Калі да яе прыйшоў лекар разам са слугамі, якія павінны былі аднесці яе ў маёнтак, дзяўчынка паспрабавала ўпэўніць старога, што яна ўжо можа самастойна хадзіць і чужая дапамога ёй не патрэбна, але лекар цвёрда настойваў на сваім, і Басі нічога не заставалася, як згадзіцца. Дачакаўшыся, пакуль пойдуць слугі, яна пачала ўмольваць лекара:
– Пане лекару, калі ласка, можна я сёння павячэраю разам з усімі? Мне тут так нудна і самотна!..
– Не-не, што вы, пані Барбара! Гэтага ніяк нельга, вы ж яшчэ не цалкам здаровая. Тым больш паўсюль скавышы.
Бася журботна ўздыхнула.
– Ну а калі я зусім трошачкі? Пасяджу гадзінку ў зале, а потым вярнуся сюды?
– Не, нельга, – упарціўся лекар. – Што, калі за гэтую гадзіну з вамі нешта здарыцца? Што, калі вы паваліцеся ці нехта вас незнарок штурхне? Калі вы зноў пашкодзіце спіну, то на ваша вылячэнне пойдзе зашмат часу, і тады ўжо ні пра якія вячэры, балі і іншыя забавы і гутаркі ісці не будзе. Вы ж не хочаце бавіць час у сталіцы, лежачы ў пасцелі, праўда, пані Барбара?
– Не жадаю. Але чаму вы думаеце, што я абавязкова сабе нешта пашкоджу? Я буду вельмі асцярожная. Праўда! – Бася зрабіла ўмольныя вочы.
– Не-не, і не трэба так пазіраць на мяне! Няўжо здароўе для вас зусім нічога не значыць? Вам трэ быць надта асцярожнай, вы ж яшчэ такая юная! Навошта рызыкаваць? Вось прыедзеце ў Кракаў, там ужо будзеце і на балі хадзіць, і шпацыраваць, колькі вам захочацца, а зараз будзьце ласкавая трымацца рэжыму.
Слухаючы лекара, Бася насупілася, на вочы мімаволі навярнуліся слёзы.
– О-о, гэтага яшчэ нам не хапала! – усклікнуў стары. – І чаму ўсе юныя асобы пачынаюць плакаць, калі жадаюць дамагчыся ажыццяўлення сваіх капрызаў? На жаль, даражэнькая, гэты сродак не заўсёды дзейнічае. Як бы вы ні плакалі, я вас не адпушчу на вячэру. Для мяне значна важней, каб вы былі здаровая.
– Вось вы, пане лекару, думаеце, я проста так плачу? Думаеце, што гэта дурыкі нейкія? А тым часам, мабыць, вырашаецца мой лёс! – трагічным голасам прамовіла Бася.
Стары здзіўлена паглядзеў на дзяўчынку:
– Лёс? Гэта, прабачце, якім жа чынам ён у вас вырашаецца? Бася скоса зірнула на яго:
– Ад маёй прысутнасці на вячэры, можна сказаць, залежыць тое, як усталюецца мая будучыня. Я вось сяджу тут разам з вамі і пакутую, бо не магу туды пайсці! Ведаеце, як я турбуюся, пане лекару? А зрэшты, вы мяне ўсё роўна не адпусціце, – са скрухай уздыхнула яна.
Лекар збянтэжыўся:
– А пані Барбара ўпэўнена, што ўсё насамрэч так сур’ёзна? Мабыць, усё гэта можа чакаць?
Бася асуджана пакруціла галавой. Крыху падумаўшы і ўзгадаўшы маладыя гады, лекар сказаў:
– Ну, у такім выпадку, я думаю, вы маглі б на некаторы час пакінуць пакой і пайсці ў агульную залу. Безумоўна, неабходна захоўваць крайнюю асцярогу! Адпускаю вас пад вашу адказнасць.
Басін твар у адзін момант асвятліўся найшчаслівейшай усмешкай. Яна схамянулася і кінулася да лекара.
– Сапраўды? Мне можна ісці на вячэру? Зараз жа? – дзяўчынка ўзялася абдымаць яго.
– Ну, так, – прамармытаў стары, які не чакаў ад Басі гэткай гарэзлівасці.
– Вялікі дзякуй, пане лекару!!! Вы такі ласкавы! Дзякуй! – не сунімалася дзяўчынка.
Яна азірнулася ў пошуку чаго-небудзь падобнага да люстэрка, але, не знайшоўшы нічога, што можна было б скарыстаць замест яго, проста агледзела сукню і разгладзіла складкі. Лекар яшчэ раз нагадаў дзяўчынцы пра неабходнасць быць асцярожнай. Абярнуўшыся на яго парады і выходзячы з пакоя спінаю, яна зачапілася за парог і ледзь не павалілася. Нягледзячы на гэта, Бася весела хіхікнула, памахала старому рукою і зачыніла за сабой дзверы. Пачуўшы ў калідоры глухі грукат, звон і лаянку, лекар хацеў быў кінуцца на дапамогу дзяўчынцы, але, вырашыўшы, што ад яго нечаканага з’яўлення яна можа паслізнуцца, паваліцца ці неяк інакш нашкодзіць сабе, толькі ўздыхнуў і пакруціў галавой, мяркуючы, што, напэўна, дарэмна дазволіў ёй пакінуць пакой.
Тым часам усе вячэралі. Бася непрыкметна прабралася ў залу і, пашукаўшы позіркам Міхала, як і чакала, знайшла яго ўсё ў той жа кампаніі паненак. Ён сядзеў з задаволеным выглядам, больш падобны да паўліна, які распушыў хвост, і з прыхільнасцю слухаў, што яму наперабой распавядалі дзяўчаты. Часам ён таксама падаваў рэплікі, з прычыны чаго ўсе паненкі разам пунсавелі, пачыналі гучна і ненатуральна смяяцца, хаваючы твары за спіны адна адной. Ад гэтага відовішча Басю ледзь не званітавала. Да жаху агідна было назіраць, як яе сябра выстаўляўся перад дзяўчатамі, уражваючы іх розумам і пачуццём гумару, а яны, кожная жадаючы запісаць Міхала сабе ў кавалеры, расхвальвалі яго на розныя лады. У галаве Басі пачалі складацца розныя планы помсты: спачатку ёй проста карцела эфектна з’явіцца ў зале, потым яна задумала далучыцца да кампаніі прыемных маладых людзей. Але, пачаўшы сумнявацца ў эфектнасці свайго з’яўлення і пры поўнай адсутнасці «мілых юных шляхцічаў», дзяўчынка вырашыла перш за ўсё прабрацца ў тыл суперніка. Спадзеючыся падслухаць, пра што ідзе гаворка ў Міхала і паненак, і даведацца, ці размаўляюць пра яе, Бася пракралася да месца, дзе яны сядзелі, і схавалася за парцьерай.