву да дзяўчынкі. Раптам ён замахнуўся і выцяў бізуном па крыжы Басінага каня. Той заржаў ад болю і наўгалоп кінуўся наперад. Годыеўскі зарагатаў, а Бася закрычала. Міхал кінуўся наўздагон. Конь нёсся, не разбіраючы шляху. У дзяўчынкі з рук выслізнулі лейцы, яна страціла раўнавагу і, не ўтрымаўшыся, павалілася з каня і засталася ляжаць нерухома. Да Басі падаспелі Міхал і яшчэ некалькі шляхцічаў. Юнак павярнуў Басю на спіну і ўбачыў, што ўвесь яе твар у крыві і брудзе.