– Ну, а мабыць, усё ж такі магчыма неяк папярэдзіць вялікую княгіню? Што, калі атрымаецца ўратаваць яе? – нясмела спытала Бася.
– Не, на жаль, нічога нельга зрабіць. І не такія людзі, як вы, спрабавалі нешта прадухіліць, – строга сказаў стары. – Я тут ужо не ўпершыню, але як хто ні спрабаваў змяніць ход падзей, раней ці пазней усё адбывалася сваёй чарадой, толькі кожны раз нашмат жахлівей, пакутавала ўсё больш ды больш бязвінных людзей. І ў першую чаргу арыштоўвалі тых, хто сваімі неасцярожнымі словамі ці ўчынкамі прыцягваў да сябе непажаданую ўвагу. Вы павінны быць вельмі абачлівыя, намагайцеся не вылучацца сярод іншых. Не прыцягвайце да сябе ўвагі, мадэмуазэль.
– Ага, дык значыцца, іншым можна змяняць будучыню, а мне нават і паспрабаваць нельга?
– Вы што ж, зусім мяне не слухаеце? Вы яшчэ і няўважлівая, даражэнькая! Я толькі што патлумачыў, наколькі гэта ўсё небяспечна, а вы задаеце мне такія пытанні! Ах, уся надзея толькі на вас, малады чалавек, – звярнуўся стары да Міхала. – З такім авантурным характарам за мадэмуазэль трэба сачыць пільным вокам!
– Ды годзе, я ўсё чула, проста ў мінулы раз вы казалі, што любы неасцярожны крок – і гісторыя можа сур’ёзна пацярпець, а зараз гаворыце, што многія нешта зменьваюць, – расчаравана прамовіла Бася. – Пачакайце, вы казалі, што тут ужо не ўпершыню. Дык значыцца, з дапамогай люстраў можна трапляць у адзін і той жа час колькі хочаш разоў?
– Людзі, якія маюць дастаткова досведу, могуць шмат. Але вам ведаць гэта зусім неабавязкова.
– Ну вось, заўжды вы аб чымсьці пачнеце казаць, а распавесці падрабязна адмаўляецеся. Толькі цікаўнасць распальваеце! – з дакорам сказала дзяўчынка.
– Ужо надта позна, вам трэба ісці дадому адпачываць.
– Увесь час вы адыходзіце ад тэмы! Стары толькі пакруціў галавой.
– Верагодна, калісьці я і адкажу на вашыя пытанні, але не сёння. У рэшце рэшт, мадэмуазэль, майце сумленне – я стары чалавек, мне патрэбны адпачынак! Дый вам ужо час ісці.
Стары развітаўся з Басяй і Міхалам, правёўшы іх да дзвярэй. Яны бадзёра крочылі па вуліцы і, не звяртаючы ўвагі на рэдкіх мінакоў, гучна размаўлялі.
– Ты чуў, як ён назваў мяне легкадумным дзяўчом? – абуралася Бася. – Толькі падумай, сам адправіў мяне сюды, а яшчэ кажа, што я нешта не так раблю. Цікава, што бы я тут пабачыла, седзячы ў цябе дома?
– Ну, мабыць, ён мае рацыю ў чымсьці? – папытаўся падтрымаць старога юнак. – Ты ж часам сапраўды бываеш надта цікаўная!
– Што?! Дык ты яшчэ і на яго баку? Здраднік! – усклікнула дзяўчынка і раптам засмяялася. – Шкодны старызна – ён нават не хоча ўсё распавесці! Нібы я камусьці пачну выдаваць яго таямніцы. Што яму ад мяне скрываць? Вось калі б я была на яго месцы, я б не сакрэтнічала, а адказала на ўсе пытанні да апошняй дробязі. Прыкры да жаху! А ты толькі ўяві, як бы гэта было файна – падарожнічаць у часе. Тым больш што можна некалькі разоў вяртацца ў адзін і той жа час ды месца. Ды ад гэтага проста дух захоплівае, праўда, Міхал?
– Ай, Бася, гэта ўсё казкі для малечы! Ну якое падарожжа ў часе?
– Ну я ж тут! Я гэтаму, можна сказаць, рэчавы доказ! А ўяві, калі аб’яднаць нашы веды, тваю моц і мае вынаходлівасць і хітрасць…
– О, вось у чым, у чым, а ў хітрасці табе не адмовіш! Гэта твая галоўная якасць! – зарагатаў Міхал.
– Нудны ты! Нават памарыць з табой нельга.
Тут з дзвярэй найбліжэйшага дома вываліўся п’яны чалавек. Ён павярнуўся да Басі і Міхала, прыжмурыўся і, ашчэрыўшыся, прамовіў нецвярозым языком:
– Якая сустрэча! Ну трэба ж – Саколіч! Ды не адзін, а са сваёй… – Годыеўскі пахіснуўся і ледзь не ўпаў.
– Саступі з дарогі! – рэзка сказаў юнак, засланіўшы сабою Басю.
– А я не саступлю – Паляк агідна пагразіў пальцам і раптам выхапіў з похваў меч.
Бася ўскрыкнула, але Міхал не збянтэжыўся – і ў яго руках таксама бліснула зброя.
– Годыеўскі, у апошні раз кажу табе – саступі!
Замест адказу лях зрабіў выпад у бок Міхала. Бася адскочыла, а юнак паспеў адбіць удар. Годыеўскі зноў кінуўся да яго.
– Спыніцеся! Зараз жа спыніцеся! – закрычала дзяўчынка.
– Ды ўціхамір ты сваю дзеўку! – прабрахаў паляк.
Ад такой нечуванай грубасці Міхал з лютасцю кінуўся на супраціўніка. Той, абараняючыся, спатыкнуўся і сеў на зямлю, п’яна трасучы галавой. Міхал апусціў зброю і аглянуўся на Басю. Годыеўскі ўскінуў меч і, недарэчна размахваючы ім, зачапіў руку юнака. Той ускрыкнуў ад болю. На рукаве пачала праступаць цёмная пляма. Бася на імгненне анямела ад жаху, але ў наступную секунду з адчаем кінулася на ворага. Яна нічога не паспела зрабіць, пачуўся тупат некалькіх пар ног – варта, якая абыходзіла начны горад, прыбегла на крыкі. Убачыўшы іх, лях неяк узняўся і, хістаючыся, знік у цемры. Вартаўнікі звярнуліся да Міхала: