Як вынікае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна існуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзіва ў святле і перад фактам мнагастайнасці ўражанняў, якія на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглі б зафіксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзіву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця — вы не маглі былі не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Ісусам Назарыцянінам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошніх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмі рады прадставіць іх у Ваша распараджэнне, як толькі яны будуць падрыхтаваныя да публікацыі.
Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымі маімі радкамі, якія Вы пры магчымым новым выданні Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кніжкі, маглі б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагі
Ваш адданы
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem, Israel
12 студзеня 1980
Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!
Ваша пісьмо разам з дадаткамі, дастаўленае ўчора ў мой інстытут, вельмі ўзрадавала мяне, і яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспубліцы, набывае вядомасць далёка за яе межамі і робіць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калі чалавек Вашага рангу і вядомасці актыўна цікавіцца вынікамі нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакіравана і ўсеахопна і яшчэ паслядоўней змагацца супроць усіх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых ілжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнім, калі нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькі праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыі, а пробным каменем ўсякай навукі, як вядома, з'яўляецца практыка.
Я не толькі сам прачытаў Ваш даклад «Агасфер, выдумка і праўда», апублікаваны ў Hebrew Historical Studies, але і выклаў яго сутнасць маім вядучым супрацоўнікам. Таму тое, што я хачу тут напісаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, які выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымі даследчыцкімі распрацоўкамі на ніве навуковага атэізму.
Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабістае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлігійнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як і Ваша ранейшая сустрэча з ім у варшаўскім гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у ліку нямногіх ацалелых здолелі ўцячы праз падземныя галаваломныя лабірынты каналаў. Але, праўда, варта паставіць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамі сведчанняў з ранейшых перыядаў гісторыі пра сустрэчы і розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такія сведчанні, асабліва калі яны афіцыйна не пацверджаны дадатковымі сведчаннямі, наўрад ці могуць разглядацца як навукова вартасныя, і яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш міфалагічны характар. Хоць вы і акрэсліваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як «майго сябра», тым не меней мы хацелі б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якіх Вы прыйшлі ў Вашых даследаваннях.
Праз адсутнасць міждзяржаўных зносінаў дзяржава Ізраіль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублікі; інакш кваліфікаваныя супрацоўнікі Інстытута навуковага атэізму альбо нават сам я асабіста маглі б навочна пераканацца ў прыблізным узросце гера Агасфера. Пры існуючых абставінах актуалізуецца пытанне, ці не маглі б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскім абследаваннем на дагоду ўсім, хто займаецца феноменам.
У сувязі з гэтым прэс-рэферэнт нашага Інстытута, калега д-р Вільгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлівасці да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога ізраільскі ні ў якім разе не можа быць выключаны, ці не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б існаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? І ўсё ж, як нам вядома, нідзе не зарэгістравана ніякага паведамлення пра гера Агасфера, нідзе і ніколі, здаецца, не публікавалася ніводнай фатаграфіі гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, і несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калі б Вы змаглі пазычыць нам яго для выкарыстання.