Выбрать главу

– А што, калі ён і тут мае люстры? Мабыць, нейкае з іх адчыніцца якраз сёння? – выказала здагадку Бася.

– Як?! – Міхал спыніўся пасярэдзіне дарогі. – І ты пойдзеш? Сёння?

– Ну так, напэўна, – Бася крыху разгубілася.

– Назаўсёды? І мы… мы больш ніколі не сустрэнемся? – словы юнака павіслі ў паветры.

З хвіліну яны анямела стаялі, пазіраючы адно на аднаго і намагаючыся ўсвядоміць, што больш ніколі, ніколі не сустрэнуцца. Міхал страсянуў галавой і пайшоў уперад. Бася дагнала яго, прасунула сваю маленькую далоньку ў яго руку і шморгнула носам.

– Ты што, плачаш? – здушана спытаў Міхал.

– Не! – адчайным голасам адказала яна і, адвярнуўшыся, змахнула з веек слёзы.

Міхал паглядзеў на дзяўчынку і моцна сціснуў яе руку.

Хутка яны дабраліся да касцёла, перайшлі дарогу і пагрукалі ў дзверы дома насупраць.

– Хто? – пачуўся голас з-за дзвярэй.

– Гэта Міхал Саколіч. Ці тут спыніўся пан Штоф, што з Вільні? – спытаў юнак.

– Хвіліну.

Дзверы прачыніліся. З-за іх быў бачны стары.

– Добры вечар, пан Альбрыхт! – павіталася Бася.

– Не стойце ў дзвярах, праходзьце хутчэй, – злосна сказаў стары і, павярнуўшыся да іх спінаю, пайшоў унутр.

Міхал пытальна паглядзеў на Басю, тая пацепнула плячыма, і яны накіраваліся следам за старым.

– Я здзіўляюся вашай неразумнасці! – усклікнуў купец. – Як можна было пакінуць люстра і паехаць невядома куды і навошта? Паехаць так далёка ад адзінай вашай магчымасці вярнуцца дадому! Няўжо вы не разумееце, наколькі вашы ўчынкі былі безадказныя і неасцярожныя? А што, калі б люстра адчынілася і вы прапусцілі гэта і больш ніколі не здолелі вярнуцца?

– Але вы ж казалі, што мне тут прыйдзецца быць каля паўгода, – запярэчыла Бася, якая не чакала ад старога такіх упіканняў.

– Ці мала што я казаў? Часам бывае так, што люстра адчыняецца незалежна ад разлікаў.

– Вы мяне аб гэтым не папярэдзілі! – пакрыўджана прамовіла дзяўчынка. – Тым больш, калі Міхалу неабходна было паехаць, вас не было на месцы, а потым я не магла распараджацца сабой – сказалі ехаць да Кракава, я і паехала. Ніхто мне выбару не прапанаваў!

– Трэ было быць асцярожней з самага пачатку – ціхенька, як мышка, сядзець у доме Міхала, а не шпацыраваць па мінулым. Гэта вам не турыстычная экскурсія, легкадумнае дзяўчо!

– Вы мне гэта ўжо казалі! А між іншым, некаторыя «легкадумныя» старыя, – перадражніла купца Бася, – знянацку адпраўляюць ні ў чым не віннае «дзяўчо» ў глухое сярэднявечча, нічога не сказаўшы! Вы толькі і ведаеце, што крычаць ды ўпікаць мяне, а толкам усё растлумачыць не жадаеце.

– Ну, хопіць, – не вытрымаў стары. – Гэта нічым не скончыцца. Здаецца, вы гатовая каго хочаш перамагчы ў спрэчках, мадэмуазэль Барбара. Вы, верагодна, галодныя, хадземце вячэраць.

Стары павёў Міхала і Басю ў суседні пакой, дзе быў накрыты стол.

– Дарэчы, а як вы трапілі да двара княгіні Радзівіл? – пацікавіўся стары ў дзяўчынкі.

– Разумееце, мы з Міхалам неяк выязджалі за горад, яшчэ ў Вільні, і, калі вярталіся дадому, да нас прычапіўся паляк, Годыеўскі. Ён… – Бася не ведала, як лепш сказаць. – Ну, карацей, ён здагадаўся, што я не хлопчык. А Міхал мусіў ехаць, і мы не прыдумалі нічога лепшага за тое, каб пакінуць мяне пад аховай княгіні.

Стары занепакоіўся:

– Гэта вельмі небяспечна! Зараз такі час, што кожны можа быць абылганы і пацярпець ад несправядлівых паклёпаў. Таму, прашу вас, будзьце вельмі асцярожныя. І ўратуй вас Божа спрабаваць нешта зменьваць ці прадказваць камусьці будучыню! – стары пільна паглядзеў на Басю.

«Цікава, як ён даведаўся», – падумала дзяўчынка і заёрзала на лаўцы: ёй раптам зрабілася надта няёмка.

– Якое глупства! Вы ж самі казалі, што нельга ўмешвацца ў падзеі мінулага, – проста прамовіла яна.

Стары з палёгкай уздыхнуў, і дзяўчынка адразу зразумела, што ён нічога не ведае пра яе рэпутацыю вяшчухі.