Выбрать главу

Сапраўдны хрысціянін не павінен баяцца смерці. А я — я не тое, што баюся, а проста не люблю і не хачу яе. Я малады. Я яшчэ не прайшоў таго, можа быць, наканаванага мне шляху, які падвёў бы мяне і тыркнуў, як ілбом у сцяну, у непазбежнасць: збавенне — смерць. Адна яна вырашае ўсе супярэчнасці".

XII

Тралейбусы спыняліся, забіралі пасажыраў і ад'язджалі, а Н. стаяў на прыпынку, каля таксафона, і не кранаўся з месца.

Заставалася адно: цярпець. Змірыцца. Цягаць на сабе свой крыж. "Такі ўрадзіўся", людзі кажуць. Ехаць дамоў, сядаць і атупела глядзець у адну кропку. Хай будзе што будзе.

Нехта, праходзячы блізка, штурхнуў Н. плячом. Нехта, цягнучы за сабою калясачку, брудным колам церануў мыс чаравіка. Усе спяшаліся некуды, гучна размаўлялі.

"І чаму мне гэта? — думаў Н. — Чаму я такі ўрадзіўся?"

Ён ведаў пра сябе, ды і блізкія людзі не раз казалі, што ён па натуры, па характары — добры, цярплівы, "кісель". Але цяпер ён ненавідзеў, ненавідзеў сур'ёзна. Ненавідзеў жыццё за яго супярэчнасці. Сябе — за тое, што гэтыя супярэчнасці так адчувае. Людзей — за тое, што жывуць сярод гэтых супярэчнасцей і радуюцца.

"Вось яны штурхаюць мяне, пэцкаюць чаравікі, а іншыя, ім падобныя, як сланы ў пасуднай лаўцы топчуцца ў маёй душы, у маёй творчасці, — нічога самі не адчуўшы, не перажыўшы! Не разумеючы, што трэба права мець, каб выказаць нават самую банальную, самую агульную ісціну, крывёю і нервамі заплаціць за гэтае права!" — думаў ён, не маючы на ўвазе нікога канкрэтна.

Яму здавалася, само жыццё супраць яго — такога.

XIII

--------

--------

--------

XIV

Нейкі мужчына папрасіў закурыць.

Н. паглядзеў на яго, падумаў і палез ва ўнутраную кішэню курткі. Дастаючы пачак, адчуў, як пад світэрам, у кашулі, зашамацелі білеты. Адзінае, што засталося пасля яе…

І раптам ён аж скалануўся.

Спрактыкаваная "пісьменніцкая" памяць хуценька вярнула яго ў сённяшнюю раніцу, у купэ. Вось прыпухлая пасля сну дзяўчына разглядае білеты. Чаго іх разглядаць? "На, на памяць… Ну, шчасліва!" — "Можа, запішы тэлефон?" — "Навошта?" Няўцямны позірк, усмешка… Дурань, значыла гэтая ўсмешка, навошта мне твой нумар, калі я табе свой запісала?!

Няўжо такая карусель раскруцілася на пустым месцы?!

Ён, знарок няспешна і разам з тым ужо амаль не сумняваючыся, дастаў білеты, разгарнуў, і на адным, з таго боку, дзе ўказваюцца тарыфныя паясы, прачытаў зверху: "Ты милый. Вот только я твоей жены боюсь…" І ўнізе ўбачыў шэсць лічбаў.

Ён адвёў ад білета вочы, каб выпадкова не запомніць гэтыя лічбы, ведаючы, што такое — выпадковае — запамінанне бывае самае моцнае. Тады чыркнуў запальнічкай, падпаліў білет, даў яму добра схапіцца агнём і кінуў у пустую сметніцу.

Потым ён ехаў у тралейбусе. Яму было радасна.

Смешна. Лёгка. Як бывае, калі прачнешся пасля цяжкага, дурнога сну і адчуеш сябе ў рэальным, знаёмым свеце.

1995 г.

Ратан

Гэта штосьці сярэдняе паміж акунём і яршом, з вялікай прадаўгаватай галавою, якая займае прыблізна адну трэць цела. Драпежная, страшэнна пражорлівая рыба — нават малёк памерам з фільтр ад цыгарэты лёгка заглытвае кручок і дае рады пацягнуць ці прытапіць паплавок. Увогуле, лавіць іх — адна асалода: бяруцца ў любое надвор'е, у любы час, не трэба ні асаблівай снасці, ні падкормкі, ні выбару месца — знай закідвай вуду ці донку і выцягвай. У параўнанні з тым жа акунём, асабліва яршом, якіх намучышся пакуль пачысціш, у ратана амаль няма лускі. Мяса ў іх белае, на смак нагадвае шчупаковае, і юшка атрымліваецца — пальчыкі абліжаш, не кожная «сапраўдная» рыба дакажа.

У Беларусі ратан водзіцца не паўсюль. Асабіста я, напрыклад, да мінулага года нават не чуў, што за ён, і ні разу яго не бачыў. Ажно раз акурат насупраць нашага дома ў мінскім раёне Кунцаўшчына, на пустцы, бралі экскаватарамі зямлю для будоўлі, парабілі ямаў, якія запоўніліся вадой, злучыліся — і ўтварылася, на радасць жыхарам блізкіх дамоў, даволі прыстойная, хоць і неглыбокая, сажалка-копанка. Месца там нізкае, лугавое; вельмі хутка яна зарасла паўз берагі травою, сітняком, аерам. Неўзабаве на ёй пасяліліся некалькі сямеек качак-чыранак, якія хутчэй за ўсё і перанеслі з іншых сажалак рыбіную ікру. Само сабою, дзе вада, ды яшчэ, лічы, у самым горадзе, пад бокам, там абавязкова з'явяцца і людзі з вудкамі — «ціхапамешаныя», як называюць іх тыя, хто не любіць і не разумее рыбнай лоўлі.

З вакон майго дома ўся гэтая сажалка-копанка была відаць як на далоні. Зацікавіўшыся, што ж там такое яны ловяць, пайшоў я неяк паглядзець.

Спыніўся каля дзядзькі — сур'ёзнага, спаважнага, ва ўсёй рыбацкай амуніцыі, зусім не падобнага на «ціхапамешанага», — які акурат здымаў з кручка нешта.

— Што вы злавілі?

— А-а, гібрыды нейкія, — махнуў ён рукою, не гледзячы на мяне, нібы яму было крыху сорамна за свой занятак. — Ратанамі мы іх называем, помесь бульдога з насарогам… — І дадаў, апраўдваючыся: — Я іх так лаўлю, для фіззарадкі. А заўтра на Вячу паеду, ці на Мінскае мора — па сапраўдную рыбу!

А вось і памыліўся дзядзька, і я разам з ім, яго паслухаўшы. Не такі гэты ратан просты, як нам здавалася. Напрыклад, у найноўшым, 1997 года выдання Вялікім Акадэмічным Слоўніку можна прачытаць: «Ратан (галавешка) — рыба атрада акунепадобных, даўжыня да 25 сантыметраў. Водзіцца ў басейне Амура і рэках Прыамур'я, завезены выпадкова ў некаторыя вадаёмы Еўропы, часткі Расіі і Сярэдняй Азіі. Аб'ект спартыўнага рыбалоўства».

Яшчэ больш падрабязна ў Вялікай Савецкай Энцыклапедыі: «Галавешка, бычок, травянка, ратан — прэснаводная рыбка сямейства галавешкавых, даўжыня цела да 20 сантыметраў. Афарбоўка вар'іруецца ад светлай да цёмнай; падчас шлюбнага перыяду амаль чорная (адсюль назва — галавешка). Па баках цела цёмна-бурыя плямы няправільнай формы. Распаўсюджаны ў басейнах Сярэдняга і Ніжняга Амура, у вадаёмах паўночна-заходняга Сахаліна і на паўночным усходзе Карэі; сустракаецца ў вадаёмах пад Масквой і Ленінградам, куды была завезена акварыумістамі-аматарамі; аддае перавагу стаячым вадаёмам, корміцца моладдзю рыб, малюскамі, лічынкамі насякомых. Нерастуе ў траўні-ліпені. Ікру адкладае на тонкія сцяблінкі раслінаў, самец аберагае ікру».

Але нават не ўлічваючы такога багатага і цікавага радаводу гэтай рыбкі, не ўлічваючы, што вунь якая яна падарожніца-чужаземка! — ужо за адно тое, колькі радасці ловы яе прыносяць нам, дарослым, а асабліва дзецям, не вартая яна, вядома, нейкай пагарды, не заслугоўвае, каб яе лічылі «несапраўднай», «непаўнацэннай»…

Наступнай раніцаю і я выправіўся на ратанаў.

Стаяла лета, жнівень-месяц, у мяне быў адпачынак, на балконе пылілася двухкаленная прымітыўная бамбукавая вудка, сажалка, паўтаруся, была на пустцы каля самага дома… Чаму б і не выбрацца на ратанаў?

Нягледзячы на ранні час і будні дзень, чалавек колькі ўжо вудзілі. Сярод іх я пазнаў учарашняга дзядзьку, які замест Вячы і Мінскага мора, дзе «сапраўдная» рыба, ізноў апрануты ва ўсё рыбацкае стаяў на тым жа месцы. На маё прывітанне ён не адказаў чамусьці.

Я пайшоў у самы закуток сажалкі, хоць і ведаў, што там мелка і шансаў злавіць штосьці людскае ў мяне мала; затое далей ад усіх. «Прыкарміў» месца размочаным у вадзе батонам, насадзіў самага тлустага чарвяка, закінуў… Паслаў на мокрую ад расы купіну сітняку брызентавую куртку, прысеў… І так дзіўна на душы зрабілася. Вунь мой мінскі дванаццаціпавярховы дом, відаць мае вокны; вунь, збоку, шаша, па якой носяцца машыны, аўтобусны і тралейбусны прыпынкі. А тут, за якіх дзвесці метраў ад шашы — акраец лесу, вада, птушкі цвіркочуць, конікі — не зусім яшчэ прачнуўшыся — пастрыкваюць, трава пасля ночы пахне павясковаму, па-жнівеньску востра…