Выбрать главу

— Тыдзень, — буркнуў, галавы не падымаючы, Валік. — Нават больш.

— Каму расказвалі, каму хваліліся?

— Нікому! — усклікнулі хлопцы ў адзін голас.

— І пра яе ніхто, акрамя вас, не ведае?!

— Ніхто!

— Ніводзін чалавек больш! Крушынскі задумаўся.

— Калі не хлусіце, — змякчыўся ён голасам, — тады гэта мяняе справу. З падазроных вы аўтаматычна пераходзіце ў разрад проста сведкаў. Дазваляю сесці. Туды, на тапчан.

Цім з Валікам прымасціліся з краю, плячо да пляча. Віка з палёгкаю выдыхнула.

— Паселі, як вераб'і! — нават асмелілася пажартаваць яна.

— А ты памаўчы, — сказаў Крушынскі. — з табой яшчэ будзе размова. Асобная. І так, хлопцы! Давайце цяпер сур'ёзна. Я сёння, вось зараз, хачу паставіць на ўсім гэтам кропку. Мне надакучыла гэта. Пагадзіцеся, не дужа прыемна жыць пад увесьчасным наглядам. Ведаючы, што за табою сочаць. Што вам з мяне трэба? Што вас цікавіць? Абяцаю расказаць вам усё.

Віка слухала, затаіўшы дыханне. Нарэшце! Вось ён, даўно чаканы момант!

— Але ў мяне ёсць умова, — працягваў Крушынскі. — Вы павінны маўчаць і надалей. Таму што тайна, якую пачуеце, тычыцца не аднаго мяне. Гэта. дзяржаўная тайна. Згода?

Хлопцы пераглянуліся. Вочы ў іх гарэлі.

— Згода!

— Абяцаем, клянёмся!..

— Тады спачатку я хачу паслухаць вас. Дарэчы, заадно і пазнаёмімся.

Хлопцы не паспелі адкрыць раты, як іх апярэдзіла Віка:

— Гэта Цім, злева — Валік!

— Не паказвай на людзей пальцам, — заўважыў ёй Крушынскі. — Мяне можаце зваць дзядзька Барыс. Дык хто я такі, па-вашаму? Хто пачне?

Валік штурхнуў Ціма плячом. Той ветліва, у кулак, адкашляўся.

— Спачатку мы (зноў штуршок плячом)… ну, адзін я. думаў, што вы.

— Смялей, смялей! — падбадзёрваў Крушынскі.

— Што вы — злачынец… Што хаваецеся тут, у лесе, ад пераследу.

— Так, так, разумею. А потым?

— А потым, — цяпер Валік заспяшаўся гаварыць, — мы зразумелі, што тут нейкая тайна! Вы выконваеце важнае дзяржаўнае даручэнне!

— Словам, я — агент спецслужбаў?

— Так, — адказаў Валік.

Віка слухала разявіўшы рот. Вушам сваім не верыла. Дык вось яно што! Як яна адразу не здагадалася?!

— Можа, нават здагадваецеся, якое заданне я выконваю? — дапытваўся Крушынскі.

— Мы думаем…

— Смялей!

— Мы думаем, што вам даручана знайсці тут, у нашых ваколіцах, месца для ваеннай базы, — нерашуча сказаў Валік.

— Альбо месца для будаўніцтва шахт для запуску ядзерных ракет, — дадаў Цім.

Крушынскі аж сумеўся. Нейкі час вялікімі вачыма пазіраў на хлопчыкаў. Потым прамовіў:

— Значыць, і на нашым пакаленні гэтая мілітарысцкая брыдота не закончылася. Значыць, і вам — з такіх гадоў! — напаўняюць бедныя галовы тым жа самым. Скажыце мне, дзеля Бога! — ускінуўся ён раптам, — навошта нам, «маладой, мірнай» краіне Беларусь ізноў спатрэбіліся ракетныя шахты?! Ваенныя сакрэтныя базы?! З кім мы сабраліся ваяваць? Каму пагражаем кулачкамі?! Калі гэта ўсё скончыцца?!

Здзіўленыя гэтым нечаканым яго маналогам, дзеці маўчалі. Ды яны і не ведалі, што казаць.

Проста яны не разумелі дарослага Крушынскага.

Раздзел XVI

Крушынскі расказвае пра сябе. — Афганская вайна. — Новы герой — Васіль. — Шкатулка з палаца Аміна. — Чорны жэмчуг. — Хто пра што думае.

Ды Крушынскі і сам хутка астыў. Нібы спахапіўся, што трохі не ў той стэп яго нясе, што крыху не той кантынгент слухачоў у яго, таму і пытанні ягоныя не па адрасе.

— Забудзем пра гэта! Не, хлопцы, не, Віка! Не шукаю я тут месца для ваеннай базы. І не збіраюся будаваць ракетныя шахты. Аднак я здзіўлены. Вы амаль угадалі!

У гэты момант параўнаўся з вакном і заглянуў у яго зыркі сонечны промень. У леснічоўцы зрабілася светла.

Віцы, якая сядзела збоку ад Крушынскага і магла бачыць яго ў профіль, падалося, што ў вачах у таго блукаюць хітрынкі.

