А возера Нарач, прыгледзьцеся, сваімі абрысамі сапраўды нагадвае сэрца. Ці то Галінчына, ці то Васількова, але – добрае чалавечае сэрца. А мо гэта сэрца нашай з табой маці-Беларусі?
Народжанае ад чароўнага люстэрка, і само возера Нарач з’яўляецца чароўным. Яно не толькі лечыць, загартоўвае людзей, але духоўна ўзвышае і натхняе іх. Нездарма нарачанскія ваколіцы сталі найпершым беларускім курортам. Калі давядзецца табе трапіць на ўзбярэжжа нашага беларускага мора, плошча якога каля 90 квадратных кіламетарў, а найбольшая глыбіня амаль 25 метраў, прыслухайся, і ты пачуеш, як пра ўсё гэта захоплена расказваюць салаўі і шпакі, дзятлы і сініцы. Асабліва лебедзі-шыпуны, малыя крачкі, скапы, малыя паганкі, якія водзяцца толькі на Нарачы.
Як замілавана прызнаюцца ў зачараванасці гэтым краем загарэлыя сосны і вечназялёныя елкі, дрыготкалістыя асіны і шумныя бярозы. Як прамяністай шматколернасцю вабна ірдзеюцца чарніцы і брусніцы, журавіны і маліны, каліна і суніцы.
Як іскрыстай неўтаймоўнасцюю выяўляюць сваю радасць акуні і плоткі, шчупакі і ліні, мянтузы і амурскія сазаны, сярэбраныя карасі і сігі. Не злічыць усіх назваў рыбы, што водзіцца ў Нарачы.
А таўсматы, але непадатлівы на ловы вугор і наогул сапраўдным гаспадаром пачуваецца. Ледзь не забыўся ён, што прарадзіма ягоная ажно ў Саргасавым моры, ля цёплага цячэння Гальфстрым. Жыве вугор да 25 гадоў, дасягае да паўтара метра, важыць да 6 кілаграмаў.
Але дзе б ні знаходзіліся вугры, калі мінае 10 гадоў, яны абавязкова кіруюцца да Бермудскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Многія тысячы кіламетраў пераадольваюць толькі дзеля таго, каб даць жыццё сваім шматмільённым ікрынкам-дзецям. Дарослы вугор пасля нерасту гіне. А мацярынскія навыкі, настойлівасць і ўпартасць, кліч продкаў перадаюцца нованароджаным вугранятам. Каб праз 10 гадоў яны паўтарылі шлях бацькоў дзеля захавання і прадаўжэння роду вугровага.
Дабірацца да Саргасава мора нарачанскім вуграм складана. Там, дзе няма рэк, яны перамяшчаюцца па густой начной расе, якая шчодра атуляе паплавы і лугі. Пасля маладзенькія вугорчыкі тым самым нялёгкім і небяспечным шляхам дабіраюцца да Нарачы. На гэта траціцца каля трох гадоў. Чым не сведчанне цеснай знітаванасці і паяднанасці беларускай Нарачы з далёкім светам!
Калі зірнуць на карту, то абрысы Беларусі нагадваюць кляновы лісток. А на ім празрыстай расінкай блішчыць Нарач. Яна, як надзейнае і дужае сэрца Беларусі, заўсёды б’ецца рытмічна і зладжана, суладна з сэрцамі руплівых і дбайных гаспадароў свайго лёсу і сваёй краіны, спаконвечных насельнікаў беларускай зямлі, якая люстэркамі-азёрамі стасуецца з сусветам і мае праз гэта Божае апекаванне. А ў чароўнай кропельцы-Нарачы адбіваецца ўвесь сусвет.
ПАДВОДНАЯ ЛОДКА КАЗІМІРА ЧАРНОЎСКАГА
Ішла восень 1829 года. Расійскі імператар Мікалай І усё яшчэ не мог забыцца пра паўстанне дзекабрыстаў 14 снежня 1825 года на Сенацкай плошчы расійскай сталіцы. Даўно ў турмах, цытадэлях і крэпасцях, на вечнай высылцы і катарзе “вучацца жыццю”яго ўдзельнікі, кіраўнікі ж пакараны смерцю. Аднак час ад часу на стол цара кладуцца лісты вязняў з просьбай выбавіць з няволі.
Беручы ў рукі зварот 38-гадовага мінскага двараніна Казіміра Чарноўскага, Мікалай І спадзяваўся ўбачыць гэткую ж просьбу, бо пасланне было адпраўлена з турэмнай камеры Петрапаўлаўскай цытадэлі. Але нечаканым аказаўся змест. Вязень пісаў пра сваё незвычайнае вынаходства.
“У 1825 годзе я вынайшаў падводны карабель. Калі будзе неабходны матэрыял і дастатковая колькасць рабочых і патрэбных людзей, за 40 дзён магу збудаваць падводную лодку даўжынёй некалькі сажняў, у якой можна плаваць пад вадой, апускацца на марское дно…”
Турэмны вынаходнік добра ведаў, што ўвесь расійскі флот, у тым ліку ваенны, дагэтуль з’яўляецца драўляным. І тым не менш раіў збудаваць лодку для падводнага плавання з металу. Ён даказваў, што лодка здолее плаваць як на паверхні мораў пад ветразямі, так і з выкарыстаннем вёслаў пад вадой. Можа быць карыснай нават для збірання на дне рознай марской жыўнасці, жамчужын...
Цар чытаў далей: “І ў вайсковых мэтах яна будзе мець карысць, бо можна будзе пад вадой падплыць пад варожыя караблі і знішчыць іх альбо рабіць вылазкі ў нечаканых для непрыяцеля месцах…”
Хто ж ён – гэты дзіўны вынаходнік?