Выбрать главу

Так да самай раніцы і не ўдалося яму змружыць вачэй. Ён сядзеў каля хворай, трымаючы на яе гарачым ілбе далонь. Толькі гэта і памагала, толькі тады дзяўчынка пачынала дыхаць раўней. Нарэшце пад раніцу яна супакоілася. Жар спаў. Лоб быў мокры, але зусім не гарачы. Усё адно Крушынскі цяпер не мог паверыць, што гэта сапраўднае выздараўленне. Дужа крохкім, кволым, ненадзейным яно было. Гарачка магла ў любы час вярнуцца.

Калі за вакном ледзь-ледзь развіднела, Крушынскі нацягнуў на сябе джынсы, світэр. З шафы дастаў новую скураную куртку і высокія, з тоўстай падэшваю чаравікі. Паклаў іх у сумку. На галаву не стаў адзяваць нічога, толькі прычасаўся без люстэрка.

З двара прымкнуў хату, але такім чынам, што калі піхнуць з сярэдзіны, дык замок спадзе. Стаў на лыжы. Радасны сабака сабраўся быў з ім. Крушынскі крыкнуў на яго, нават нямоцна перацягнуў лыжнай палкаю. І Барс застаўся ў двары, тужліва гледзячы гаспадару ўслед.

А той слізгаў лясной дарогай ў бок шашы. Сёння не было завірухі, але не было і сонца, проста пахмурна і здорава. Марознае паветра студзіла галаву. Адразу прапала санлівасць. Фізічны рух адначасова разганяў і тлумныя думкі. Усё будзе добра! Павінна быць добра. Цяпер трэба толькі, каб яму крышку пашэнціла.

Час ад часу ён спыняўся і правяраў палкаю глыбіню снегу на дарозе. Пад снегам была мёрзлая цвярдыня. Гэта радавала яго.

Каля самай шашы ён выгледзеў густы куст ядлоўцу. Схаваў у яго лыжы. Стоячы, пераабуўся ў «гарадскія» чаравікі, сумку са старымі павесіў у тым жа кусце на сучку. Захінуў галінамі і выйшаў на дарогу.

Шаша была пустая, адно пазёмка гуляла па ёй. Цяпер ад Крушынскага ўжо нічога не залежала. Можна спакойна курыць і чакаць. І спадзявацца на ўдачу. Канечне, мала верагодна, што такога падазронага барадатага пасажыра, які стаіць на пустой шашы сярод лесу, кінуцца наперабой падбіраць «папуткі».

Алё яму і праўда сёння шэнціла. Першая ж машына аказалася міжгароднім рэйсавым аўтобусам. Крушынскі падняў руку. Чатыры габарытныя фары наблізіліся, асляпілі яго і пранесліся побач, абдаўшы яго халодным ветрам. Крушынскі пабег услед. Аўтобус звярнуў на ўзбочыну і спыніўся.

Неўзабаве Крушынскі сядзеў у цёплым, цёмным, амаль пустым салоне. Аўтобус з кожным кіламетрам набліжаў яго да Мінска. Прымхлівы, як і большасць мужчын, што пабывалі на вайне, Крушынскі па-дзіцячы радаваўся сваёй удачы: ад таго, як пачнецца дзень, думалася яму, будзе залежаць і тое, як ён пройдзе.

Раздзел VII

Горад. — Незгаворлівы прыватнік. — Крушынскі «выбівае» пазыкі. — Не так гэта проста. — Даўжнік. — Жанчына з хлопчыкам. — Шчодрасць Крушынскага. — Зноў нерваванне.

Аўтобус падруліў да Усходняга вакзала. У Мінску развідневала, патухалі ліхтары.

Крушынскі выйшаў на перон і паглядзеў на гадзіннік. Было сем раніцы. Ён падняўся на другі паверх. У буфеце купіў кавы, хаця кавай тое, што яму падалі, назваць было цяжка. Светлы прытарны салодкі напой, які так нагадваў армейшчыну! Толькі два глыткі і зрабіў Крушынскі, і з прыкрасцю адсунуў шклянку.

Трэба дзейнічаць — дарма што рана! Трэба даставаць грошы. Ён выцягнуў з кішэні паперку і падышоў да таксафона, прыкрытага пластыкавай накрыўкай-паўкругам. Пакуль набіраў нумар, барада шоргала аб халодную стылую трубку. На тым канцы доўга не адказвалі, ён з рашучай упартасцю націскаў на кнопку паўтору. Калі ж у трубцы нарэшце шчоўкнула і сонны сярдзіты голас абазваўся:

— Алё! — Крушынскі, ні слова не кажучы, трубку павесіў. «Кліент» быў дома, гэта адзінае, што яму трэба было ведаць.

Ён выйшаў на перон. Машын на стаянцы было больш штук пятнаццаць, і каля кожнай стаў, пакручваючы ключы на пальцы, дзяцюк.

— Таксі бярэм!

— Куды трэба, малады чалавек?

Барадаты «малады чалавек» не звяртаў на прапановы ўвагі. Іншамаркі яго не цікавілі. Спыніўся ён каля чырвонага брудненькага «масквіча». Вадзіцель сядзеў у машыне. Крушынскі расчыніў дзверцы і моўчкі бухнуўся на пярэдняе сядзенне.

