Выбрать главу

– Міхал, ты вусы адпусціў, ці што? – спытала дзяўчынка.

– Яны ў мяне ўжо даўно. Табе падабаецца? – пацікавіўся юнак, ліха падкруціўшы вус з аднаго боку.

Бася ледзь не фыркнула ад гэтага відовішча.

– Так… Вельмі… – цьмяна адказала яна і адвярнулася, каб Міхал не заўважыў яе ўсмешкі. Супакоіўшыся, яна сказала: – Дзіўна, я раней не бачыла, каб ты насіў вусы. Яны ў цябе, напэўна, за той час, што мы не бачыліся, выраслі, а я адразу і не заўважыла.

– Увогуле, я іх месяцаў пяць ужо нашу, – незадаволена прамовіў Міхал.

– Праўда? І за пяць месяцаў у цябе вырасла толькі… – Бася паспрабавала пералічыць колькасць валаскоў над вуснамі Міхала, але сумелася агучыць іх маленькі лік, каб не засмучваць сябра.

– Што толькі? – нахмурыўся Міхал.

– Нічога, – замітусілася Бася.

Яна засяроджана пачала даследаваць галінку рабіны і прыдумляць новую тэму для размовы. Але толькі дзяўчынка зноў паглядзела на юнака, як у яе пачаўся неадольны прыступ смеху, які яна дбайна спрабавала замаскіраваць пад кашаль. Урэшце Міхал не вытрымаў:

– Ды што з табой сёння такое робіцца?! Спачатку ты крыўдзілася на мяне, зараз смяешся немаведама з чаго.

– Міхалачак, прабач мне, калі ласка, – сказала Бася, булькатнуўшы яшчэ некалькі разоў. – Проста разумееш, – запнулася яна на імгненне, разважаючы, як бы так не дужа пакрыўдзіць сябра, – навошта табе ўвогуле гэтыя вусы?

– Што значыць навошта? Прыгожа. Бася закаціла вочы.

– Ну… Ведаеш, мабыць, табе лепш было б без вусоў? Ну там, маладзей выглядаў бы, ці што яшчэ… Я маю на ўвазе, мабыць, ты б згаліў іх?

– Што значыць маладзей? Я іх, можа, знарок адпускаю, каб здавацца старэйшым! Ведаеш, як яны доўга растуць? А ты кажаш – згаліць, – пакрыўдзіўся Міхал і пачаў накручваць вусы так, што яны ў яго затапырыліся, як у раз’юшанага ката.

Хвілін дзесяць сябры ехалі моўчкі. Юнак злаваўся, а дзяўчынка пазірала на яго і зрэдку фыркала. Толькі яна вырашыла памірыцца з сябрам і аддаць належнае яго наваяўленай прыгажосці, як ён раптоўна з’едліва заўважыў:

– Дарэчы, іншым паненкам падабаецца, – і, павярнуўшыся, паехаў ад Басінага воза ў іншы бок.

Такога ўдару дзяўчынка не чакала. Яна так збянтэжылася, што нават на імгненне страціла дар слова.

– Міхал!!! Пачакай! Міхал, вярніся зараз жа!!! – капрызна закрычала яна яму наўздагон, але ён нават не абярнуўся.

Даехаўшы да карэты, дзе сядзелі панны, Міхал павітаўся ды так і застаўся побач, падтрымліваючы нейкую дурную свецкую гутарку. Адзін раз ён азірнуўся, кінуўшы на Басю помслівы позірк, і зноў падкруціў вус. Ад гэтага ў дзяўчынкі заняло дыханне, і яна, скрыжаваўшы рукі на грудзях, гнеўна засапла. Яна ніколі не думала, што Міхал здольны на такое каварства! Мала таго, што ён да нейкіх амаль што старушэнцый заляцаецца, дык яшчэ і пакінуў яе, хворую, зусім адну. Вельмі весела сядзець ва ўшчэнт прапахлым лекамі і настоямі вазку, ні з кім не размаўляючы, а толькі маючы магчымасць назіраць за здраднікам, які яшчэ тры хвіліны таму быў табе найлепшым сябрам і адзіным спадзевам, праменьчыкам святла ў цёмным сярэднявеччы. Ніхто і ніколі не дазваляў сабе такога ганебнага ўчынку ў дачыненні да Басі. Тут яна ўзгадала, што трымае ў руках галінку, якую падарыў Міхал. Дзяўчынка адважылася на роспачны, але такі самы каварны ўчынак. У яе планы ўваходзіла знарок выкінуць галінку, калі юнак у чарговы раз павернецца. Але Міхал, як наўмысна, не паварочваўся ў бок Басі. Ад нездзяйсняльнасці задуманага і паўнюткай абыякавасці юнака яна нават крышку паплакала і прыціснула падарунак да сябе. «Няхай, – раз’юшана думала Бася, аб’ядаючы салодкія ягады рабіны, – калі-небудзь я абавязкова адыграюся». Пераконваючы сябе ў гэтым і адначасова суцяшаючы, дзяўчынка яшчэ больш засмуцілася. Заняцца было цалкам нечым, таму Бася ўзялася разглядаць скаваныя інеем дрэвы, якія цягнуліся павольнай чарадой уздоўж шляху. Але ў думках дзяўчынка ўвесь час вярталася да Міхала, а вочы не-не ды і прабягалі міма яго. Дзень быў безнадзейна сапсаваны.

* * *

Да таго часу, як зрабілася змрочна, кавалькада паспела даехаць да чарговага маёнтка і спыніцца на начлег. Па двары забегалі слугі, якія не чакалі прыезду такіх важных гасцей, паны і панны мітусіліся і спрачаліся: кожнаму карцела заняць самыя лепшыя месцы для вячэры і начлегу. Апошнімі днямі Басі не дазвалялася вячэраць разам з усімі. Паводле загаду лекара ёй належала заставацца ў асобным пакоі і захоўваць пасцельны рэжым. Але як толькі яна ўбачыла, што Міхал да яе жаху пераключыў увагу з паджылых прыдворных паннаў на юных паненак, Бася вырашыла любым чынам вырвацца са свайго часовага зняволення ў агульную залу, дзе вячэрала світа.