Выбрать главу

Але ён блукаў вачыма па-над далінамі й вышынямі, над крутымі скаламі, на якіх ляжаў сьнег, і над халупамі й над палацамі, што пазнаваліся ў далечыні, і сказаў сваім ціхім голасам, кажучы: Маё царства ня ёсьць царства ад гэтага сьвету.

Але ж ты можаш пачаць з гэтага, сказаў я, можа, што атрымаецца.

Ён маўчаў.

О, рэбэ Ёшуа, падумаў я, я хачу змагацца з табою, як змагаўся анёл Госпада зь Якавам, і я сказаў, кажучы: Сказана ў прарокаў, што прыйдзе той, які панізіць князёў і судзьдзяў зямных сатрэ ў пыл, быццам і ня сеялі іх і не гадавалі й быццам ня было кораня ў іх камлёў.

Ён узяў мяне за руку, і я адчуў, якая яна ў яго халодная ў разрэджаным паветры над вяршынямі, і ён сказаў: Але прарок таксама кажа: «Ён ня будзе ганіць, і ляманту яго не пачуюць на вуліцах; разьмятую салому ён не зламае й тлеючы кнот не задзьме.»

Рэбэ Ёшуа, адказаў я яму, але ж таксама напісана: «Ён прыйдзе магутна, і яго рука заваладарыць, і яго ёсьць адплата.»

Але ён паківаў галавой і сказаў, кажучы: Але ж не, адкідзень, што зноў пнешся ўгору, бо прарок кажа пра мэсію: «Глядзі, дачка Сіёна, вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны й ратавальны, лагодны, седзячы на асліцы й на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай.»

І вось ахапіў мяне вялікі гнеў, і я адказаў: Такі не павінен дапускаць малако ў збанку да скісаньня. Не, ты ня той, хто там павінен прыйсьці і ўзвысіць усе даліны й ўсе горы й пагоркі панізіць і выраўняць няроўнае; мы павінны будзем чакаць некагась іншага. Але цябе яны возьмуць, і зьняславяць як ілжэцара, яны будуць цябе бічаваць, і ўскладуць на галаву тваю церне й прыб'юць цябе да крыжа, і вісецьмеш, пакуль твая кроў павольна й уся ня сплыве з твайго пяшчотнага цярплівага сэрцайка; ня агнец ёсьць той, хто зьмяняе сьвет, агнца рэжуць.

Агнец, кажа ён, вазьмі віну на сябе.

І вось я пакінуў яго стаяць на холадзе й пайшоў сваёй дарогай. Але ён пасьпяшаўся за мною ўніз па схіле гары, спатыкаючыся, няроўнай хадою, і ўсклікнуў: Не пакідай мяне, бо ў мяне больш нікога няма, і я ведаю, ніводная рука не падымецца за мяне, а ўсе адступяцца ад мяне.

Я стрымаўся ў сабе. А ён, дрыжучы, падышоў з буйнымі кроплямі поту на лобе, і я ўжо каяўся, што адштурхнуў яго ад сябе, і сказаў: Няма ніякай роўнасьці паміж табою і мною, бо я дух, а ты Сын чалавечы. Але я хачу быць з табою, калі яны ўсе пакінуць цябе, і я хачу суцешыць цябе, перш чым прыйдзе твая гадзіна. Каля мяне ты зможаш адпачыць.

Але ён пакінуў пустыню й выправіўся ў Капернаўм да рыбакоў і прапаведаваў народу, што лагодныя дабрашчасьцяцца, бо іх будзе Царства Нябеснае, і што дабрашчасныя таксама й тыя, якія тут галадаюць і прагнуць справядлівасьці, бо яны спатоляцца.

Разьдзел шосты. У якім прафэсару Лёйхтэнтрагеру аўтарытэтна паведамляецца, што мы ў ГДР ня верым у цуды, як і ў рэальнае існаваньне Вечнага Жыда

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

German Democratic Republic

31 студзеня 1980

Многапаважаны, дарагі гер калега!

Сваім пісьмом ад 12 г. м. Вы зрабілі мне надзвычай прыемную неспадзяванку. Я зусім не чакаў, што некалькі маіх заўваг сустрэнуць з Вашага боку такую цікавасць, і мяне перапаўняе зразумелае пачуццё задаволенасці, калі я даведваюся ад Вас, што Вы падключылі да даследавання справы Агасфера ўвесь Ваш калектыў. На жаль, мы ў гэтай вобласці, з пункту гледжання, так бы мовіць, нашай плацёжаздольнасці, вымушаны абыходзіцца больш сціплымі сіламі.

Тым не меней я спяшаюся дастацца на вышыню Вашых прапановаў, наколькі яны дазваляюць быць неадкладна рэалізаванымі. Вы знойдзеце прыкладзеныя ў дадатку тры фотаздымкі. Адзін з іх прадстаўляе гера Агасфера перад будынкам шавецкай майстэрні на вуліцы Віа Далароза-Дарозе Смутку; астатнія дзве выкананы ў традыцыйнай форме, адна en face, відаць правае вуха, і адна ў профіль; гэтыя здымкі паходзяць, каб ужо сказаць пра гэта адразу, не з паліцэйскай картатэкі, хоць былі, каб задаволіць Вашыя магчымыя прэтэнзіі, знятыя паліцэйскім фатографам. Пры больш пільным разглядзе Вы распазнаеце, што зняты несумненна — мужчына з характарам, інтэлігентны, і — звярніце ўвагу на рот і вочы! — валодае пачуццём гумору; дазволю сабе яшчэ зазначыць, што жанчыны праяўляюць да яго неабыякую цікавсць, тым болей, што ён малады.

Далей, і зноў следуючы Вашым пабуджэнням, глыбокапаважаны гер калега, я правёў судова-медыцынскае абследаванне гера Агасфера. Яно было праведзена прафесарам Хаскелем Мейеровічам, кіраўніком Судова-медыцынскага інстытута Яўрэйскага універсітэта; прыкладзеная дакументацыя сведчыць, што абследаваная асоба адпавядае канстытуцыі мужчыны прыкладна сарака гадоў і не носіць на сабе ні слядоў значных цялесных траўмаў, ні прызнакаў хранічных хваробаў. Аналіз крыві даў, праўда, вынікі, якія пабудзілі прафесара Мейеровіча, прыцягнуць да даследавання д-ра Хаіма Бімштэйна з Радыялагічнага інстытута універсітэта. Апошні змог пацвердзіць, што ў крыві абследаванага фактычна знаходзяцца сляды элементаў радыёактыўных рэчываў з перыядам паўраспаду мінімум у дзве тысячы гадоў, што ўказвае на тое, што гер Агасфер можа быць яшчэ старэйшым, чым гэта лічылася дагэтуль, а не беспасрэдна датычыцца часу нараджэння Ісуса з Назарэта. Адзін экземпляр падпісанага абодвума дактарамі заключэння прыкладваецца да матэрыялаў.