— Куды едзем? — спытаў шафёр, кладучы руку на шарык лапкі перадач.

Гэта быў зусім малады хлопец, з вусікамі, у скураной карычневай куртцы, з нагруднай кішэні якой высоўваўся сотавы тэлефон. Крушынскаму хлопец спадабаўся.

— Барыс, — ён працягнуў руку. Хлопец не адразу паціснуў яе.

— Стась, — назваўся, памарудзіўшы. Затым дэманстратыўна дастаў з кішэні свой тэлефон. — Але? Я ўзяў пасажыра. Знаходжуся на Усходнім вакзале.

Крушынскі адно пасміхнуўся ад ад гэтай наіўнай перастрахоўкі. Разам з тым крыху і прыкра зрабілася. І што яго так баяцца ўсе? Чым ён выклікае гэтую падазронасць? Барадою? Ці за гэтыя чатыры месяцы адзіноты ён сапраўды так моцна змяніўся, што і ў паходцы яго, і ў паглядзе з'явілася штось дзікаватае?

— Так, Стась, — сказаў ён, — ты мне спатрэбішся сама мала на дзве гадзіны. Атрымаеш сто даляраў.

— Згода. Дык куды паедзем?

— Не ведаю. Трэба падумаць.

— Што за жарты?!

Стась усхапіўся, нават дзверцы расчыніў, нібы збіраючыся клікаць таварышаў на дапамогу.

— Калі ты баішся, ці не верыш мне, я знайду другога, — сказаў Крушынскі.

Падзейнічала. Стась супакоіўся, зачыніў дзверцы. Толькі перапытаў недаверліва:

— Сто даляраў?

— Сто.

— Палову цяпер! — рашуча запатрабаваў Стась.

— Цяпер у мяне няма ніводнага беларускага рубля, не тое што даляраў.

Вочы ў Стася зрабіліся крулымі.

— Так! Давай, дзядзька, з машыны!

— Стась, калі ў мяне няма грошай з сабою, — цярпліва пачаў тлумачыць Крушынскі, — гэта не значыць, што іх не будзе праз дзесяць хвілін. Мне вінаватыя. Мы пад'едзем і забярэм пазыку. Я разлічуся з табою. Што тут незразумелага?

— А калі ты падманіш? Пойдзеш і не вернешся?

— Вярнуся.

— А калі ён табе нічога не дасць?

— Паедзем у іншае месца. І вось што, Стась. Я першы раз у жыцці бачу такога чалавека. Цябе так часта падманвалі? Як ты жывеш, нікому не верачы?

Стась маўчаў. Пальцы яго нервова барабанілі па рулі.

— Калі я не змагу раздабыць грошы, ты застанешся ні з чым, — дадаў Крушынскі, якога самаго пачало ўжо стамляць гэтае ўламванне.

— Называй адрас! — згадзіўся нарэшце шафёр. Аднак не паспела машына крануцца з месца, як раптам зноў спынілася.

— Пачакай — можна ж прасцей! Навошта бензін дарма паліць? На, пазвані яму, спытай, ці аддасць, — Стась працягнуў Крушынскаму тэлефон.

— Дзівак ты. Хіба ж такія рэчы так робяцца? Не паспею я яму пазваніць, як яго і след прастыне. Тут знянацку трэба. Галоўнае, я ведаю, што ён цяпер дома.

— Лагічна, — не мог не згадзіцца Стась. Хвілін праз дзесяць «масквічок», паблукаўшы крыху па брудных і калдыбаністых вулічках Чыжоўкі, спыніўся каля старога, але дагледжанага дома. Металічныя дзверы пад'езда зачынены былі на кодавы замок. Крушынскі званіць не стаў, а прыняўся прахаджвацца каля пад'езда ўзад-уперад. Стась заглушыў матор і цярпліва чакаў.

Чакаць давялося нядога. Неўзабаве дзверы расчыніліся. Дзўчынка на ланцужку вяла на шпацыр лупатага маленькага бультэр'ера. Крушынскі прытрымаў нагою дзверы:

— Дзякую! Ключы забыў.

У ліфце падняўся на трэці паверх. Зверху, над дзвярыма кватэры, на яго пазіраў аб'ектыў відэадамафона. Ён націснуў кнопку. Чаканне, чаканне — відаць, там, у кватэры яго разглядалі.

— Адчыні. Гэта Крушынскі, — сказаў ён, папярэджваючы абавязковыя «хто там?», ды «што вам трэба?»

— Барыс, ты? — залабуніў, прапускаючы яго ў аграмадную пярэднюю, мужчына ў адных трусах і ў майцы. Ён быў заспаны і босы. — Дзе ты знік? Што ў цябе за выгляд? Барада. Праходзь, калі ласка, распранайся! Чаго так рана? Што здарылася?

Не адказваючы ні наводнае з гэтага каскаду пытанняў, Крушынскі стаяў у парозе. Ён і не праходзіў і не распранаўся. З дзвярэй цягнула скразняком. Крушынскі прычыніў іх.