Выбрать главу

– Пане Міхалу, вы такі мужны і храбры! Вашай смеласцю і адвагай можна толькі захапляцца! – нахвальвалі юнака дзяўчаты.

– І як гэта толькі такі слаўны пан да гэтага часу не жаніўся? – адважылася спытаць адна з паненак.

Міхал трохі разгубіўся ад такога запытання – ён сарамліва ўсміхнуўся, яго шчокі ледзь паружавелі. «Бо навокал адны каракаціцы!» – ледзь не вырвалася ў Басі.

– Ну-у-у, – працягнуў юнак. – Часам надта цяжка абіраць, калі навокал такія прыгожыя панны.

Бася ледзь не задыхнулася: каб назваць іх красунямі, трэ было мець ці надта дрэнны зрок, ці ненармальны густ. Дзяўчынка схілялася да першага.

– А мабыць, пан ужо мае нявесту? – працягвалі допыт паненкі. – Напрыклад, пані Барбару, якая павалілася з каня?

Твар Міхала прыняў тужлівы выгляд: ён зусім не ведаў, як адказаць. Калі б ён сказаў «так», дык яму выпала б потым паразумецца з Басяй, калі «не», дык паненкі перайшлі б у атаку і яму трэ было б ад іх доўга і пакутліва адбівацца, а можа быць, і хавацца. Міхал вагаўся, а паненкі патлумачылі гэта па-свойму.

– Яна ж надта дзіўная, гэтая пані Барбара. Сапраўдная паненка так не трымае сябе. Яна занадта гучна размаўляе, перакручваючы шмат слоў, заўжды рагоча на ўвесь голас. Увогуле, трымаецца надта бесцырымонна. Нібы яна не паненка, а хлапчук нейкі. Сапраўдная паненка ніколі не будзе так рабіць, – сказала адна з дзяўчын, робячы націск на слове «сапраўдная».

Другая, асабліва хударлявая, вырашыўшы падтрымаць сяброўку, дадала:

– Вось-вось, вы яе бачылі? Ужо надта яна румяная і поўная. Шляхетная дзяўчына ніколі не будзе такой, высакародныя паненкі заўсёды вытанчаныя і бледныя! А гэтая – нібы сялянка нейкая… – яна не паспела скончыць, бо Міхал рэзка ўзняўся з-за стала.

– Прабачце, але я не магу дазволіць, каб у маёй прысутнасці так адклікаліся пра пані Барбару, – сказаў ён, пакланіўся ў бок княгіні Радзівіл і пайшоў.

Секунду паненкі знаходзіліся ў паўнюткай маўклівасці, але, як толькі Міхал знік з іх поля зроку, дружна закаціўшы вочкі і наставіўшы губу, заверашчалі, нібы зграйка раз’юшаных вавёрак. Княгіня Радзівіл неўразумела паглядзела ў іх бок і звярнулася да адной з паннаў, якая сядзела побач. Тая схілілася да яе і ўзялася нешта нашэптваць, пасля чаго яны пераглянуліся і ад шчырай душы зарагаталі. Бася незадаволена скасавурылася ў іх бок, падумаўшы, што рагочуць з яе Міхалачка. А потым з лёгкім здзіўленнем паўтарыла ў думках: «Мой Міхалачак». Увесь шлях да свайго пакоя дзяўчынка ішла з дураслівай усмешкай на твары, пяшчотна ўзгадваючы юнака.

Наступным ранкам сябры, нібы нічога не было, сустрэліся каля вазка лекара. Ніхто з іх нават не ўзгадаў пра сварку – Бася была як ніколі мілая і спагадлівая, а Міхал, які не чакаў такой ласкавасці, быў вельмі руплівы і ўважлівы. Яны ажыўлена гутарылі пра розныя надзённыя справы і абмяркоўвалі, як і дзе яны паселяцца ў Кракаве, бо да сталіцы заставалася ехаць усяго некалькі дзён.

Раздзел 10

Пасля доўгіх тыдняў падарожжа працэсія ўрэшце ўехала ў Кракаў. Горад быў надзвычайна ажыўлены. Усе гараджане кудысьці спяшаліся, мітусліва прабіраючыся па вузенькіх вулачках. Дзеці ды разявы спыняліся, каб падзівіцца на пані княгіню Альжбэту са світай, якая накіроўвалася да рэзідэнцыі. Усё разам нагадвала велізарны мурашнік.

Калі працэсія праязджала па горадзе, Бася прыгадала, як у мінулым годзе разам з бацькамі ездзіла ў Кракаў. Яны шпацыравалі па Старым горадзе і Рыначнай плошчы, любаваліся старадаўнімі будынкамі ды касцёламі, хадзілі ў каралеўскі замак. Тады ёй здавалася, што ўсё дыхае гісторыяй і мае нейкую веліч і загадкавасць. У гэты раз горад не зрабіў на дзяўчынку такога моцнага ўражання, усё было нібы крышачку меншым ды прасцейшым. Мабыць, з-за таго, што гмахі былі ніжэйшыя, а можа, таму што побач не было самых блізкіх і родных людзей, якіх таксама, як і яе, усё захапляла ў гэтым цудоўным горадзе. Зноў успомніўшы тату і матулю, Бася засумавала і пачала думаць пра родны дом. Ёй раптам падумалася, што, мабыць, бацькі ўжо вярнуліся. Яна ўявіла, як яе шукаюць, як турбуюцца і не знаходзяць сабе месца. Ад гэтых думак па шчоках дзяўчынкі мімаволі заструменіліся слёзы. Яна злавіла сябе на тым, што ўжо прызвычаілася жыць у XVI стагоддзі і, хаця яна ўвесь час памятала пра бацькоў і вельмі сумавала па іх, з ёй адбывалася столькі ўсяго, што яна нібы трохі аддалілася ад сапраўднага жыцця ў сваім часе. Але ў гэты дзень Бася з яшчэ большай сілай затужыла па родных, ёй вельмі закарцела вярнуцца дамоў як мага хутчэй. Ад жалю да сябе, ад уласнага бяссілля Бася душылася рыданнямі, раскоўзваючы слёзы па твары. Убачыўшы, як яна плача, Міхал не на жарт занепакоіўся ды перабраўся да яе ў вазок. Высветліўшы, у чым справа, ён абняў Басю і пачаў ціха ўмольваць дзяўчынку не адчайвацца.