Выбрать главу

– Хлусня! Я толькі сказала, што ў мяне баляць ногі, а ты пачала лаяцца! – апраўдвалася тая.

– Зараз жа сціхніце! Учынілі тут немаведама што, – упікнула іх Бася. – Як можна!

– Ой, зірніце, а нашыя месцы! – раптам усклікнула Ануся. Паненкі павярнуліся. Выявілася, што, пакуль яны сварыліся, натоўп, які з кожнай хвілінай павялічваўся, выціснуў іх амаль не да самага краю Сабора, адкуль зусім нічога нельга было ўбачыць.

– А я казала! Я ж ведала, што так яно і будзе, – тонам вяшчухі сказала Крысціна.

– Як жа! Калі б ты не пачала на мяне крычаць і лаяцца… – з’едліва заўважыла Зося.

– Ды вы абедзве вінаватыя!!! – раптам ускінулася Ануся. – Усё з-за вас! Я, мабыць, марыла на свае вочы ўсё ўбачыць, а вы…

– Ды цішэй вы! – узмалілася Бася, якая ўжо не магла больш трываць такую некультурнасць з боку сябровак.

Яна прыўзнялася на дыбачкі і паспрабавала хаця штосьці разглядзець. Усе запрошаныя на каранацыю ўжо пазбіраліся, і цырымонія мусіла вось-вось пачацца. Галоўныя дзверы Сабора расчыніліся, і па рэакцыі людзей, якія сталі кланяцца, Бася здагадалася, што ўвайшлі вялікая княгіня Барбара і кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст. Дзяўчынка падскочыла на месцы, але нават такім чынам нічога не здолела ўбачыць. Яна азірнулася на сябровак, якія ўсё яшчэ працягвалі шэптам перакідвацца лаянкай, і зразумела, што ад іх не дачакацца ніякай дапамогі. Ёй надта моцна карцела на ўласныя вочы ўбачыць падзею, пра якую яна столькі чытала, каб траціць хаця б хвіліну. Бася зноў прыўзнялася на дыбачкі, каб паглядзець, куды можна прабрацца, і раптам убачыла Міхала, якога натоўп гэтак жа, як і яе, адціснуў у кут, але рост юнака дазваляў яму сачыць за тым, што рабілася. Бася, просячы выбачэння на кожным кроку, стала працісквацца да сябра.

– Міхал! – паклікала яна, урэшце прапіхнуўшыся да яго.

– Баська, а я думаў, ты з сяброўкамі.

– Ды ну іх! – забурчала дзяўчынка. – З-за іх нас выціснулі да самага краю. Нават не бачна нічога.

– А-а-а… – зразумела працягнуў Міхал. – Ну, не хвалюйся, тут таксама не надта бачна.

– Ну як жа! – засумнявалася Бася. – Не тлумі галавы, ты ўсё бачыш.

Юнак няпэўна крутануў галавой і накіраваў позірк да алтара, дзе адбывалася цырымонія. Дзяўчынка зноў паспрабавала ўзняцца на дыбачкі, але і адсюль нічога не ўбачыла. Біскуп чытаў прамову на лаціне, а па Саборы раз-пораз праходзіў тлум: большасць з тых, хто стаяў на адлегласці, аб чымсьці перагаворваліся ды вялі свецкія размовы. Здагадацца, што робіцца, нельга было нават з пачутага.

– Ты разумееш, пра што ён кажа? – спытала дзяўчынка Міхала.

– Ну, ён чытае малітву.

– Аб чым?

– Я табе што, пераказваць буду? Тым больш што ён чытае на лаціне!

– Але ты ж вучыўся ва ўніверсітэце, там усё на лаціне, сам казаў. Ты павінен разумець!

Юнак незадаволена насупіў бровы.

– Ага, значыцца, так і вучыўся, – едка заўважыла Бася.

– Добра я вучыўся! – запярэчыў Міхал.

– Тады перакладай! – не адчэплівалася дзяўчынка. Міхал асуджана ўздыхнуў:

– Ну, біскуп славіць Пана Бога, караля, Польшчу, зараз будуць уводзіць вялікую княгіню ў каралевы.

– Дык зараз жа самае цікавае будзе!!!

Бася паспрабавала падскочыць на месцы, але зноў ёй не давялося нічога ўбачыць. Зусім засмучаная такой няўдачай, дзяўчынка раптам заўважыла, што стаіць побач з выступам у сцяне.

– Міхал, – пацягнула яна за рукаў юнака, – падсадзі мяне, калі ласка.

– Куды?

– Ну вось, глядзі: бачыш, які выступ добранькі?

– Мабыць, мне яшчэ цябе на плечы пасадзіць?! Бася, трымай сябе прыстойна. Мы ж усё-такі ў Саборы.

– Ну Міхалачак! Ты ж ведаеш, як мне хочацца паглядзець! Ну падсадзі мяне, калі ласка!

Міхал азірнуўся па баках і, падхапіўшы Басю пад пахі, паставіў на вузкі выступ.

– Задаволеная?

– Ага! – усклікнула Бася, нахабна абапёршыся локцем на плячо Міхала.

Зараз яна ўсё выдатна бачыла. Вялікая княгіня, схіліўшы галаву, стаяла каленамі на аксамітнай падушачцы перад біскупам. Яна была ў надзвычайна прыгожай сукні і доўгай гарнастаевай мантыі з пурпурнай падшэўкай. Побач стаяў кароль.

Людзі, якія знаходзіліся перад Басяй і Міхалам, пачалі паварочвацца і пытацца ў дзяўчынкі аб тым, што адбываецца перад алтаром. Задаволеная сваёй папулярнасцю, Бася пачала ва ўсіх фарбах апісваць цырымонію.

– Там збоку на барвовай падушачцы з залатымі кутасікамі ляжыць карона. Так… Вось кароль бярэ яе ў рукі… – каментавала Бася.

Міхал не вытрымаў такога бязладдзя і, схапіўшы дзяўчынку за крыссе сукні, сцягнуў уніз.

– Ты што зрабіў?! Я ж самае галоўнае не ўбачыла! – абурылася Бася.

– Хопіць ганьбіць мяне! Усе ўжо сталі глядзець на цябе. Ты б яшчэ да самага алтара выскачыла!