– Прыходзіў нейкі купец, пытаўся пра цябе, – сказала яна дзяўчынцы. – Толькі ён дзіўны такі – нават нічога не прынёс паказаць.
Бася ледзь стрымала хваляванне, якое ахапіла яе пры гэтых словах. Беспамылкова, гэта быў пан Альбрыхт. Бася вырашыла, што, верагодна, ён прыходзіў за ёй, каб адправіць дадому. Яна падумала, што, напэўна, ужо вельмі хутка можа пабачыцца з бацькамі. У наступнае імгненне дзяўчынка ўспомніла пра Міхала, з якім зусім не жадала расставацца. На час пакінуўшы дылему, якая так недарэчы з’явілася перад ёй, і пераадолеўшы хваляванне, Бася спытала ў сяброўкі, ці не пакінуў купец свайго адраса. Тая адказала, што ён спыніўся на вуліцы Святога Крыжа насупраць касцёла.
– Ну ты ж не пойдзеш шукаць яго! – сяброўкі з сумневам паглядзелі на Басю: яны былі гатовыя чакаць ад яе ўсякага.
– Зразумела ж, не! – упэўніла іх дзяўчынка.
– Правільна, паненцы не пасуе хадзіць па горадзе, шукаючы абы-якога купца. Калі яму трэ будзе, ён сам прыйдзе. Пойдзем, вячэра ўжо, мусіць, стыне.
– Так… – працягнула Бася, думаючы, як бы ёй вырвацца з рэзідэнцыі ды адшукаць старога. – Вы хадзіце, я зараз даганю.
Пачакаўшы, пакуль паненкі спусцяцца да вячэры, Бася прашмыгнула па лесвіцы да арсенала, дзе знаходзіўся Міхал. Убачыўшы вартаўніка, яна падышла да яго і папрасіла паклікаць пана Саколіча. Вартаўнік, хітра паглядзеўшы на Басю і стрымліваючы ўсмешку, пайшоў за Міхалам. Юнак з’явіўся хмуры і злы.
– Ну што зноў здарылася? – прабурчаў ён. – Я б сам мог прыйсці. Зараз усе з мяне здзекавацца будуць, што да мяне паненка ўвесь час прыбягае.
– Ну і што? – неўразумела паглядзела на яго дзяўчынка.
– Усе лічаць, што ты… – Міхал засаромеўся і нешта прамармытаў.
– Што? – недачула Бася.
Юнак азірнуўся на вартаўніка, якому так і карцела падзяліцца з кімсьці сваімі здагадкамі наконт Міхала і Басі.
– Усе лічаць, што ты мая нявеста, – ціха-ціха паўтарыў ён і заліўся густой фарбай.
– Ну і што з таго? – абурана ўсклікнула Бася. – Між іншым, мець такую нявесту, як я, не сорамна! Я разумею, калі б я была нейкім страшыдлам, а так… Няхай табе зайздросцяць! Знайшоў, чаго саромецца! – дзяўчынка незадаволена фыркнула: яе самалюбства было яўна ўшчэмленае. – Я, мабыць, па важнай справе прыйшла.
– Што за справа?
Бася адвяла яго крыху ўбок і, панізіўшы голас, каб іх не пачуў вартаўнік, распавяла пра купца.
– Няўжо люстра адчынілася без цябе? – з жахам прамовіў Міхал.
– Не ведаю, – адказала Бася. – Але нам неабходна наведаць старога.
– Так, зразумела. Я адразу ж пасля вячэры адшукаю яго і даведаюся, што здарылася.
– Не, мы пойдзем акурат зараз! – дзяўчынка зрабіла націск на слове «мы».
– Але, Бася, паненкам непрыстойна цягацца па горадзе, ды яшчэ позна ўвечары! – запярэчыў Міхал.
– Ты будзеш чакаць мяне каля ганка, а я зараз пераапрануся і вярнуся, – тонам, які не церпіць пярэчанняў, сказала дзяўчынка.
– Добра хаця, што мая варта скончылася пару хвілін таму, – прамармытаў ушчэнт засмучаны Міхал, якога зусім не радавала перспектыва застацца без вячэры.
Вяртаючыся да сябе, Бася заўважыла ў сцяне нішу, куды можна было схаваць вопратку. Яна знайшла сярод сваіх рэчаў мужчынскае адзенне, хутка апранула яго пад сукню, захапіўшы з сабой берэт і плашчык. Спускаючыся, яна сустрэла служанку і папрасіла яе сказаць княгіні, калі тая будзе пытацца пра Барбару, што дзяўчынка не прыйдзе на вячэру, бо ў яе разбалелася галава. Бася прашмыгнула ў нішу, зняла дамскую сукню і, скруціўшы яе, пакінула там жа. Схаваўшы валасы пад берэт і захутаўшыся ў плашч, Бася накіравалася да выйсця з рэзідэнцыі, дзе яе чакаў Міхал.
Раздзел 11
– Ну нарэшце! Я ўжо змёрз чакаць цябе! – усклікнуў Міхал, топчучыся на снезе.
Бася хацела была адгыркнуцца, што яна і так сабралася вельмі хутка, проста нехта надта чапляецца, але, прыгадаўшы, што сябра праз яе можа застацца галодным да самай раніцы, вырашыла змоўчаць.
Яны ішлі па цёмным горадзе, намагаючыся трымацца ў цяні гмахаў. Вуліцы былі амаль што бязлюдныя, за выключэннем рэдкіх мінакоў, гледзячы на якіх, складана было вызначыць, з якімі намерамі яны тут бадзяюцца. Перад каранацыяй у Кракаве пазбіраўся ўсялякі зброд, таму можна было лёгка натрапіць на разбойнікаў.
Міхал і Бася прабіраліся цёмнымі завулкамі да дома, дзе спыніўся стары.
– Мабыць, ён знайшоў нейкі спосаб адправіць цябе дадому раней? – спытаў юнак.
– Мабыць, – сказала Бася. – Я ўжо так моцна змаркоцілася па бацьках, ты сабе не ўяўляеш!
Міхал пакрыўджана засоп. З аднаго боку, ён выдатна разумеў, што дзяўчынцы трэба вярнуцца дадому, але, з іншага боку, ён настолькі прызвычаіўся да яе, што з цяжкасцю ўяўляў сабе жыццё без Басінай гарэзлівасці, цікаўнасці ды вясёлага смеху. Яму нават зрабілася неяк няёмка ад сваіх разважанняў і ад эгаізму, які немаведама адкуль з’явіўся, – усё ж такі Бася не была яго ўласнасцю, нельга было так раўніва ставіцца да яе. Адагнаўшы гэтыя думкі, Міхал паспрабаваў засяродзіцца на чымсьці іншым, але пачуццё крыўды працягвала распальвацца ў ім. Ён зірнуў на Басю, якая дробненька тупала побач, адкрыў быў рот, каб нешта спытаць, але перадумаў і, пакруціўшы галавой, нахмурыўся. «Вось бы люстра адчынілася без Баські! – разважаў ён. – Яна бы тады засталася са мной…» Думкі Міхала кінуліся наўскач, малюючы самыя радасныя ўявы іх будучага жыцця.