Выбрать главу

Усе косткі балелі. Дзяўчынка роспачна ўздыхнула і, пырскаючы сокам, прагна ўгрызлася ў яблык.

Раздзел 9

Басю наведала княгіня Радзівіл. Яна прыйшла да дзяўчынкі разам з усімі прыдворнымі паннамі. Яны распытвалі пра самаадчуванне і дружна спачувалі. Дзяўчынцы, вядома, было прыемна, што пра яе турбуюцца, але яна была б больш задаволена, калі б панны не хваляваліся з такім імпэтам. Яны нават спрабавалі даглядаць Басю, што прывяло яе ў найпаўнейшы жах. У выніку ўсё скончылася тым, што панны пачалі ўзгадваць, як яны самі ці іх далёкія сваячкі ды знаёмыя валіліся і калечыліся шмат гадоў таму. Яны размаўлялі і хіхікалі настолькі гучна і надакучліва, што ў Басі разбалелася галава. Яна ніяк не магла прыдумаць, як пазбавіцца паннаў. Лекар дзесьці прапаў і не мог дапамагчы дзяўчынцы. Таму ёй нічога больш не заставалася, як надаць твару самы няшчасны выгляд. Урэшце княгіня заўважыла Басіны пакуты і прапанавала паннам пакінуць дзяўчынку, каб тая магла адпачыць. Бася падзякавала за візіт, і кабеты пайшлі.

Неўзабаве працэсія зноў рушыла ў дарогу. Дзяўчынка трэслася ў вазку, ад чаго косткі балелі яшчэ больш. Надвор’е было агіднае: неба зацягнулі хмары, часам пачынаў ісці дождж уперамешку са снегам. Было сыра і няўтульна. Міхал намагаўся як мага часцей пад’язджаць да вазка лекара. Кожны раз ён прыносіў з цяжкасцю адваяваны ў абозе «трафей», за што юнака ўжо пачалі недалюбліваць. І як толькі ён збіраўся за чарговым яблыкам ці грушай, у абозе займалі жорсткую абарону – і на адваяванне чагосьці смачнага для Басі марнавалася ўсё больш часу і сіл. Не раз Міхал прасіў лекара агледзець дзяўчынку. Той раздражнёна адказваў:

– Як жа вы не разумееце, што для паненкі зараз галоўнае – больш адпачываць!

Міхал толькі хмурыўся і мармытаў у адрас лекара нешта надта падобнае да праклёнаў.

Аднойчы падмарозіла, і ранкам выглянула яркае сонейка. Бася сядзела ў вазку і задаволена жмурылася. Яна чакала Міхала, які звычайна прыязджаў адразу, як толькі кавалькада рушыла пасля начлегу ў чарговым маёнтку. Але гэтым ранкам яго не было відаць. Бася насупілася і ўзялася разгладжваць складкі сукні.

«Забыўся ён на мяне, ці што?» – сярдзіта думала дзяўчынка. Спачатку яна прыдумляла годныя і ўважлівыя прычыны яго адсутнасці, потым, цалкам пакрыўдзіўшыся, узялася ўзгадваць ўсе яго былыя правіннасці. «Няхай жа толькі прыедзе! Вось толькі з’явіцца, усё адразу яму і выкажу. Адразу! І нікога не пасаромеюся», – распалялася абдзеленая ўвагай Бася. Успомніўшы ўсе свае крыўды і канчаткова раз’юшыўшыся, дзяўчынка пачала складаць гнеўную прамову, якой збіралася сустрэць сябра. Калі яна абдумвала заключную частку спічу, пачуўшы які, па меркаванні Басі, Міхал мусіў задумацца пра свае паводзіны і прыняць нейкія меры, юнак паказаўся непадалёк на кані. Ён нешта беражліва прыціскаў да грудзей. На яго твары ззяла шчаслівая ўсмешка. Убачыўшы Міхала, Бася ледзь не задыхнулася ад радасці, сэрца, як шалёнае, закалацілася, і дзяўчынка ўжо збіралася адчайна махаць юнаку рукой, але тут узгадала, што пакрыўдзілася, і ў адно імгненне напусціла на сябе знарочыста нязмушаны выгляд.

– Прывітанне, Баська!

– Дзень добры, – нудна прамовіла дзяўчынка, прыкідваючыся, нібы любуецца краявідам за спінаю юнака, а насамрэч касавурачыся і жмурачыся, каб разгледзець, што ён трымае ў руках.

Міхал на імгненне разгубіўся, не чакаўшы ад Басі такой абыякавасці.

– А чаму цябе так доўга не было? – як між іншым пацікавілася Бася.

Раптам ёй зрабілася так смешна ад сваёй наўмыснай абыякавасці, што яна фыркнула, ледзь не разрагатаўшыся.

Міхал зусім збянтэжыўся. Ён нават меркаваць не мог, чым заслужыў такую нялітасцівасць з боку заўжды ветлівай і ласкавай Басі.

– Бася, ты чаго? – насцярожана спытаў юнак.

Дзяўчынка вырашыла, што хопіць ёй ужо катаваць сябра і, усміхнуўшыся, прыязна сказала яму:

– Ды годзе. Ведаеш, як мне тут адной нудна?! Вось я і пакрыўдзілася, што цябе доўга не было. Ты дзе прападаў?

Міхал недаверліва зірнуў на дзяўчынку, але, вырашыўшы, што небяспека мінула, распавёў:

– Ноччу маразы былі, і зараз усё ў інеі. Я вырашыў крыху адстаць ад працэсіі і збочыў у лес. А там знайшоў вось гэта. Трымай. – Юнак беражліва працягнуў Басі заінелую, нібы крыштальную, галінку рабіны з чырвонымі ягадамі.

– Ой!.. – з захапленнем працягнула дзяўчынка. – Як прыгожа! Дзякуй, Міхалачак!

Юнак, задаволены, што яго сяброўцы спадабаўся падарунак, прыняў зухаватую паставу і накіраваў позірк кудысьці ўдалечыню, скоса пазіраючы на шчаслівую Басю і думаючы, як мала патрэбна для таго, каб змяніць паненчын настрой. Яна паглядзела на яго, і тут жа дзявочае замілаванне і захапленне, якія толькі што зарадзіліся, былі задушаныя і растаптаныя прыроджанымі недалікатнасцю і нечуллівасцю. Міхал ішоў на кані ўпоравень з вазком так, што сонца асвятляла яго ганарлівы профіль, і, калі ён трохі схіліў твар да Басі, яна разгледзела ў яго над вуснамі некалькі пучкоў цёмных валаскоў.