Выбрать главу

– Лекара!!! – закрычаў Міхал. – Хутчэй, лекара!

Адзін са шляхцічаў памчаў за лекарам, і ўжо праз некалькі хвілін Басю неслі ў чыімсьці плашчы.

– Дастаньце пярыну, каб дзяўчынцы было мякчэй ляжаць, нясіце яе да мяне ў карэту! – камандавала княгіня.

– Не-не, – паспяшаўся ўмяшацца лекар. – Яе ні ў якім выпадку нельга класці на нешта мяккае. У паненкі можа быць пашкоджаная спіна.

– Як спіна?! – з трывогай усклікнуў Міхал.

– Вы бачылі, як яна павалілася? – спытаў лекар і пасля таго, як Міхал разгублена кіўнуў, строга дадаў: – Тады не здзіўляйцеся, што ў паненкі могуць быць пашкоджанні! Нясіце яе ў мой воз і кладзіце проста на падлогу! Ці адшукайце нейкія дошкі…

Басю перанеслі ў вазок да лекара, дзе ён яе агледзеў. Міхал стаяў непадалёк і нервова грыз пазногці, утаропіўшыся ў адну кропку. Ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў у дзяўчынкі не знайшлі. Але, падаючы з каня, яна дужа выцялася і падрапала твар. Лекар апрацаваў раны і пакуль пакінуў дзяўчынку ў сябе, накрыўшы яе мноствам коўдраў і пледаў, якія княгіня Радзівіл выдала са сваёй паклажы.

Калі Бася апрытомнела, яна не адразу зразумела, дзе знаходзіцца. Перад вачыма ўсё расплывалася.

– Басенька! – пачула дзяўчынка знаёмы голас. – Нарэшце ты ачуняла!

Яна ўсё ж такі здолела сфакусаваць позірк і ўбачыла Міхала, які сядзеў побач і занепакоена глядзеў на яе. Бася ўзгадала, што з ёю адбылося. Яна паспрабавала паварушыцца, але з-за цяжкасці пледаў у яе нічога не атрымалася, дзяўчынка асуджана падумала, што смяротна паранена і вернецца дадому безнадзейнай калекай, калі ўвогуле вернецца.

– Што са мной, Міхалачак? Я нешта зламала? – хрыплым голасам спытала Бася.

– Не, што ты! З табой усё добра. Проста ты павалілася з каня і дужа выцялася. А так усё добра, – упэўніў яе юнак.

«Нішто сабе “добра”, – падумала дзяўчынка. – Нават выдатна!»

– Лекар сказаў, што табе трэба пакуль пабыць тут і ні ў якім выпадку не напружвацца, – паведаміў Міхал.

– А колькі часу я праляжала ў непрытомнасці? – зноў спытала дзяўчынка.

– Ну, хвілін трыццаць, – адказаў Міхал.

– Толькі? – усклікнула Бася.

Яна спадзявалася, што праляжала непрытомная некалькі дзён, і ўжо ўявіла, як усе турбаваліся і як Міхал катаваўся больш за ўсіх і рваў на сабе валасы.

– Хіба ж гэтага мала? Я сабе месца не знаходзіў!

Задаволеная адказам, Бася азірнула свой часовы прытулак і скеміла, што да гэтага часу не даведалася, дзе знаходзіцца.

– Міхалачак, а дзе я?

– Гэта воз лекара. Ён тут усё абсталяваў для цябе, а княгіня выдала, бачыш, колькі коўдраў? Яна пажадала потым наведаць цябе, калі ты ачуешся.

– А гэта абавязкова? – кісла спытала Бася.

– Напэўна. Бачыш, нават княгіня за цябе турбуецца, – адказаў Міхал.

– А што там з Годыеўскім? – з нянавісцю ў голасе пацікавілася дзяўчынка.

– Княгіня надта дужа раззлавалася і адправіла яго, забараніўшы ехаць разам з намі. Ты б чула, як яна на яго крычала, – з захапленнем дадаў юнак.

– Гэта добра, – задаволена кіўнула дзяўчынка. – Цікава, ці доўга нам яшчэ ехаць?

– Я думаю, некалькі тыдняў, – адказаў Міхал.

– Некалькі тыдняў?! – усклікнула Бася.

– Ну Басенька, шлях жа кепскі, і Кракаў далёка.

Бася ўжо была адкрыла рот, каб адказаць Міхалу, што ў яе дома шлях заняў бы значна менш часу, але да вазка падышоў лекар і гучна прамовіў:

– Пане Саколіч, ужо час спыняць візіт да хворай. Вы можаце стаміць яе размовамі. Паненцы зараз неабходны спакой і цішыня!

Бася фыркнула.

– Зараз-зараз, пане лекару, – адклікнуўся юнак, а потым, зноў павярнуўшыся да Басі, сказаў, зрабіўшы незадаволеную грымасу: – Ён такі ўпарты. Я і так ледзь пераканаў яго, каб пусціў мяне да цябе.

Дзяўчынка цяжка ўздыхнула:

– Ну вось, ты зараз пойдзеш, а я тут згіну з нудоты!

– Не журыся, Баська! Я потым паспрабую зноў да цябе прадзерціся. Калі мяне, вядома, лекар пусціць, – сказаў Міхал, скоса зірнуўшы на выйсце з вазка.

– Прашу вас: паспяшайцеся! – зноў пачуўся патрабавальны голас лекара.

– Так, іду! – страчваючы цярплівасць, крыкнуў Міхал. – Ой, ледзь не забыўся! – сказаў ён, вымаючы з-за пазухі вялізны яблык і кавалак пірага. – Гэта табе.

– Дзякуй, Міхалачак! – усміхнулася Бася.

– Ачуньвай! – напрыканцы пажадаў Міхал.

– Бывай!

Юнак махнуў ёй рукой і саскочыў на зямлю. Замест яго ў праёме з’явілася постаць лекара.

– Як вы сябе адчуваеце? – запытаўся ён.

– Добра, – прабурчала дзяўчынка.

– Ну, тады не буду вас турбаваць, – сказаў лекар і пайшоў. Бася засталася ў вазку зусім адна. Яна ўсё ж такі здолела сесці.