— Усё трохі прасцей… Я сапраўды выконваю тут спецзаданне. Магчыма, не менш важнае за вашы ваенныя базы. І з дакументамі ў мяне ўсё ў парадку. Віка можа пацвердзіць. Канечне, я не павінен быў бы расказваць вам гэта! Але раз вы даказалі, што ўмееце трымаць язык за зубамі, і раз ужо я абяцаўся — так і быць, раскажу. Што вы ведаеце пра Афганскую вайну? — спытаў ён раптам.

— Афганскую? Усё ведаем!

— Многа чаго!

Хлопцы загаварылі наперабой.

— У нас два мужчыны ў Вялікай Паляне жывуць, якія там ваявалі!

— І яшчэ адзін загінуў!

— Помнік яму стаіць, на могілках!..

— Усё? — выслухаўшы іх, спытаў Крушынскі.

— Усё.

— Ну што ж, і гэтага нямала. Улічваючы, што вас яшчэ, мабыць, і на свеце не было. калі тая вайна пачалася. Навошта яна ўвогуле была патрэбна? — справа іншая, не пра тое пакуль гаворка. А пра тое, што нам, спецслужбе, — сказаў ён важна, робячы націск на гэтым слове, — таскама работы хапала; у шапку спаць не даводзілася. Былі сярод салдатаў незадаволеныя, былі здраднікі, былі такія, хто трапляў у палон да «душманаў» і іх завярбоўвалі там. Вось імі, у асноўным, і займаліся.

А цяпер уявіце сабе вялізны ваенны шпіталь пад Масквою. У двух карпусах — цяжкапараненыя, што паступаюць сюды з Афганістана. Само сабою, яны нас больш за ўсіх астатніх і цікавілі. Да таго ж зручна было кантраляваць іх. Усе ў адным месцы. Многія месяцамі прыкутыя да ложкаў. Бясконцыя размовы, розныя крамольныя выказванні. Словам, раздолле, прастор, самае шырокае поле дзейнасці для нас, спецслужбаў (Крушынскі яўна злоўжываў паўтарэннем гэтага слова).

Дык вось. У некаторых палатах стаяла апаратура для падслухоўвання. Не ва ўсіх, канечне, і не круглыя суткі мы сядзелі з навушнікамі — такое толькі ў фільмах бывае. Але адна палата нас асабліва зацікавіла. Ляжаў у ёй паранены «афганец». Паранены нават не тое слова. Быў ён без рук, без ног, сляпы — але ж гаварыць мог! Пры жаданні, канечне. Цікавіў ён нас найперш сваім службовым спіскам, а таксама біяграфіяй. Родам з Беларусі, безбацькавіч, з дзіцячага дому. Служыў у спецыяльным дэсантным батальёне, тым самым, які прымаў удзел у штурме палаца кіраўніка Афганістана Аміна яшчэ аж у 1979 годзе; тады ж — гэта вам для агульнага развіцця — у Кабул упершыню і ўвайшлі савецкія танкі. Пачалася вайна. Неўзабаве наш герой патрапляе ў палон да "душманаў". Уцякае адтуль пры самых загадкавых абставінах. Калі яму верыць, з дапамогаю нейкай афганскай дзяўчынкі — акурат як Жылін у «Каўказкім палонніку»; чыталі?

— Не-а.

— Ну, гэта няважна. Неяк ён уцёк, акрамя таго вынёс на сабе хворага знясіленага таварыша. Герой, словам! Аднак і ў герояў свой лёс, і ім не заўсёды шэнціць. Тым больш на вайне, тым больш на «афганскай». Былі ў іх там такія снайперы: падскочыць такі з-за пагорачка, стрэліць у паветры, прыцэльна стрэліць! — і падае. Усё за паўсекунды! І невядома, адкуль стрэл, дзе снайпер? — а наш нежывы ўжо.

Карацей, знайшоўся і на нашага героя свой снайпер. І быў ён, герой, канечне, а не снайпер, у выглядзе абрубка дастаўлены ў падмаскоўны ваенны шпіталь. Усе дактары, ды, відаць, і сам ён, ведалі, што жыць яму ад сілы месяц.

У ваенных шпіталях свая атмасфера. Бяда, калецтва далёка не заўсёды збліжаюць людзей, часцей наадварот, раз'ядноўваюць. З нашым «афганцам» ніхто не хацеў сябраваць. Ды і нас, спецслужбы, ён наўрад ці зацікавіў бы, каб раптам не аб'явіўся ў яго прыяцель. Звалі яго. ну, скажам, Васіль. Таксама пасля службы ў Афгане паранены ў сківіцу і ў руку. Пачынае ён нашага героя даглядаць. Прыбіраць за ім, карміць з лыжачкі. Ці проста таму рабіў ён гэта, што беларус і меў добрую душу, ці. Вось тут мы, спецслужбы, задумаліся! А можа, было ў яго штосьці на розуме? Можа, штосьці хоча ён у нашага абрубка выведаць?

— А што… ў яго можна выведаць?! — выкрыкнуў у нецярпенні Цім.

— Не перабівай! — цыкнула Віка.

— Аднойчы, — спакойна працягваў Крушынскі (як бы аповесць якую па кніжцы чытаючы), — наш чалавек выпадкова ўключаецца ў палату. І адразу налятае на сюрпрыз! Васіль з «афганцам» адны ў палаце. І «афганец» штосьці ціха расказвае яму. Не ўсё, але сёе-тое нашаму чалавеку ўдаецца запісаць. Але якой важнасці нават гэтае «тое-сеё»!