Зусім апраўдана і справядліва “славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў” Мікола Гусоўскі. А разам з ім і ўсім тым, хто дбаў, дбае і дбацьме пра сваіх людзей і свой край, пра роўны і варты яго дзяржаўны пасад між народамі. І гэты край Мікола Гусоўскі назваў коратка і выключна дакладна -- краем, “дзе пачатак пачаткаў сэнсу жыцця і пачуцця святога – радзіма”.
Паэт рэзка выступаў супраць усяго ненатуральнага, звыродлівага, прыкрага, што здаралася на велікакняскіх землях, супраць чалавечага неразумення і непаразумення. Таму і біў “у сваё звонкае слова”, узбройваў “народы супраць разбою”, супраць тых, “чыёю злачыннай рукою губяцца сувязі братнія”, каго “непакоіць… сверб панавання”. Таму і ўзвышаў сваё гучнае слова супраць тых, “хто вострыць мячы пастаянна… на суседа”, супраць братазабойства, грызні, міжусобных войнаў, бо “б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы”. Усхваляваныя радкі прысвячае аўтар асуджэнню гэткіх разбояў, бо разумее і ўсёй сваёй паэмай адказвае: плён мае дабро, пасеянае ў душах людзей, яно і праз вякі прарастае дабрынёй, спрыяннем, годнасцю, што ўзвышае чалавека ў чалавеку.
Квінтэсэнцыя ўсіх паэтычных памкненняў і разваг гучыць у заключнай частцы паэмы, у цнатлівым і трымцівым звароце-маленні да “Боскай маці, прачыстай дзевы Марыі”. Праніклівыя і прачулыя радкі нагадваюць плач Яраслаўны са славутага “Слова пра паход Ігаравы”. Гэта шчымліва-шчырая малітва паэта за наш край, за яго людзей, за мірнае і вартае жыццё.
КРЫЖ ЛЬВА САПЕГІ
Беларуская гісторыя, як чароўная і скупая фея, беражна ахоўвае і ашчадна выдаткоўвае свае таямніцы. Не кожнаму адчыняе яна чарадзейны куфэрак. А ў ім багаццяў – лічыць не злічыць. Ёсць такія напаўзабытыя старонкі і ў жыцці знакамітага дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі. Ураджэнец вёскі Астроўна Віцебскага павета быў у Вялікім княстве Літоўскім вялікім канцлерам – другім чалавекам пасля вялікага князя ў тагачаснай дзяржаве.
А яшчэ ён выконваў абавязкі вялікага гетмана, узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года. Адрэдагаваў яго тэкст, фінансаваў выданне гэтага непераўзыдзенага ў сярэднявечнай Еўропе юрыдычнага дакумента. Быў і дыпламатам, і ваяром, і культурным дзеячам. І, вядома ж, Сапега быў адным з багацейшых тагачасных магнатаў. Аднак багацці траціў разумна, дзеля карысці свайго народа. Яшчэ і дагэтуль існуе школа, да заснавання якой далучыўся Леў Сапега. Гэта адна са старэйшых на беларускай зямлі Іказненская школа, што ў Браслаўскім раёне.
Дапамагаў Сапега многім цэрквам і манастырам. Напрыклад, Жыровіцкай царкве ён ахвяраваў багата аздобленае рукапіснае Евангелле. Але найбольшую цікавасць уяўляе факт уфундавання вялікага напрастольнага крыжа для Чарэйскага манастыра. Гэтая святыня ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Крыж Льва Сапегі 1596 года”. Сапегаў падарунак не толькі меў асаблівае значэнне для гісторыі краю і ўмацавання ў ім праваслаўя, але ўяўляў бясспрэчную гісторыка-культурную каштоўнасць.
Чарэйскі манастыр быў заснаваны ў 1454 годзе Чарэйска-Лукомскім князем Міхаілам Пяструцкім, які з’яўляўся смаленскім епіскапам, а пасля кіеўскім мітрапалітам. Гэта праз 200 гадоў пацвердзіў у даравальнай грамаце і Леў Сапега, да якога пазней перайшло Лукомскае княства.
Чарэя была напачатку буйным маёнткам Лукомскага княства, якое ў другой палове ХVІІ стагоддзя ўвайшло ў Аршанскі павет, а пазней стала мястэчкам Сенненскага павета. Цяпер гэта вёска ў Чашніцкім раёне. Надзел князёў Лукомскіх не раз быў разбураны і знішчаны. Гэткі ж лёс выпаў і на долю Чарэйскага манастыра.
Пасля смерці заснавальніка манастыр на 250 гадоў перайшоў пад апеку роду Сапегаў. Калі яго ўласнікам стаў Леў Іванавіч, там былі толькі драўляныя пабудовы “для старцев и стариц». Сапега збудаваў каменны манастыр і храм. Узвёў іх на востраве, які знаходзіўся на возеры Галаўля. Фундатар аддаў яму сады і агароды на востраве, фальварак з ворнай зямлёй. Усё гэта Сапега зацвердзіў спецыяльнай Даравальнай граматай, у якой засведчыў сваё і нашчадкаў права патранату над манастырамі і паабяцаў захоўваць там толькі “грэцкую веру”, а ігуменаў выбіраць толькі “закону грэцкага”.
Аднак на самым пачатку 1600-х гадоў больш як на два стагоддзі Чарэйскі манастыр стаў уніяцкім. І толькі ў 1834 годзе святыня была вернута праваслаўным вернікам. Праз усё жыццё Леў Сапега рабіў для царквы і манастыра шчодрыя ахвяраванні. Вяртаючыся з ваенных паходаў, перадаваў сюды захопленыя трафеі -- абразы, царкоўны посуд, іншыя культавы рэчы.