Я таксама меў намер напісаць Вам кароценькае паведамленне з апісаннем маіх асабістых назіранняў за падзеямі апошніх дзён у Варшаўскім гета і не толькі таму, што мой сябар Агасфер адыграў у іх пэўную ролю, а таму, што такія факты Вас як грамадзяніна адной з германскіх дзяржаў павінны асабліва крануць. На жаль, альбо лепей сказаць, на маё задавальненне, перашкодзіў у гэтым мой іншы абавязак, менавіта — паездка ў Стамбул, дзе, як Вам напэўна будзе вядома, у былым сералі каліфа знаходзіцца архіў Высокай Порты.
Дзякуючы ласцы куратара, прафесара Кемаля Дэнкташа, мне нарэшце было дазволена папрацаваць у архіве, і я знайшоў там, што даўно ўжо шукаў, а дакладней — дакументацыю аднаго працэсу супроць былога радцы імператара Юліяна Апастаты. Працэс адбыўся a.d. 364 (у 364 г.), праз год пасля гвалтоўнай смерці імператара, і адным з абскаржаных сапраўды быў яўрэй з імем Агасфер. На жаль, пашкоджаны рукапіс утрымлівае ў сабе фрагменты абвінаваўчай прамовы Грэгара Нацыянца, пазнейшага патрыярха Канстанцінопальскага, у якой апошні закідае ў віну Агасферу, што ён «падкопваў Апастату з мэтай прадухілення хваляванняў і перавароту, накіраваных на падрыў царкоўнага і дзяржаўнага ладу як у Рыме, так і ў Царстве Божым, падбухторваў хрысціян да бунту і патрабаваў, каб хрысціянскія біскупы вярнулі ўсё, што яны нарабавалі ў храмах і сінагогах.»
Агасфер меў магчымасць абараняцца; я здолеў, паколькі пергамент у гэтым месцы быў моцна папсаваны, расшыфраваць толькі некалькі фрагментаў з яго выступу, але нават іх толькі часткова. У кожным разе, з расшыфраванага вынікае, што ён нібыта заявіў, быццам Ісус, якога шанавалі хрысціяне, не быў ні сын яўрэйскага бога, ні чаканы яўрэямі месія, а просты равін, прадказальнік і рукапаложнік, адзін з тых, што і сёння займаюцца гэтым, а вучэнне, якое практыкуецца ад яго імя, гэта не што іншае, як малазразумелая мешаніна з таго, што з сябе ўяўлялі самі яўрэі, — гэта даўно асудзілі і адкінулі грэкі. А ён, Агасфер, усё добра ведаў, бо знаў Ісуса асабіста і нібыта сам гутарыў з ім.
Канец дакумента сведчыць наконт пакарання абскаржанага: Агасфер мае быць чвартаваны. Вы і я, паважаны гер калега, згодныя ў тым, што царква на працягу сваёй гісторыі ўчыняла шмат жорсткіх акцый; як і кожная ўгрунтаваная на догмах арганізацыя, яна не даруе нікому, хто хоць у дробязі ставіць пад сумненне яе вучэнне.
Я дапускаю, што вынікі маіх росшукаў у архіве Высокай Порты Вас асабліва зацікавяць, таму што Вы ў Вашай старанна выверанай кніжцы «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» ў раздзеле «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» зазначаеце, што легенда ёсць адносна позняя версія, а імя «Агасфер» наогул узнікае толькі ў сувязі з больш познім імем шлезвігскага суперінтэндэнта Паўля фон Айцэна, пра якого ў некаторых друках пададзены надзвычай сумніўныя звесткі, нібыта ён у студэнцкія гады ў Вітэнбэргу ці непадалёк ад горада сустракаўся з Вечным Жыдам. Гэты Айцэн мне таксама вядомы як пустагаловы славалюбец, але, як м. інш. даказвае мая знаходка ў архіве Высокай Порты, гэта ні ў якім разе не абвяргае ранейшага сведчання на карысць існавання Агасфера.
Чаму, зрэшты, пытаюся я ў сябе, шаноўны гер калега, Вам не пагадзіцца з думкай, што Вечны Жыд мог быць realiter? Калі адно толькі дапусціць, што яго наяўнасць магла б быць натуральным феноменам, як з'ява адразу траціць характар Божага цуду (у хрысціян), што Вы, натуральна, павінны адмаўляць, а значыцца, і не можаце выкарыстоўваць ў якасці доказу боскасці.
Аддаю сябе ў поўнае Ваша распараджэнне што да далейшых даведак, наколькі яны могуць быць Вам прыдатныя, і застаюся з прывітаннямі